З лёсам не паспрачаешся

Героямі маіх газетных публікацый не раз былі людзі з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Перабіраючы ў памяці ўсіх, спынілася на такой думцы: у іх ёсць чаму павучыцца многім з нас. І найперш – моцнай сіле духу. Добра ведаючы, што такое фізічная немач, паспытаўшы на сабе ўсе цяжкасці і нязручнасці, што выпадаюць на долю інвалідаў, ні ў каго з іх не заўважыла пачуцця песімізму, а тым больш – журбы, чым нярэдка грашым мы з вамі, людзі фізічна здаровыя. І кожны свой дзень у сілу сваіх магчымасцей яны стараюцца напоўніць нечым карысным, і ў першую чаргу для душы.
…Сцяпан Бягеза інвалідам ІІІ групы стаў у дзяцінстве.
— Мы, трэцякласнікі, пайшлі неяк са сваёй настаўніцай на экскурсію, я спатыкнуўся і вывіхнуў нагу. З таго часу праблемы і пачаліся. Урачы не маглі паставіць дакладны дыягназ, ды і магчымасцей тады ў нашай сям’і асаблівых не было, каб лячыцца, — расказвае мужчына.
Праўда, калі яго завезлі ў бальніцу ў Малоткавічы, там узяліся рабіць аперацыю. Але зноў жа вынік яе быў несуцяшальны. Бо дактары нават дозу наркозу няправільна разлічылі.
— Аперацыю мне зрабілі ў сераду, а прыйшоў ад наркозу ў сябе толькі ў суботу.
І хоць доктар, які рабіў наркоз, ні на крок не адыходзіў ад свайго юнага пацыента, усё чакаў, пакуль ён прачнецца, самому пацыенту ад гэтага было не лягчэй.
— Паехаць праведаць Сцяпана ў бальніцу я не магла, — уключаецца ў размову маці хлопца, цётка Вера. — Дзяцей не было на каго пакінуць, гаспадарку. Хаця вельмі хацелася і вельмі я перажывала. Пацыенты, якія ляжалі разам са Сцяпанам у бальніцы, думалі, што ад хлопца адмовіліся. Адна жанчына мне нават пісьмо дамоў прыслала, у якім папракала, маўляў, што ж ты за маці, калі пра дзіця хворае забыла. Пакінула тады ўсё, Лёньку маленькага да маці занесла, каб тая паглядзела, і паехала. А калі заехала і пабачыла, якое маё дзіця, які твар у яго апалены, амаль не памерла.
Карацей кажучы, урачы тады перастараліся, што, у рэшце рэшт, не магло нічым добрым закончыцца для Сцяпана, як трэцяй групай інваліднасці. Але ён не адчайваўся. І хаця перажываў, што ў армію не забяруць, а служыць юнаку вельмі і вельмі хацелася, стараўся па магчымасці рэалізаваць сябе. Уладкаваўся на работу ў мясцовы калгас трактарыстам. Нейкі час працаваў загадчыкам клуба. Любіў працаваць дома па гаспадарцы. Атрымлівалася ў яго, акрамя іншага, і хлеб пячы. Ды такі смачны, што не ва ўсякай гаспадыні атрымаецца.
Цяпер Сцяпан Бягеза на пенсіі ўжо. Але клопатаў не паменшала, хутчэй наадварот. Жыве ж разам з бацькамі, а тыя ўжо нядужыя: маці 91 год, цалкам сляпая, бацьку – 95, цалкам глухі. Таму раніца кожнага дня ў Сцяпана пачынаецца з клопатаў пра іх. І хоць не прамінаюць бацькоўскую хату яшчэ два сыны Івана Раманавіча і Веры Сцяпанаўны Васіль і Леанід, нявесткі, унукі, большасць што­дзённых турбот ляжыць на Сцяпане. Сам інвалід, а цяпер яму далі другую групу, ён паспявае і ежу бацькам прыгатаваць, і пакарміць іх, і ў хаце прыбраць, і ў магазін схадзіць, і на ФАП за медыкаментамі.
— Дзякуй сыну, — кажа Вера Сця­панаўна. – Каб не ён, можа, і нас не было б ужо.
…У Веры Сцяпанаўны, нягле­дзячы на вельмі паважаны ўзрост, добрая памяць. Яна ахвотна адказвае на мае пытанні, прыводзіць у пацвярджэнне сваіх слоў факты з жыцця:
— Цяжкую долю мы спазналі са сваім Іванам, — кажа Вера Сцяпанаўна. – Ён рос сіратою, бо бацькі рана памерлі. Гадаваўся і жыў у сям’і свайго брата. Бывала, сядзем разам, ён мне расказвае, што брат яшчэ, як брат, а яго жонка не вельмі добра да Івана адносілася. “Малачу, малачу зерне, — кажа, — стараюся, стараюся, а мне лусту хлеба лішнюю ніхто не дасць. Вазьму ўпотай сам, дык не рады, што зрабіў такое”.
У 15 гадоў Іван паехаў у Расію на заробкі. Там і застала яго Вялікая Айчынная вайна. Калі споўнілася 18, добраахвотнікам пайшоў на фронт. Дайшоў да Берліна.
— І ўвесь час з сабою ў кішэні, не раз расказваў мне, некалькі куль насіў, — успамінае Вера Сцяпанаўна. – Маўляў, няхай будуць на ўсякі выпадак.
Іван Раманавіч Бягеза быў прадстаўлены да высокай узнагароды – ордэна Чырвонай Зоркі, медалём “За ўзяцце Берліна”. А ў 1946 годзе за сумленную службу на карысць Радзімы Івану Бягеза была аб’яўлена падзяка самім генералам арміі Сакалоўскім.
На жаль, у сям’і не захавалі пісьмаў, якія Іван Раманавіч пісаў з фронту. Але Вера Сцяпанаўна памятае, што былі гэтыя пісьмы аптымістычнымі, з надзеяй на хуткую перамогу.
Прайшоўшы праз усю вайну, Івану Раманавічу наканавана было жывым і здаровым вярнуцца дамоў. Ажаніліся з Верай, якая ўсе гады чакала яго з вайны, хату пачалі будаваць, дзеці пайшлі. Працавалі разам з жонкай у мясцовым калгасе. Але сям’я разрасталася, а заробак у калектыўнай гаспадарцы – ніякі, таму Вера Сцяпанаўна вымушана была пайсці на мелзавод, які тады працаваў у Арэхаве, і дзе можна было зарабіць намнога больш, чым у калгасе.
— Толькі вось непасільнай для жанчын была там праца, — успамінае Вера Сцяпанаўна. — Бо насыпаць у 10-кілаграмовыя мяшкі мел, а затым грузіць яго на машыны, — не кожнаму мужчыне па сіле.
…Над ложкам Веры Сцяпанаўны – своеасаблівая партрэтная галерэя. На адным са здымкаў – прыгожыя і маладыя яе бацькі. А вось такія ж маладыя і прыгожыя яны з Іванам, далей – сыны, чацвёра, усе, як на падбор.
— Усе, слава Богу жывыя, акрамя старэйшага, Мікалая, – удакладняе Вера Сцяпанаўна. – Загінуў ён у час баявых дзеянняў у Чэхаславакіі. У цынкавай труне дамоў прывезлі, а яму не было яшчэ і 20 гадоў.
Вера Сцяпанаўна на нейкі момант спыняе размову з-за слёз, што раптам з’явіліся ў яе вачах.
— Уся вёска тады на пахаванне Мікалая сабралася, — кажа жанчына, — усе плакалі…
67 гадоў Вера Сцяпанаўна і Іван Раманавіч Бягеза разам. 67 гадоў… Больш чым паўвеку. Усякага было за гэты доўгі час. Шмат чаго імі перажыта, шмат што пабачылі на сваім доўгім вяку. Але цяжкасці, бяда і гора толькі загартоўвалі ў характарах мужа і жонкі цярплівасць і пакорлівасць. Яны добра разумелі, што з лёсам не паспрачаешся і ад яго нікуды не ўцячэш.
— Жылі мы дружна, у сумесных клопатах аб сям’і, дзецях, стараліся, каб быў дастатак у доме, нікому не зайздросцілі. Не чужое нам дапамагала жыць, а свая праца, — заключыла Вера Сцяпанаўна.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
в. Арэхава.
НА ЗДЫМКУ: “Добра, што ёсць з кім свой век дажываць”: Іван Раманавіч, Вера Сцяпанаўна Бягеза і іх сын Сцяпан.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 3.12.2014 г.

Добавить комментарий


https://220km.com

www.ka4alka-ua.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!