У ВАДЗЯНОЙ ПАСТЦЫ

Напэўна, ніхто  з нас не хацеў бы вытрымаць на сабе страшны ўдар прыроднай стыхіі, што б гэта ні было: пажар ад маланкі, ураган, паводка.  А вось жыхароў вескі Збураж паводка спасцігае кожны раз, калі пройдзе лівень. Пасля чарговай навальніцы, прыехаўшы ў вёску па просьбе жыхароў, можна сказаць, апынулася ў вадзяным царстве, якое акружыла многія дамы вёскі.
Жыхарцы Збуража Ганне Аксенцьеўне Андрэйчук, якой нядаўна споўнілася  восемдзесят пяць гадоў, вада перакрыла выхад на вуліцу. Вадзяная пастка пазбавіла пажылую жанчыну магчымасці зносіцца са знешнім светам – суседзямі, сваякамі. Жыве яна адна. Зразумела ж, што ў такія гады здароўе ўжо слабое. А тут такі стрэс! Дачка, якая падаспела на выручку маці, расказала,  што спачатку вада затапіла склеп. Але адпампоўваць ваду не сталі, сказалі, што ўзровень нізкі. Прайшоў усяго дзень, і цяпер ўжо кожнаму зразумела, што так проста ад вады не пазбавішся.
— Калі адной машынай адпампоўваць, дні тры працаваць давя­дзецца, а таму на дапамогу яшчэ тэхніку чакаем, — растлумачыў супрацоўнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях  Дзмітрый Шыманчык.
Ужо пяць гадоў, як сцвярджаюць збуражскія жыхары, у сельскім Савеце вядзецца размова аб устаноўцы труб, па якіх будзе сцякаць вада. Уся праблема ўпіраецца ў грошы. Некаторыя самі капаюць равы, каб вада сцякала ў канаву. А тым, у каго такой магчымасці няма, даводзіцца ў поўным сэнсе слова плаваць у дажджавой вадзе. Кожны другі прахожы, каго сустрэла, гледзячы на дом Ганны Аксенцьеўны, расказваў, што і яго таксама не абмінула такая бяда. І ў кожнага на вачах з’яўляліся слёзы. І гэта зразумела, бо рэчы, якія дастаюцца цяжкай працай, пасля патопу становяцца непрыгоднымі.
— Ужо зараз вядуцца работы па ўстаноўцы труб, — тлумачыць старшыня Маларыцкага сельскага Савета Ніна Васільеўна Луцук. —  На жаль, больш нічым дапамагчы мы не можам. Скажу толькі, што тыя, у каго маёмасць застрахавана, могуць атрымаць кампенсацыю.
…Перада мной і зараз паўстае твар бабулі, якая чакае дапамогі…
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: калі б не ўнук, бабуля Ганна так і засталася б без хлеба.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.