У вёсцы за хутарам Ор

“Што там хата з краю, наша вёска з краю…” — так без перабольшвання могуць сказаць жыхары Заор’я, якім, каб дабрацца ў раённы цэнтр, трэба праехаць амаль 50 кіламетраў. У гэты аддалены населены пункт, які знаходзіцца амаль на самай мяжы з Кобрынскім раёнам, мы і паехалі. За вокнамі мільгаюць палі, лясы, дамы вёсак Чарняны, Дарапеевічы, Вялікі Паўлопаль, Малы Паўлопаль… І вось, нарэшце, дарога, уздоўж якой з абодвух бакоў густы лес, прыводзіць у вёску Заор’е.
Гісторыя гэтай вёскі звязана з памешчыцай Вольгай Сушыльскай, якая, прайграўшы ў карты, выселіла з паселішча, якім уладарыла, сем’і пяці сялян за хутар Ор, дзе выдзеліла ім 18 дзесяцін зямлі, непрыгоднай для земляробства. Але працавітыя сяляне абжылі і апрацавалі новыя землі. Так за Орам узнікла новая вёска Заор’е. Сярод выселеных сялян былі і прашчуры Лідзіі Міхайлаўны і Міхаіла Мікалаевіча Бледай. У Заор’і жылі іх прадзеды, дзеды, бацькі. Тут, у ціхай лясной вёсачцы, засталіся жыць і яны. У гэтую працавітую сям’ю, у якой выгадаваліся і, як птушаняты, вылецелі з бацькоўскага гнязда, пяцёра дзяцей, і завіталі мы. Праўда, дома засталі толькі гаспадыню. Лідзія Міхайлаўна як шматдзетная маці ўжо на заслужаным адпачынку. А Міхаіл Мікалаевіч працуе ў мясцовай гаспадарцы трактарыстам, а таму зранку ўжо на рабоце. Слова за слова і сплятаецца, быццам карункі з нітак, размова аб жыцці, аб мінулым і сённяшнім і вёскі, і людзей.
Як часта, калі нешта ў жыцці не атрымліваецца, мы з сумам гаворым: вось бы павярнуць жыццё назад… Але ўспамінаем добрыя моманты, і неяк страшна становіцца, бо ўсяго гэтага магло б і не быць, калі б лёс павярнуў зусім на іншую сцежку. Не шкадуе аб тым, што некалі ў маладыя гады, не паехала з вёскі, і Лідзія Бледай. Так, можна было ў горадзе ўладкавацца, забыць пра вясковыя турботы. Але яшчэ тады дзяўчына адчувала – такое жыццё для яе чужое. З маленства з маці, якая працавала ў паляводстве, яна хадзіла ў поле, да любой работы была звыклая, ды і вёску сваю вельмі любіла. Таму пасля дзесяцігодкі адразу ў калгас папрасілася. А калі замуж выйшла за мясцовага хлопца Міхаіла, дык і ўвогуле ўпэўнілася – застацца на сваёй маленькай радзіме гэта яе лёс.
— Вяселле ў нас было ў 1979 го­дзе. Пра тое, к аб ехаць жыць у горад, і мова не заходзіла. Тады многія нашы аднагодкі ў вёсцы заставаліся. Перш, чым пачаць будавацца, мы хацелі домік сабе купіць. Але пустых хат не знайшлося. У кожнай жылі людзі. Ды і сем’і былі не малыя, — успамінае Лідзія Міхайлаўна.
Нездарма гавораць: вёска жыве, пакуль ёсць у ёй дзеці. Толькі ў доме Лідзіі і Міхаіла Бледай, які пабудавалі маладыя гаспадары на ўскрайку вёскі, гадавалася іх пяцёра – тры дачкі — Ала, Таня і Алена, і два сыны — Аляксандр і Леанід. Была свая, як жартуе Лідзія Міхайлаўна, працоўная брыгада. І ў поле разам ішлі, і ў лес па грыбы ды ягады.
У вёсцы школа была пачатковая, магазін. Умелі раней яе землякі, успамінае Лідзія Міхайлаўна, і працаваць да сёмага поту, і адпачываць ад душы. У кожнай другой хаце гарманіст жыў. Як зайграюць на вячорках, не стрымаць ногі. А як свята якое — вяскоўцы прыгожыя, прыбраныя на вуліцы збіраюцца, і пачынаюцца жарты, успаміны.
…Лідзія Міхайлаўна натхнёна расказвае пра мінулае. На твары то ўсмешка з’яўляецца, то хмаркі суму набягаюць. Хоць усё жыццё яе прайшло ў невялікай вёсцы, за штодзённымі клопатамі, сярод лю­дзей, знаёмых з самых малых гадоў, але ў ім было нямала яркіх, значных для самой жанчыны падзей. Пяць разоў сэрца яе на хвілінку замірала і тут жа ўзрывалася радасным стукам ад таго, што на свет з’яўлялася дзіця, іх з мужам працяг. У доме дабаўлялася клопатаў, але яны былі прывычныя. Юбілеі, провады, вяселлі, уперамешку з сустрэчамі і развітаннямі, хатнімі справамі, працай – усё гэта моманты жыцця, якія засталіся ў памяці. І цяпер ёсць што расказаць унукам, якіх у Лідзіі Міхайлаўны і Міхаіла Мікалаевіча ўжо чацвёра, а неўзабаве бабуля і дзядуля чакаюць яшчэ прыбаўлення ва ўнуках.
Хоць самі Лідзія і Міхаіл моцна прыраслі да сваіх мясцін, аб тым, што іх дзеці паехалі жыць у горад, не шкадуюць. Старым у такой вёсцы, як Заор’е, лічыць Лідзія Міхайлаўна, жыць можна. Аўталаўка чатыры разы на тыдзень прыязджае, таварамі людзі забяспечаны не горш, чым у горадзе. Газеты і часопісы паштовая машына прывозіць. Два разы на тыдзень аўтобус едзе ў райцэнтр, а значыць можна ранкам паехаць у бальніцу ці па іншых справах, а ўвечары дамоў вярнуцца. Зямлі вакол шмат, лес побач, паветра цудоўнае, спакой і цішыня. А маладым у вёсцы, ад якой нават да цэнтра сельсавета дабірацца больш за 20 кіламетраў, няма перспектывы. А таму і благаславілі яны сваіх дачок і сыноў у дарогу. Цяпер як гасцей іх сустракаюць. Рэдка бываюць выхадныя, каб дзеці з унукамі не прыязджалі. Злятаюцца яны ў бацькоўскі дом і каб проста праведаць, і каб нешта дапамагчы зрабіць. А спраў у вёсцы заўжды шмат. Праўда, цяпер, калі Лідзія Міхайлаўна ўжо не працуе, а апошнія восем гадоў да пенсіі была яна цялятніцай на ферме, з гаспадарчымі справамі і з работай на агародзе спраўляецца і сама. А яшчэ час знаходзіць на рукадзелле. Ад вышытых ёю ручнікоў – з яркімі кветкамі, прыгожымі ўзорамі, не адвесці вочы. Вышыўка дапамагае ёй бавіць час у доўгія зімовыя вечары. Яна стала эліксірам, калі захварэла і памерла сёлета летам яе маці. Тады, каб заняць сябе карпатлівай справай, пачала вышываць жанчына вялікую карціну, да завяршэння якой засталіся апошнія штрыхі. Ёсць у Лідзіі Міхайлаўны і яшчэ адно захапленне – кветкі. У доме яе не адзін дзясятак вазонаў. Адзін з пакояў ператварыўся ў сапраўдную кветкавую аранжарэю.
…Вясковую цішыню разразае сігнал аўталаўкі. Менавіта ля яе — месца сустрэчы жыхароў Заор’я. Нават калі і прадуктаў ніякіх не трэба, вяскоўцы спяшаюцца да магазіна на колах, каб пабачыцца з іншымі, абмяняцца навінамі, бо не заўжды ёсць час зайсці да сваякоў. А вось у дом да бацькі, Міхаіла Мікалаевіча Ярашука, які цяпер застаўся адзін, Лідзія Міхайлаўна наведваецца часта. Разам з ёю ў госці да заслужанага ветэрана працы ідзем і мы. Ён сустракае нас у двары. Не сядзіцца чалавеку, які прывык да працы, у хаце. Міхаіл Мікалаевіч і сёння трымае якую-ніякую гаспадарку. Кабанчык, качкі – гэта, як жартуе, сродак ад суму, нагода з дому выйсці, бо вясною і летам з матаблокам на полі прападаў, а цяпер, калі агароды прыбраны, дык і спраў ужо няма. Без тэхнікі, як прызнаецца пенсіянер, ён вельмі сумуе. З маладосці да самай пенсіі на трактары шчыраваў, ды такі адказны быў, што нават узнагароды дзяржавы заслужыў – ордэн Чырвонага Сцяга і ордэн “Знак Пашаны”.
— Трактароў у калгасе было мала, таму даводзілася рабіць усё: і араць, і сеяць, і жаць. Я тэхніку вельмі любіў, гатовы быў і днём, і ўначы працаваць, — расказвае Міхаіл Мікалаевіч.
Такім няўрымслівым, працавітым застаўся ён і да сённяшняга дня. У свае 80 гадоў пенсіянер заўжды ў клопатах. Дня не праходзіць, як кажа, каб на веласіпедзе па вёсцы не праехаць, бо сядзець на месцы, як лічыць Міхаіл Мікалаевіч, гэта толькі прыцягваць да сябе хваробы і сум.
На вуліцы позняя восень. Вецер сарваў з галін апошняе лісце. І цяпер стаяць дрэвы голыя і адзінокія. Бязлітасная восень бывае не толькі ў прыродзе. Але і ў жыцці вёскі. Пакрысе заціхае жыццё і ў Заор’і. З кожным годам пусцеюць хаты. Але пакуль жывуць тут тыя, хто моцна трымаецца за гэтую зямлю сваімі каранямі, ёсць куды прыехаць дзецям, унукам, праўнукам.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: Лідзія Бледай з бацькам Міхаілам Ярашуком.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 26.11.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


также читайте kapli.kiev.ua

посмотреть biceps-ua.com