Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ Уладзімір Пузырэўскі ў райвыканкаме правёў прыём грамадзян па асабістых пытаннях

А запісалася на прыём да дэпутата высокага рангу 7 чалавек. У вырашэнні якіх пытанняў грамадзя­не прыйшлі прасіць садзей­нічання дэпутата? Скажам, жыльцы ЖБВК № 5 ці дома №113 па вул. Савецкай у Маларыце звярнуліся да дэпутата з калектыўнай просьбай. У чым ім патрэбна была дапамога? Вырашыць праблему з перадачай іх дома на абслугоўванне ў КУШВП ЖКГ “Маларыцкая ЖКГ”. А падпісаліся, гэта значыць згодны з такім рашэннем, усе 100% жыльцоў дома.
Уладзімір Іванавіч, які, вядома ж, добра ведае законы, растлумачыў, што згодна з Указам Прэзідэнта №544, дзе распрацаваны новы парадак афармлення дакументаў і прапісаны правілы пераходу жыллёва-будаўнічых кааператываў на абслугоўванне ў камунальную службу, жыльцы ЖБВК №5 беспраблемна могуць перадаць свой кааператыў на абслугоўванне каму­нальнікам.
— Умова тут адна: 100-працэнтная згода саміх жыльцоў. Яна ў вас у наяўнасці, таму ніякіх праблем быць не павінна, — запэўніў прадстаўнікоў кааператыва Уладзімір Пузырэўскі і растлумачыў парадак афармлення неабходных дакументаў.
У жыхароў в. Ляхаўцы — свая праблема. Яны занепакоены якасцю пітной вады ў сваім населеным пункце.
— Я вас пачуў, — адзначыў Уладзімір Іванавіч. – І ра­зумею, што праблема ваша заслугоўвае ўвагі і вырашэння, бо яна сацыяльна значная. Але, як хутка вырашыцца, сказаць не магу.
Уладзімір Іванавіч зноў жа тлумачыць, што для таго, каб пабудаваць водапра­вод, трэба зрабіць праектна-каштарысную дакументацыю, якая каштуе нямала грошай. Жыхарам Ляхаўцаў, якія прыйшлі на прыём ад імя сваіх аднавяскоўцаў, раіць стварыць кааператыў, са з’яўленнем якога будзе лягчэй “раскручваць” узнятую праблему.
Сітуацыя, у якой аказалася маладая маларытчанка Вікторыя, маці двух дзяцей, унікальная, неардынарная. Здарылася так, што Вікторыя са сваім цяпер ужо былым мужам скарысталіся льготным крэдытам на будаўніцтва жылля. Не паспелі дом дабудаваць, як шлюб скасавалі. І цяпер Вікторыя разам з дзецьмі, як гавораць, аказалася ля разбітага карыта. Муж мае права на карыстанне домам, Вікторыя – не. Рызыкнула высветліць, чаму, — не ўдалося. Калі напісала заяву ў банк з просьбай даць інфармацыю наконт таго, якія матэрыялы на дом былі закуплены за крэдыт, нічога не высветліла. Там растлумачылі, што заяўнік не знаходзіц­ца ў шлюбе з крэдыта­атрымальнікам, значыць, ацаніць работы, выкананыя ў доме, немагчыма. Вось і вымушана Вікторыя вандраваць па здымных кватэрах. А гэта для адной жанчыны з двума дзецьмі ў матэрыяльным плане не так і лёгка. Што рабіць? Сітуацыя вельмі складаная, бо паставіць на новую чаргу Вікторыю немагчыма: правам чаргі яна ўжо скарысталася. Атрымаць арэнднае жыллё – таксама магчымасці няма, бо яно ў нашым горадзе адсутнічае. І ўсё ж дэпутат папрасіў маладую маці выкласці ўсе факты ў пісьме, што дасць яму магчымасць пракансультавацца наконт гэтай сітуацыі ў спецыялістаў са сталіцы, каб падказаць жанчыне шляхі вырашэння яе праблемы.
Пытанне жыхароў Мельнік, якіх зноў жа хвалюе праблема пракладкі водаправода, павінна вырашыцца да канца года, бо грошы на гэтыя работы, сказаў Уладзімір Іванавіч, ужо выдзелены.
Усе астатнія, хто быў запісаны на прыём, таксама атрымалі кансультацыі па прывядзенні ўзнятых пытанняў у адпаведнасць з заканадаўствам. А гэта і прыватызацыя жылля, і вы­дзяленне жылля шматдзетнай сям’і, а таксама зямельных участкаў для вядзення агародніцтва і інш.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: у час прыёму грамадзян.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ»  26.11.2014 г.

Добавить комментарий


данабол цена

www.topobzor.info/tag/bluboo/
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!