“Твой лад жыцця і дыябет”

14 лістапада, у Сусветны дзень барацьбы з цукровым дыябетам, у раёне прайшла акцыя “Твой лад жыцця і дыябет”. З мэтай павышэння інфармаванасці насельніцтва аб фактарах рызыкі і тых выніках, да якіх можа прывесці цукровы дыябет, на цэнтральную вуліцу горада выйшлі валанцёры Чырвонага Крыжа, якія раздавалі жыхарам горада лістоўкі з інфармацыяй аб прафілактыцы захворвання. А на базе цэнтральнай раённай аптэкі працаваў пункт па вызначэнні ўзроўню глюкозы ў крыві, вымярэнні артэрыяльнага ціску, вызначэнні індэксу масы цела і ацэнцы рызыкі развіцця цукровага дыябету.
Тых, хто пажадаў экс­прэс-метадам вызначыць паказчыкі ўзроўню цукру ў крыві, было нямала. Тут жа можна было атрымаць кансультацыю ўрача-тэрапеўта Ірыны Губей.
— У першую чаргу мы стараліся ахапіць абследаваннем менавіта маладую катэгорыю насельніцтва, тых, хто працуе і з-за сваёй занятасці рэдка наведвае паліклініку, бо вельмі важна выявіць дыябет на ранніх стадыях, — заўважыла, распавядаючы пра акцыю, урач-валеолаг райбальніцы Вольга Кава­леўская.
Далёка не ўсе, як адзначала Вольга Рыгораўна, звяртаюць увагу на такія сімптомы, як смага, сухасць у роце, сухасць скуры, боль, паколванне ці мурашкі ў мышцах. А гэта ўсё – падстава звярнуць увагу на стан свайго здароўя, наведацца да ўрача. І самым асноўным дыягнастычным тэстам для выяўлення цукровага дыябету з’яўляецца вызначэнне ўзроўню цукру ў крыві. Што і прапанавалі зрабіць арганізатары акцыі ўсім наведвальнікам аптэкі. Каб вызначыць, ці трапляе чалавек у групу рызыкі захворвання на цукровы дыябет, адначасова праводзіліся вымярэнне артэрыяльнага ціску і падлік індэксу масы цела. Як паказала першая гадзіна акцыі, у большасці тых, хто праходзіў абследаванне, узровень цукру быў у норме (ад 3.3 да 5.5 ммоль/л), а вось праблемы з артэрыяльным ціскам выяўляліся ў кожнага трэцяга.
Увогуле, як падлічана, каля 6 % жыхароў нашай планеты пакутуюць ад такой хваробы, як цукровы дыябет. На ўліку ва ўрача-эндакрынолага раённай паліклінікі знаходзіцца больш за 600 хворых на цукровы дыябет. Але лю­дзей, якія ўжо хварэюць ці толькі трапілі ў групу рызыкі, як канстатуюць медыцынскія спецыялісты, значна больш. Дапамагчы жыхарам горада і раёна своечасова звярнуць увагу на праблемы са здароўем, напомніць, што вельмі многае ў прафілактыцы захворванняў залежыць менавіта ад ладу жыцця, і была заклікана акцыя.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКАХ: у час акцыі “Твой лад жыцця і дыябет”.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 19.11.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.


ここに

www.farm-pump-ua.com

www.13.ua