ШТО ЛЕПШ: ЗАВЯШЧАННЕ ЦІ ДАРЭННЕ?

Завяшчанне і дагавор дарэння – гэта два зусім розныя па сваіх прававых выніках натарыяльныя дзеянні. Хаця, на першы погляд, вынік аднолькавы: у абодвух выпадках у свой час права ўласнасці на маёмасць пераходзіць ад аднаго чалавека да другога.
Завяшчанне – гэта распараджэнне грамадзяніна адносна яго маёмасці на выпадак яго смерці. Пакуль грамадзянін жывы, ён з’яўляецца ўласнікам маёмасці і можа распараджацца ёю па свайму меркаванню, нягледзячы на наяўнасць завяшчання. Наследнікі набываюць права на гэтую маёмасць толькі пасля яго смерці.
Завяшчанне носіць строга асабісты характар, яго нельга скласці і засведчыць цераз прадстаўніка. Таксама нельга скласці адно завяшчанне ад імя некалькіх чалавек. Напрыклад, муж і жонка пры складанні завяшчання павінны напісаць два асобныя завяшчанні, а не адно сумеснае. Пры засведчанні завяшчанняў натарыус не правярае належнасць завяшчаемай маёмасці завяшчальніку.
Гэты дакумент павінен быць складзены ў пісьмовай форме і засведчаны натарыусам. “Хатняе” ці вуснае завяшчанне з’яўляецца несапраўдным. Завяшчанне павінна быць напісана самім завяшчальнікам альбо запісана з яго слоў у прысутнасці сведкі натарыусам. Згодна з законам не могуць быць сведкамі: натарыус ці іншая асоба, што засведчвае завяшчанне; асоба, на карысць якой складзена завяшчанне ці зроблена завяшчальная адмова, муж ці жонка такой асобы, яе дзеці, бацькі, унукі і праўнукі, а таксама іншыя наследнікі па завяшчанню і па закону; грамадзяне з няпоўнай дзея­здольнасцю; неадукаваныя; асуджаныя за дачу няправільных паказанняў; грамадзяне з такімі фізічнымі недахопамі, якія не дазваляюць у поўнай меры ўсведамляць сутнасць таго, што адбываецца; асобы, якія не валодаюць у дастатковай ступені мовай.
Завяшчальнік мае права размеркаваць сваю маёмасць паміж усімі наследнікамі па закону ў няроўных частках; завяшчаць частку маёмасці, пакінуўшы другую частку па-за завяшчальнымі распараджэннямі; завяшчаць усю маёмасць аднаму ці некалькім наследнікам па закону; пазбавіць спадчыны аднаго, некалькіх ці ўсіх сваіх наследнікаў па закону (ў выпадку пазбаўлення права спадчыны ўсіх наследнікаў па закону ім становіцца дзяржава); завяшчаць маёмасць любым пабочным асобам, Рэспубліцы Беларусь ці яе адміністрацыйна-тэрытарыяльным адзінкам; устана­віць умову, якая датычыцца паводзін наследніка для атрымання спадчыны (умова не павінна супярэчыць закону).
У завяшчаль­ніка можа быць яшчэ маёмасць, не ўказаная ў завяшчанні. Яна наследуецца па закону, у тым ліку наследнікамі, не ўказанымі ў завяшчанні, у роўных долях.
Завяшчальнік не мае права пазбаўляць спадчыны тых наследнікаў, якіх закон забяспечвае абавязковай доляй. Імі з’яўляюцца непаўналетнія ці непрацаздольныя на дзень адкрыцця спадчыны дзеці спадчынадаўцы, а таксама яго непраца­здольныя муж ці жонка і бацькі. Непрацаздольнымі з’яўляюцца інваліды І – ІІІ груп, а таксама пенсіянеры.
Закон абараняе таксама правы мужа ці жонкі пры наследаванні. Незалежна ад зместу завяшчання муж ці жонка, калі нехта з іх перажыў адзін аднаго, мае права ўласнасці на частку маёмасці, сумесна нажытую ў шлюбе.
Завяшчальнік можа ў любы час адмяняць ці змяняць сваё завяшчанне, не даводзячы да ведама пра гэта нікога. Змяненне і адмены завяшчання могуць быць зроблены толькі самім завяшчальнікам, шляхам засведчання новага завяшчання і шляхам знішчэння ўсіх экзэмпляраў старога завяшчання ці па яго распараджэнні натарыусам.
Пры дарэнні дарыльшчык перадае маёмасць ва ўласнасць абдорваемага бязвыплатна. Дагавор, які прадугледжвае перадачу падоранай маёмасці пасля смерці дарыльшчыка, не мае сілы з самога яго заключэння. пры гэтым ніякія абавязацельствы ў абдорваемага перад дарыльшчыкам не ўзнікаюць.
Дагавор дарэння нерухомай маёмасці (кватэры, жылога дома, гаража і г.д.) павінен быць заключаны ў пісьмовай форме і належыць абавязковай дзяржаўнай рэгістрацыі. Іншая маёмасць можа быць падорана з выкарыстаннем вуснай формы дагавора, акрамя выпадку, калі дагавор утрымлівае абяцанне дарэння ў будучым.
Ёсць некаторыя ўстаноў­леныя заканадаўст­вам аб­межаванні ў тым, хто і што можа дарыць і прымаць у дар. Напрыклад, не дапускаецца дарэнне, за выключэннем звычайных падарункаў невялікага кошту, ад імя малалетніх і недзеяздольных грамадзян. Ёсць і іншыя абмежаванні, таму калі вы хочаце заключыць пісьмовы дагавор дарэння, то лепш звярнуцца да натарыуса, які дапаможа пазбегнуць сур’ёзных памылак.
У адрозненне ад завяшчання, дагавор дарэння можа заключыць і прадстаўнік, у якога ў даверанасці прадугледжаны адпаведныя паўнамоцтвы, ці законны прадстаўнік.
Права ўласнасці на падораную нерухомую маёмасць узнікае ў абдорваемага з моманту дзяржаўнай рэгістрацыі дагавора і заснаванага на ёй права ў органах дзяржаўнай рэгістрацыі. Дарыльшчык і члены яго сям’і пры дарэнні жылога памяшкання могуць толькі захаваць за сабой права карыстання, пра што павінна быць указана ў дагаворы.
Пры засведчанні дагавора дарэння нерухомасці натарыус, калі звернецца грамадзянін, запатрабуе па прынцыпу “адно акно” дакументы, якія пацвярджаюць належнасць маёмасці дарыльшчыку, дзяржаўную рэгістрацыю маёмасці і права на яе, адсутнасць запазычанасцей па ўплаце падаткаў і інш.
У некаторых выпадках для засведчання дагавора дарэння патрабуецца згода трэціх асоб. Гэта могуць быць муж ці жонка, удзельнікі прыватызацыі, асобы, якія пражываюць у жылым памяшканні па завяшчальнай адмове. Такая згода павінна быць выказана ў пісьмовай форме, і яе можна аформіць у натарыуса як асобна, так і пры засведчанні дагавора дарэння. Калі ў адчужаемым жылым памяшканні непаўлетні з’яўляецца ўдзельнікам прыватызацыі, то неабходна згода органаў апекі і папячыцельства, якую натарыус таксама можа запытаць самастойна.
Дагавор дарэння можа быць адменены, калі абдорваемы ўчыніў замах на жыццё дарыльшчыка ці каго-небудзь з членаў яго сям’і альбо блізкіх родзічаў, ці наўмысна нанёс дарыльшчыку цялесныя пакалечанні. Дагавор можа быць адменены і ў выпадку, калі дарыльшчык перажыве абдорваемага, але пра гэта павінна быць прама запісана ў дагаворы дарэння.
Дарыльшчык мае права адмовіцца ад выканання дагавора, у якім ёсць абяцанне перадаць у будучым абдорваемаму рэч ці права, калі пасля заключэння дагавора яго маёмаснае ці сямейнае становішча альбо стан здароўя пагоршыліся. У тым выпадку, калі дагавор дарэння нерухомасці не зарэгістраваны ў органах рэгістрацыі, ён можа быць скасаваны па ўзгадненні бакоў.
Такім чынам, і ў завяшчання, і ў дагавора дарэння ёсць свае асаблівасці. Калі вы жадаеце да дня смерці заставацца ўласнікам сваёй маёмасці, то вам трэба напісаць завяшчанне. Калі ж вы гатовыя перастаць быць уласнікам сваёй маёмасці, то можна засведчыць дагавор дарэння.
Іна САЎЧУК, натарыус.
НА ЗДЫМКУ: Іна САЎЧУК.

Опубликовано в «ГЧ» 26.11.2014 г.

Добавить комментарий


http://www.best-cooler.reviews/

ディテール ac-sodan.info

www.best-cooler.reviews
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!