Сіла генаў

Колькі ні набірала нумар тэлефона Уладзіміра Сядлецкага, кожны раз у адказ чула: “Абанент часова недаступны, ператэлефануйце пазней”. І не здзіўлялася, чаму так. Уладзімір не заўсёды бывае ў Мінску. Заслужаны аматарскі калектыў “Крыжачок” Беларускага ўніверсітэта культуры, у якім Уладзімір танцуе, увесь час на гастролях: то ў Партугаліі, то ў Італіі, то ў Турцыі, то ў Германіі, то ў Літве. Але ніхто лепш не ведае сваё дзіця, як маці, таму мы і назначылі сустрэчу з Любоўю Парфёнаўнай Сядлецкай, якая жыве ў Чарнянах, і ўзялі ў яе інтэрв’ю.

— Любоў Парфёнаўна, Ваш сын Уладзімір — пра­фесійны танцор. У якім узросце ў яго праявіліся такія здольнасці?
— У тры гады. Ён любіў стаяць перад тэлевізарам і танцаваць. Успамінаецца такі выпадак. Крыху пазней, калі мы з Гродзеншчыны пераехалі ў Масевічы, сабраліся неяк у Маларыту. Прыходжу дамоў, бачу няма ні Валодзі, ні яго новых сандаляў, якія нядаўна купілі. А ў вёсцы тады вяселле было. Я адразу здагадалася, што яго трэба шукаць менавіта там. Зайшла, бачу сандалі стаяць каля штыкетніка, а мой сын разам з усімі танцуе. І наогул, не было такога дня, каб Валодзя не прысвячаў сябе танцам. Тым больш, што тата яго вельмі добра грае на баяне і на гармоніку. Кожны дзень – вечар танцаў.
— А хто дапамог Уладзі­міру раскрыць свой талент?
— Нам пашчасціла: калі мы пераехалі ў Масевічы, туды ж прыехала і сям’я Ларысы Голуб. Яна ўладкавалася на работу ў мясцовы Дом культуры, там арганізавала танцавальны гурток. Валодзя і яшчэ шэсць сельскіх дзяўчынак у ім і займаліся. Калі закончыў школу, Валодзя сабраўся паступаць у Гродна ў дзяржаўны каледж мастацтваў, але спазніўся з падачай дакументаў, бо сябар з’агітаваў яго ісці на бармена. Не ўдалося паступіць і на завочнае аддзяленне: там аддавалі перавагу тым, хто па спецыяльнасці працаваў ужо. Дапамагла нам, за што ёй вельмі ўдзячны, тагачасная загадчыца аддзела культуры Людміла Ляшчышына. Прапанавала Валодзю работу ў Лукаўскім сельскім Доме культуры. Там ён прапрацаваў паўгода, і яму далі накіраванне ў Пінскае вучылішча мастацтваў на аддзяленне народных танцаў. Закончыўшы яго, Валодзя паступіў у Мінскі ўніверсітэт культуры на харэаграфічнае аддзяленне. Два гады пасля заканчэння гэтай ВНУ працаваў там жа. І цяпер там працуе балетмайстрам.
— А як Уладзімір трапіў у ансамбль “Крыжачок”?
— Танцаваць у гэтым калектыве яму прапанавалі адразу, калі ён паступіў ва ўніверсітэт культуры.
— Вам давялося бачыць першае прафесійнае выступленне сына?
— Нас, бацькоў выпускнікоў універсітэта культуры, запрасілі на дзяржаўны экзамен, які яны здавалі па спецыяльнасці. Тады мы ўпершыню ўбачылі Вало­дзю на вялікай сцэне. Ён, як і іншыя яго аднакурснікі, павінен быў “абараніць” нейкі свой танец. У той дзень мы канчаткова пераканаліся, што Валодзя не памыліўся з выбарам прафесіі.
— Любоў Парфёнаўна, раскрыйце, калі ласка, сямейны сакрэт: а ў каго ж такі танцор Уладзімір?
— Яго дзед Уладзіслаў па бацькавай лініі быў вельмі заўзятым танцорам. Мая свякроў расказвала, што ён у маладосці пастаянна без абцасаў з танцаў прыходзіў. Ды і я сама любіла танцаваць. Калі займаліся ў тэхнікуме, дзяўчаты, памятаю, ідуць на заняткі ў аўташколу, а я бягу на танцавальны гурток. Калі пераехалі з Масевічаў у Чарняны, у тутэйшым сельскім Доме культуры доўгі час у танцавальным гуртку займалася.
— Любоў Парфёнаўна, у Вас у сям’і чатыры сыны. Не думаю, што ўсе яны аднолькавыя па характарах. Такога быць не можа, праўда? Чым вылучаецца сярод усіх Валодзя?
— Па-першае, ён найбольш мэтанакіраваны. Менавіта дзякуючы гэтай рысе характару Валодзя, у адрозненне ад іншых нашых сыноў, дабіўся ў жыцці таго, чаго хацеў. Па-другое, ён вельмі добры. І толькі ў яго надзвычай тонкі густ. Калі мне трэба, да прыкладу, падабраць у хату шпалеры і паклеіць іх, мы гэта робім толькі з Валодзем.
— Ён Вам расказвае пра свае поспехі?
— Валодзя гэтага не любіць. Хаця ў нас дома захоўваюцца і граматы, і пісьмы Падзякі, і медаль, і сертыфікат, якія яму былі ўручаны.
— А за якія заслугі?
Любоў Парфёнаўна паказвае ўсе ўзнагароды, я чытаю: “2011 год. Дыпломы педагога года і пераможцы прафесійнага навучання ў тэатры танца “Менада”, Прыз сімпатый гледачоў; Пісьмо падзякі ад адміністрацыі цэнтра мастацкай творчасці вучняў Фрунзенскага раёна г. Мінска за высокія дасягненні ў арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу ў школе сучаснага танца “Менада”; сертыфікат – пасведчаннне аб тым, што Уладзімір Сядлецкі прайшоў курс майстар-клас па джаз-мадэрну і мае прафесійны ўзровень майстар-клас джаз-мадэрн.
— Упэўнена, што Вы не прапускаеце ні адзін канцэрт “Крыжачка”, калі яго трансліруюць па тэлебачанні?
— У нас ёсць відэазапісы многіх канцэртаў, выступленняў з удзелам Валодзі. Калі мне сумна, уключаю і гляджу.
— А якія з любімых страў сына гатуеце, калі ён прыязджае да­моў?
— Ён любіць усё: пельмені, галубцы, салаты, хаця і сам нядрэнна гатуе. Зрэшты, усе нашы сыны ўмеюць нешта прыгатаваць да святочнага стала, як і іх тата.
— Любоў Парфёнаўна, чытачоў газеты, несумненна, цікавіць пытанне, ці мае Валодзя сям’ю?
— Пакуль яшчэ не. Як ён жартуе, спачатку трэба зарабіць грошы на кватэру, каб было куды жонку прывесці.
— Дзякую Вам за інтэр­в’ю.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
в. Чарняны.
НА ЗДЫМКАХ: Любоў Парфёнаў­на СЯДЛЕЦКАЯ; Уладзімір СЯДЛЕЦКІ ў час выступлення.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА і з сямейнага альбома.

Опубликовано в «ГЧ» 3.12.2014 г. 

Добавить комментарий


мебель на заказ

https://cialis-viagra.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!