“ХОЛАД” У ПРОЗВIШЧАХ – ЦЕПЛЫНЯ У СЭРЦАХ

Настасся Арцёмаўна Мароз — удава. Муж памёр некалькі гадоў таму. Вядома ж, цяжкай для жанчыны была гэтая страта. Бо жылі з мужам дружна, у ладзе, як кажуць, дзве душы мелі адну волю. А калі муж і жонка – адно цэлае, калі ў іх адзінства поглядаў, адыход другой палавінкі ўспрымаецца так, быццам бы страціў палову сябе, быццам бы адарвалася ад цябе нешта дарагое і нічым не заменнае.
Пустэчу ў сэрцы запоўнілі дзеці і ўнукі Настассі Арцёмаўны. Яны, выхаваныя любоўю і дабрынёю, сваёй увагай і клопатам пастаянна саграваюць мацярынскае сэрца. Люба, Надзя і Вера пры першай жа магчымасці ў бацькоўскую хату спяшаюцца. Проста так. Па абавязку сэрца, каб з мамай сустрэцца, падзяліцца з ёй нечым патаемным, альбо радасцямі сямейнымі. А яна з нецярплівасцю чакае кожную такую сустрэчу, рада, што не толькі на выхадныя, але і ў водпуск усе тры дачкі са сваімі дзецьмі прыязджаюць у бацькоўскую хату. І з задавальненнем, як і ў маладосці, калі дзеці былі малыя, гатуе іх любімыя варэнікі, піражкі, пячэ хлеб, булачкі, іншыя прысмакі.
— Не з пустымі рукамі і яны да мяне едуць, — дзеліцца Настасся Арцёмаўна. — Усяго навязуць, усякіх “жывых” вітамінаў. Мне часта зай­здросцяць, маўляў, шчаслівая ты, Насця, твае дочкі дружныя, і ты ў іх у пашане. Але ж нашы дзеці – гэта наша адлюстраванне, вынік нашага старання па выхаванні. Дзеці ў нас з мужам, — працягвала Настасся Арцёмаўна, — заўсёды былі на першым плане. Бывала, не даспіш, каб толькі сняданак у школу ім прыгатаваць, ці сукеначкі адпрасаваць. Яны заўсёды чысценькімі і акуратненькімі хадзілі. Я ніколі не лічыла, што іх павінны выхоўваць у школе, ці ў кампаніі. На тое ёсць сям’я. І толькі бацькі ў адказе за дзяцей сваіх. Мне не сорамна было ісці на бацькоўскі сход у школу, бо ведала, што і да вучобы дзяўчаты мае з адказнасцю ставяцца, і з іншымі ўмеюць абыходзіцца. Яны правільна разумелі, што нават калі сварыш іх, дык не пакрыўдзіць хочаш, а паправіць.
І дзеці, усім сэрцам адчуваючы мацярынскую дабрыню, аддавалі ёй належнае: плацілі ўвагай і ў словах, і ў справах.
— У паляводстве я доўгі час працавала, — успамінае Настасся Арцёмаўна. — А тады ж і лён рваць даводзілася, і буракі палоць, — і ўсё ж рукамі. Дзяўчаты мае не раз беглі на поле, каб дапамагчы. І дома па гаспадарцы ўмелі спраўляцца, каб нам лягчэй было.
…Настасся Арцёмаўна Мароз і яе муж з невялікага ўкраінскага сяла ў такую ж невялічкую беларускую вёсачку Асавая пераехалі па ўзаемнай згодзе. Тут жылі сваякі мужа, яны і “пасваталі” Марозам Асавую. Дом тут сабе нядрэнны набачылі, яго ва ўласнасць і набылі. І вось ужо больш чым 40 год украінка Настасся Мароз жыве ў Асавой. Праўда, вёска гэтая цяпер ужо не такая, якой яна тады сустрэла ўкраінскіх перасяленцаў. Дамоў, у якіх яшчэ тлее жыццё, — раз, два, тры… і ўсе. Большасць пустуюць, закінутыя. Таму на гэтым фоне двор і дом Настассі Арцёмаўны, як і некалькі яшчэ з дагледжаных, можна лічыць промнем сонца.
— Гэта дзеці мае і ўнукі парадкі наводзяць, — удакладняе мая суразмоўца. – Вось і туі ў двары пасадзілі, каб прыгожа было. І рамонт у хаце зрабілі, каб я не турбавалася.
Слухаю Настассю Арцёмаўну і разумею: дзецям так хочацца шмат зрабіць для чалавека, якому абавязаны жыццём, так хочацца напоўніць цеплынёй сэрца і душу маці.

Опубликовано в «ГЧ» 29.11.2014 г. 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


www.majbutne.com.ua

подробно avtomaticheskij-poliv.com.ua

читать дальше