Грачанік вагою ў жыццё

…Мы збіраліся ў незвычайную камандзіроўку ў вёску Гвозніца, каб даведацца пра традыцыі выпякання грэцкага хлеба, які на сённяшні дзень з’яўляецца брэндам нашай Маларытчыны і ў хуткім часе будзе мець статус і катэгорыю нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны. А ехалі мы да Надзеі Рыгораўны Курганюк, гаспадыні, якая больш і лепш за ўсіх ведае пра цудоўны скарб традыцыйнай ежы – грэцкі хлеб. Яшчэ з вечара яна паставіла замес, так званую рошчыну, каб да нашага прыезду цеста падышло і яго можна было садзіць у печ для выпякання.
На парозе дома нас сустрэла прыемная пажылая жанчына і запрасіла ў летнюю кухню, адкуль даносіўся смачны пах дражджавога цеста і дзе павінна было адбыцца дзейства выпякання найсмачнейшага маларыцкага шэдэўра. Надзея Рыгораўна хоць і мае за плячыма ўжо 76 гадоў, па-майстэрску вымешвае цеста, раскладае яго ў падрыхтаваныя бляхі, каб яно яшчэ раз падышло, і ўмела ставіць на вілкі, саджае хлеб у печ. Займаецца гэтым На­дзея Рыгораўна ўсё сваё жыццё. На пытанне, у каго навучылася, адказала: “Была тут у нас бабка-пожыжка, от еі і навучылася”. Пад “бабкой-пожыжкой” падразумявалася сваячка Надзеі Рыгораўны Марыя Кірылаўна Чабанюк, якая была родам з в. Пажэжын.
У вёсцы без грэцкага хлеба не абыходзяцца: спраўляюць вяселле – на стале грачанік, хрысцяць немаўля – на стале грачанік, імяніны ў суседкі – усе частуюцца грачанікамі. Колькі боханаў за сваё жыццё вымесіла спраўнымі і ўмелымі рукамі Надзея Рыгораўна Курганюк, не ведае ніхто, і сама яна адказаць не можа.
— Пыкла ўсім, хто просыў, а як жэ, трэба помогаты одын одному.
Пакуль хлеб знаходзіўся ў печы, гаспадыня запрасіла нас у хату, дзе мы пілі гарбату з “подпалкамы”, так называюцца блінцы з грэцкага цеста, якія жанчына выпякала над полымем печы, як пробны варыянт нашага хлебнага шэдэўра.
У хаце чыста і ўтульна, на сцяне – абразы, фотаздымкі бацькоў, дзяцей, унукаў. Паступова завязалася размова. На­дзея Рыгораўна аказалася вельмі цікавай субяседніцай. Яна расказала пра самыя значныя моманты яе жыцця, дзе спалучалася і шчасце, і гора. Жанчыну хочацца слухаць і слухаць. Шмат гадоў працавала Надзея Рыгораўна ў калгасе даяркай, паляводам. Мае дзяржаўныя ўзнагароды: у 70-я гады мінулага стагоддзя яна была ўзнагароджана Граматай Вярхоўнага Савета БССР, удастоена знакаў “Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва”, “Ударнік ХІ пяцігодкі”, медаля “За працоўную адзнаку”.
…Усе разам паглядаем на гадзіннік, каб за размовай не ўпусціць самае галоўнае – гатоўнасць грачаніка, і вядзем размову далей. Нягледзячы на тое, што Надзея Рыгораўна ўвесь час старалася ўсміхацца, вочы ў яе былі напоўнены слязамі: сёлета пайшлі з жыцця яе самыя блізкія людзі: муж, сын, дачка. Але нягледзячы на ўсе жыццёвыя нягоды, у памяці жанчыны засталося шмат светлага, што дапамагае ёй жыць.
Вось і доўгачаканы момант: гаспадыня дастае з печы боханы грэцкага хлеба, водарам якога запаўняецца ўвесь пакой. Яшчэ з большым энтузіязмам і запалам яна кладзе яго на стол, змазвае алеем, накрывае тканым ручніком, каб трошачкі боханы астылі і былі мяккімі. І вось мы трымаем у руках лусту цёплага свежавыпечанага грачаніка. Якая асалода, які смак! Які водар! Галава, здаецца, кругам ідзе ад задавальнення.
Са светлымі пачуццямі і добрым настроем развітваемся з Надзеяй Рыгораўнай, абдымаемся, як старыя знаёмыя, дзякуем за гасціннасць, жадаем моцнага здароўя, бадзёрасці і едзем дамоў.
Лідзія КІВАЧУК, дырэктар раённага метадычнага цэнтра.
НА ЗДЫМКУ: хлебныя шэдэўры ад Надзеі Рыгораўны КУРГАНЮК.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 6.12.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


http://best-cooler.reviews/

profshina.kiev.ua

www.maxformer.com/stellazhi-i-stellazhnye-sistemy