Прастор для душы

Яшчэ некалькі гадоў таму назад гэтых двух брэстаўчан палічылі б дзівакамі. Маўляў, вясковыя жыхары ў горад уцякаюць, а яны – з горада ў вёску. Але цяпер шмат хто, стаміўшыся ад гарадской мітусні, з лёгкасцю пакідае горад і без страху і рызыкі выбірае вёску. За пацвярджэннем далёка хадзіць не трэба . У населеных пунктах, якія хоць і трапілі некалі ў разрад бесперспектыўных, але знаходзяцца ў выгадным геаграфічным размяшчэнні, усе пустыя дамы выкуплены. І ў большасці сваёй гараджанамі. І гэта добра. Дзякуючы гарадскім перасяленцам старыя вёскі маладзеюць, ажываюць, набываюць другое жыццё. Бо вязуць з сабой гараджане ў такія вёскі і высокую культуру быту, і сучасныя бытавыя ўмовы тут ствараюць, даказваючы лішні раз, што і ў вёсках цяпер можна жыць  па-гарадскому.
— Не адзін год мы вынош­валі ідэю пераехаць у вёску, — пачаў свой расказ мой суразмоўца Сяргей Лаўрэнюк. – А калі ўсё ж канчаткова вырашылі, доўга шукалі ўнікальнае месца, дзе можна было б, як кажуць, і “асесці”. Аб’ездзілі шмат вёсак у раёнах Брэсцкай вобласці. Былі ў Камянецкім, Жабінкаўскім, Кобрынскім. Не абмінулі і Маларыцкі. Пабывалі ў вёсках Дубічна, Раматова. Нам хацелася купіць адразу некалькі старых нежылых дамоў, з разлікам, што тут абуладкуем жыллё і для сябе, і для тых, хто захоча прыехаць сюды адпачываць. Як ні дзіўна, але цяпер мала дзе ў вёсках, асабліва вельмі зручных па геаграфічным размяшчэнні, ёсць пустое жыллё. Ездзілі мы ездзілі, а потым Андруха, паглядзеўшы на карту, пытае: “А што ж гэта за Антанова?” Прыехалі, паглядзелі, і нам тут спадабалася. Тым больш, што і дамы пустыя знайшліся. Праўда, калі надумалі іх купіць, давялося доўга адшукваць наследні­каў, афармляць разам з імі кучу дакументаў і да т.п. Першае, што мы зрабілі, калі набылі дамы ва ўласнасць, а такіх аказалася некалькі на адной вуліцы і ў адным месцы, выкапалі невялікі вадаём. Запусцілі туды рыбу. Апетыт прыходзіць у час ежы, таму чым больш мы былі ў Антанове, тым большым было жаданне ажыццяўляць сваю ідэю далей. Ну, а што атрымалася, вы ўбачыце самі.
…Сяргей бярэ на сябе ролю экскурсавода і запрашае на аглядную экскурсію па аб’ектах, ­якія яны з Анд­рэем узводзілі сваімі рукамі ці якім надавалі другое, ужо сучаснае жыццё. Заходзім у першы дом. Ад былога, старога, тут мала што засталося. Можа, толькі самі сцены. Усё астатняе – рэстаўруецца, абнаўляецца. Сяргей удакладняе, што раскідаць сам дом не было неабходнасці: з моцнага дрэва зроблены. А вось замест печкі захацелася зрабіць камін, замест старой падлогі — новую, сучасную, з падагрэвам. Сяргей запрашае ў другі дом, які ўжо эксплуатуецца. Тут жывуць самі гаспадары. І зноў жа ў гэтым доме ўсё ад фундамента да лесвіцы і даху зроблена рукамі Сяргея і Андрэя. Прычым, з прыроднага матэрыялу. Сяргей запрашае сесці за доўгі прыгожы драўляны стол і адразу ўдакладняе, што і яго рабілі з Андрэем самі. Адчуваю, як лёгка ў хаце дыхаецца. Яно і зразумела: што б ні ўзяў, усё зроблена з натуральнага матэрыялу.
— Неяк немцы ў нас у гасцях былі, — расказвае Сяргей. — Ехаць адсюль не хацелі. На кожным кроку паўтаралі: “Алес гут, алес нацюрліх”. А галандзец, які таксама неяк гасцяваў, расхвальваў на ўсе сто нашы беларускія стравы, а мы падавалі яму вараную бульбу са шкваркамі і салёнымі агуркамі.
Андрэй прапаноўвае па­­­частавацца чаем, і мы, пад­сілкаваўшыся вітамінным напоем, працягваем экс­курсію. Цяпер Сяргей знаёміць з гаспадаркай, якую яны з Андрэем завялі і трымаюць. Раблю вывад, што маладыя гараджане прыехалі ў вёску не толькі дыхаць свежым паветрам, але і працаваць да сёмага поту, як і ўсе карэнныя вяскоўцы. Гаспадарка ж у Андрэя і Сяргея таксама па сельскіх мерках: пад 100 качак, індыкі, свінні, іншая жыўнасць. Спытаеце, чым яны яе кормяць? Скажу, што не пакупнымі кармамі, бо ўзялі ў арэнду 3 гектары зямлі, дзе вырошчваюць бульбу, зерневыя. А як жа працаваць на зямлі без тэхнікі? Таму ў гаспадарцы ёсць свае трактар, саджалка, аўтамабіль “ГАЗ-53”.
Сяргей расказвае, што сваёй тэхнікай дапамагаюць і мясцовым вяскоўцам, ды і тутэйшаму сельгаскааператыву.
— У час уборкі я на адвозцы зерня працаваў, — гаворыць Сяргей. – Зарабіў не толькі грошай, але і зерня, якое звычайна выпісваюць за нізкую плату ўсім вяскоў­цам.
Як успрынялі карэнныя жыхары Антанова з’яўленне ў сваёй вёсцы “новых антаноўцаў”? — цікаўлюся ў Сяргея і Андрэя.
Яны прызнаюцца, што рэакцыя мясцовага на­сельніцтва была заканамернай: антаноўцы-старажылы спачатку насцярожана ста­віліся да новых заезджых, а калі першыя пераканаліся, што гэта ніякія не бандыты і не махляры, – самі да іх пацягнуліся.
— Ідуць цяпер да нас мясцовыя бабулькі і дзядулькі, просяць дапамагчы ці то тэхнікай, ці то ўласнаручнай рабочай сілай. Карацей кажучы, сябруем мы з імі.
Сяргей паказвае парнік, дзе ўсё абуладкавана з улікам, як кажуць, сучасных тэхналагічных патраба­ванняў. Насупраць парніка – вадаём. Так, той самы, што Андрэй і Сяргей выкапалі, калі толькі прыехалі ў Антанова.
— А рыба тут ёсць? — пытаюся.
— Хоць і невялікую, але на юшку заўсёды можна некалькі штук злавіць.
Мне не дае спакою яшчэ адна думка: як жа гарадскія людзі так хутка ўвайшлі ў ролю вяскоўцаў і навучыліся і дамы будаваць, і на зямлі працаваць, і парасятак малых даглядаць, і натуру сельскай птушкі добра ведаюць, тым больш, што па спецыяльнасцях Андрэй – аўтатэхнік, Сяргей – аўтаслесар.
Маладыя людзі прызнаюцца, што ніколі не цураліся вёскі, з задавальненнем бывалі ў бабуль і дзядуль, а там любую навуку асвоіць можна, калі ёсць вялікае жаданне.
— І калі любіш працаваць і не баішся ніякай, нават самай бруднай работы, — дадаю я.
Андрэй расказвае, што і іх другія палавінкі, дзеці з задавальненнем прыязджаюць у Антанова, і яны, карэнныя гараджане, таксама, як і іх бацькі і мужы, ахвотна працуюць па гаспадарцы.
— Дачка мая дык ні на хвіліну не адыходзіла ад малых парасятак, — гаварыў Андрэй, — ёй так было цікава.
Гаспадарка гаспадаркай, але калі Андрэй з Сяргеем ажыццявяць сваю ідэю да канца, на аграэкасядзібе, а я б яе назвала “Антаноўскія прасторы”, для гараджан з’явіцца шмат магчымасцей адпачыць душою, маральна, на ўлонні прыроды, паспытаць стравы з натуральных прадуктаў, вырашчаных на антаноўскай зямлі, і проста атрымаюць асалоду ад чыстага, здаровага паветра.
— Мы будзем рабіць большы ўпор на сямейны адпачынак, — гаворыць Андрэй. – Ужо цяпер можам прапанаваць і прагулкі па лесе, і прагулкі на веласіпедзе, калі на вуліцы добрае надвор’е, і паслугі лазні, і басейн, які ёсць у доме, і сваю кухню: шашлыкі, беларускія нацыянальныя стравы і інш.
Шчыра скажу, што калі гараджане сваёй сям’ёй захочуць адпачыць дзе-небудзь у ціхім сельскім куточку, яны не будуць расчараваны, спыніўшы свой выбар на “Антаноўскіх прасторах”. Бо прастор тут і для добрага настрою, і для прыемных уражанняў, і для добрых пачуццяў, словам, для душы.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКАХ: на сядзібе Андрэя КАРНЕЛЮКА і Сяргея ЛАЎРЭНЮКА.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 22.11.2014 г. 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


220km.net

www.medicaments-24.net

источник