СТАРТ ДАДЗЕНЫ

На Маларытчыне пачалася ўборка ўраджаю.

На базе СВК “Ляхаўцы” і “Хаціслаўскі” адбыўся раённы семінар, на якім дадзены старт чарговай ўборцы зерневых. Удзел у ім прымалі кіраўнікі сельгасарганізацый, галоўныя аграномы і галоўныя інжынеры, кіраўнікі і спецыялісты абслуговых арганізацый і райсельгасхарчу.
На полі СВК “Ляхаўцы”, дзе на 30 гектарах пасеяны паўцукровыя буракі гатунку “Лада”, удзельнікі семінара змаглі ўвачавідкі пераканацца, як на бедных землях можна вырошчваць добрыя культуры, у прыватнасці, паўцукровыя буракі, калі захоўваць усе патрабаванні сучасных тэхналогій. Сёлета ў гаспадарцы вырашылі адысці ад ручной апрацоўкі пасеваў гэтай культуры. Проста добра заправілі глебу арганікай і мінеральнымі ўгнаеннямі, правялі належ­ную перад­пасяўную апрацоўку яе, выкарысталі 2 групы гербіцыдаў, 4 разы апрацаваўшы імі ўсходы – і вынік відавочны. Ніводнага пустазелля, ніводнай травінкі цяпер на пасевах, а самі караняплоды набіраюць моц. Чысціня на полі ўражвае. Пасевы густыя. Старшыня райвыканкама Казімір Лапіч звяртаў увагу, у прыватнасці, аграномаў на тое, што нярэдка яны не пралічваюць ураджай гушчынёй пасеваў, і ў выніку аказваюцца ў праліках. Ляхавецкі ж  вопыт варты для пераймання.
— Такія палі, як гэтае, — гаварыў Казімір Лапіч, — павінны быць у кожнай гаспадарцы. Сёння ад такой культуры чамусьці адмаўляюцца, але ж  цукар, які ўтрымліваецца ў ёй, — важны элемент у сістэме кармоў, садзейнічае засваяльнасці іх.
Азімы ячмень – культура вельмі капрызная для нашых глебаў. Але ж яна паспявае значна раней, чым іншыя, і менавіта з яе пачалося жніво ў СВК “Хаціслаўскі”. На дзень правядзення семінара ў гаспадарцы азімы ячмень быў убраны на плошчы 17 га. Намалацілі камбайнеры 67 тон, ураджайнасць склала амаль 40 цэнтнераў з гектара. Усяго 3 фунгіцыдныя апрацоўкі прайшла культура, і больш нічога для атрымання такога нядрэннага ўраджаю, як расказваў намеснік начальніка райсельгасхарчу Сяргей Захожы, для гэтага не патрэбавалася. Ураджай азімага ячменю – гэта першае кармавое збожжа. Па ўтрыманні бялку яно ідэнтычнае яравому ячменю.
На полі за вёскай Хаціслаў удзельнікам семінара была прадэманстравана шырокая лінейка сучаснай зернеўборачнай тэхнікі, якой гэты сельгаскааператыў сёлета значна абнавіўся – набыты 2 новыя камбайны – КЗС-12-18 і КЗС-10, а таксама сучасны агрэгат для апрацоўкі пасеваў, шырыня захопу якога 24 метры, адной запраўкай можна апрацаваць 20-гектарную плошчу. Перавагі яго яшчэ і ў тым, што ім можна апрацоўваць і высокасцяблінавыя расліны. Пра асноўныя рэгуліроўкі такой тэхнікі расказаў галоўны інжынер-механік райсельгасхарчу Юрый Ківачук. Тэхніка не дзеля дэманстрацыі была паказана ўдзельнікам семінара на такой лінейцы. Яна ў час уборкі ўраджаю павінна працаваць як адзіны добра адладжаны механізм. Усе работы павінны весціся ў комплексе – абмалот зерневых, уборка саломы, наступная апрацоўка глебы, сяўба паіржышчавых. Усё гэта дазволіць эфектыўна правесці жніво.
Цяжка сказаць, якім ураджаем парадуе хлебаробаў Маларытчыны зерневы палетак. Прагноз не варта рабіць, бо многае залежыць ад надвор’я. Аднак тэхнічная аснашчанасць гаспадарак, віды на ўраджай абавязваюць хлебаробаў праводзіць жніво з найменшымі стратамі. Арыенцір – сабраць каравай у 48 тысяч тон.
Вынікі семінара падвялі старшыня райвыканкама Казімір Лапіч і начальнік райсельгасхарчу Вячаслаў Федзюковіч.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: удзельнікі семінара на ляхавецкім полі.
Фота аўтара.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!