Пяцьдзясят гадоў творчасці

менавіта такую юбілейную дату адзначыў калектыў дзіцячай школы мастацтваў
Атмасфера творчасці адчувалася ўжо ў фае гарадскога Дома культуры, дзе ўрачыста адзначаў 50-гадовы юбілей сваёй навучальнай установы калектыў дзіцячай школы мастацтваў. Стварала гэтую атмасферу выстава карцін, якая была своеасаблівай справаздачай выяўленчага аддзялення школы. А вучні і педагогі інструментальнага, харэаграфічнага, эстраднага вакальнага і тэатральнага аддзяленняў школы мастацтваў здзіўлялі гасцей свята на сцэне вялікай залы ГДК. Але змястоўнай канцэртнай праграме папярэднічала ўрачыстая частка. Пачалася яна з кароткай гістарычнай відэазамалёўкі, якая ўмясціла ў сябе расказ пра значны адрэзак часу ад адкрыцця ў 1964 годзе ў Маларыце філіяла музычнай школы да сённяшняга дня. Дарэчы, выпускнікамі школы мастацтваў стала больш за тысячу вучняў.
Падзякавала ўсім, хто прыйшоў адсвяткаваць ра­зам залаты юбілей школы мастацтваў, яе дырэктар Ірына Пятрухіна. Цёплымі словамі яна павітала ветэранаў творчага калектыву, тых людзей, хто шмат гадоў вучыў хлопчыкаў і дзяўчынак творчасці, далучаў да прыгожага свету музыкі, знаходзіў і шліфаваў таленты, клапаціўся аб развіцці і станаўленні школы мастацтваў. Без увагі не засталіся Яўгенія Фёдараўна Байгушава, Вольга Васільеўна Дзягель, Мікалай Піліпавіч Уланаў, Уладзімір Іванавіч Самусенка, Мікалай Фёдаравіч Дашэвіч, Таццяна Міхайлаўна Хутарная, Людміла Аляк­сандраўна Удовіна. Заслужаныя словы падзякі і ўзнагароды атрымлівалі і тыя, хто працягвае пачатую заснавальнікамі школы мастацтваў справу і сёння развівае мастацкія здольнасці хлопчыкаў і дзяўчынак, працуе над тым, каб даць вучням грунтоўныя і глыбокія веды. Граматамі Міністэрства культуры былі ўзнагароджаны настаўнікі Людміла Удовіна і Валянціна Калоша, ганаровыя Граматы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі абл­выканкама атрымалі педагогі Наталля Забеліна, Ірына Горнік і Наталля Яромчанка, Грамата раённага Савета дэпутатаў была ўручана Маргарыце Мандровай, Граматы раённага выканаўчага камітэта заслужылі дырэктар школы мастацтваў Ірына Пятрухіна і настаўніца Ала Кавалевіч. Павіншаваць калектыў з юбілеем, сказаць аб тым, наколькі важным з’яўляецца работа педагогаў школы мастацтваў, бо менавіта тут запальваюцца маленькія зорачкі сцэны, прыехалі і прыйшлі на творчую сустрэчу намеснік начальніка ўпраўлення культуры Вячаслаў Гарбузаў, старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Губей, намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Шпетны, дырэктар Брэсцкага музычнага каледжа Рамуальд Жабінскі.
Якое свята без музыкі, песні, танца, тым больш, што юбілей адзначала творчая ўстанова. Усе госці ра­зам з калектывам школы мастацтваў адправіліся ў казачнае падарожжа па краіне мастацтваў. Цішыню ў зале ўзрывалі мелодыі аркестраў, самыя тонкія струны душы закраналі гукі скрыпкі, юныя музыкі здзіўлялі віртуознай ігрой на цымбалах, домры, балалайцы і нават лыжках, гучалі прыгожыя песні, хлопчыкі і дзяўчынкі задавалі бадзёры тон у танцах. А гледачам, сярод якіх было шмат бацькоў юных артыстаў, заставалася толькі не шкадаваць далоней, бо ад апладысментаў проста нельга было стрымацца.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКАХ: у час юбілейнай сустрэчы.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 29.11.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.