“Грэйдзер да нас не даехаў…”

Старшыня райвыканкама правёў “прамую лінію” з жыхарамі раёна. Ніжэй – рэпартаж з яе.

Таццяна Стасюк, г. Маларыта, вул. Несенюка, 2:
— Мой сын наведвае дзіцячы садок №1. Усё нас там задавальняе, а вось дарожка вакол садзіка дастаўляе непрыемнасці. Справа ў тым, што яе пасыпалі чорным адсевам. Калі сухое надвор’е – там пыл, калі мокрае – лужыны.
— Зразумеў Вас і паспрабуем разабрацца. Вядома, цяпер зіма, і рабіць нешта няма сэнсу, а вось калі ўсталюецца адпаведнае надвор’е, – будзем нешта прадпрымаць.
Марыя Міхайлаўна Пачанчук, г. Маларыта, вул. 8 Сакавіка:
— Добры дзень, Казімір Віктаравіч. Хачу, каб пасадзейнічалі ў вырашэнні такога пытання. Аўтобус па маршруту “Ацяты-Маларыта” з Хмялёўкі, куды я і мае сёстры па выхадных ездзім да родных, адпраўляецца ў 18.05. Яны ж спазняюцца на цягнік, што адпраўляецца з Маларыты на Брэст у 20.08. Аўтобус прыходзіць на вакзал каля 21.00. Ці нельга перагледзець расклад руху з тым, каб ён адпраўляўся з Хмялёўкі на гадзіну раней?
— Узгоднім з кіраўніцтвам Брэсцкага аўтапарка гэтае пытанне і прымем рашэнне. Думаю, што яно будзе станоўчым.
Франц Антонавіч Клеснер, жыхар в. Гвозніца:
— Калі падвядуць газ у нашу вёску?
— Адназначна і канкрэтна Вам нічога адказаць пакуль не магу. Аднак скажу, што такія напрацоўкі ёсць у праграме газіфікацыі населеных пунктаў. Калі дзяржава выдзеліць сродкі, работы будуць пачаты. Раённая ўлада зацікаўлена, каб і Гвозніца была газіфікавана, бо ў нас цяпер усе цэнтральныя вёскі аграгарадкоў, ды і не толькі яны, з газам.
— І другое пытанне. Апошняе павелічэнне пенсіі было на 5,2%. Па маіх падліках я павінен быў атрымаць на 150 тысяч больш. Аднак атрымалася не так…
У аддзеле пенсій і дапамог упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва адразу высветлілася, што заяўніку пенсія пералічана правільна і павялічылася яна ў лістападзе на 152900 рублёў.
Сяргей Баркусевіч, жыхар в. Арлянка:
— У мяне пытанне тычыцца абслугоўвання дарог. Пачынаючы з ліпеня гэтага года да нашай вёскі грэйдзер так і не даехаў. Дарога зусім разбітая, ехаць немагчыма.
— Разумею. Праблема, ведаю, такая ёсць, звязана яна з недахопам фінансавых сродкаў на абслугоўванне дарог. Аднак яе трэба вырашаць, таму просьбу Вашу адрасуем кіраўніцтву Маларыцкага ДРБУ-179.
Аляксандр Данілавіч Куіш, ст. “Закруцін”:
— 2 гады назад усе жылыя дамы на станцыі “Закруцін” перадалі на баланс КУШВП ЖКГ “Маларыцкая ЖКГ”. Усё нібыта і добра. Аднак адно не задавальняе: у апошні час чамусьці камунальнікі перасталі выкачваць каналізацыйныя сцёкі. Чаму?
— Справа вось у чым. Жыллё перададзена на баланс толькі з унутранымі камунікацыямі. Водазабеспячэнне і каналізацыя знаходзяцца на балансе чыгункі, з-за чаго камунальнікі не могуць заключыць дагавор на выкачванне гэтых выграбных ямак. Яны могуць Вам аказаць свае паслугі толькі на платнай аснове за наяўны разлік.
Ніна СВІЦЮК.

НА ЗДЫМКУ: старшыня райвыканкама Казімір ЛАПІЧ.

Опубликовано в «ГЧ» 6.12.2014 г. 

Добавить комментарий


http://cl24.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!