Газ для Ланской

Мінулы чацвер для жыхароў вёскі Ланская стаў па-сапраўднаму святочным – сюды прыйшоў газ. Раздзяліць радасць такой прыемнай падзеі разам з мясцовымі жыхарамі прыехалі прадстаўнікі аблвыканкама, кіраўніцтва райвыканкама, абласных, міжраённых і раённых газавых служб, кіраўнікі Олтушскага сельвыканкама і СВК “Арэхава”, у склад якога Ланская нядаўна ўвайшла ў працэсе рэфармавання гаспадарак.
Чакаць гэтай падзеі жыхарам Ланской давялося нядоўга: будаўнікі ў зусім кароткі тэрмін рэалізавалі праект па газіфікацыі вёскі, які абышоўся дзяржаве ў 1 мільярд 800 мільёнаў беларускіх рублёў. Пакуль прыродны газ падключылі ў 5 нядаўна пабудаваных індывідуальных дамоў. Усяго ж у вёсцы 141 дом, жыхары якіх цяпер, аб’яднаўшыся ў калектыў індывідуальных забудоўшчыкаў, маюць магчымасць мець у сваім жыллі блакітнае прыроднае паліва. Работы па падводу і падключэнню газу не танныя, аднак 70% кошту іх бярэ на сябе дзяржава, 30% давядзецца заплаціць забудоўшчыку.
Жыхары многіх вёсак раёна, а на Маларытчыне пракладзена ўжо больш за 400 кіламетраў газавых сетак, пераканаліся, што газ – гэта цяпло, утульнасць, камфорт. Упершыню прыродны газ прыйшоў у раён у 1985 годзе.
…І вось старшыня райвыканкама Казімір Лапіч запальвае ў чашы, устаноўленай на цэнтральнай сядзібе Ланской, блакітны агонь.
— Напэўна, няма больш каштоўнага падарунка для вёскі, чым падвесці прыродны газ, — звяртаецца Казімір Віктаравіч да жыхароў. – Цяпер гэта самае эфектыўнае паліва. І па цане, і па камфортнасці яно самае эканамічнае. Нездарма ўвесь цывілізаваны свет імкнецца да таго, каб атрымліваць прыродны газ.
Па газіфікацыі населеных пунктаў наш раён знаходзіцца на лепшых пазіцыях у вобласці. Прычым не толькі большасць цэнтраў аграгарадкоў газіфікаваны. Прыроднае паліва ёсць і ў некалькіх невялікіх вёсках – Сушытніцы, Горах, Лешніцы, Гусаку, Ужова, Дворышчах, Замшанах. У перспектыве – далейшая газіфікацыя вёсак.
Сімвалічна, што газ у Ланскую прыйшоў напярэдад­ні 75-гадовага юбілею вобласці і 75-годдзя раёна, які будзе адзначацца 15 студзеня наступнага года.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: старшыня райвыканкама Казімір Лапіч запальвае прыродны газ у Ланской.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 3.12.2014 г. 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


на сайте majbutne.com.ua

www.best-cooler.reviews

www.topobzor.info/tag/huawei/