Аграгарадок “Олтушскі”

Калгас у Олтушы быў арганізаваны ў 1950 годзе. Да 2003 г. ён называўся “Перамога”. У 2003 г. быў перайменаваны ў СВК “Олтуш”. У 2005 г. да яго далучылі суседнюю адсталую гаспадарку – СВК “Збураж”. 27 снежня 2005 г. СВК “Олтуш” рэарганізаваны шляхам далучэння да ААТ “Савушкін прадукт”, зацверджаны агравытворчы філіял “Олтуш”. А 25 верасня 2006 г. гэты філіял рэфармаваны ў прыватнае ўнітарнае прадпрыемства “Савушкіна”. У першы год ужо, калі Олтуш набыў статус аграгарадка, ААТ “Савушкін прадукт” інвесціравала ў гаспадарку 7 мільярдаў рублёў. Вёска атрымала сваё другое нараджэнне.
Прыватнае ўнітарнае прадпрыемства “Савушкіна” спецыялізуецца на вытворчасці малака і мяса. У структуры таварнай прадукцыі жывёлагадоўчая займае 87%. У тым ліку малако – 61%, мяса – 26%. Малако рэалізуецца на ААТ “Савушкін прадукт”, мяса – на ААТ “Брэсцкі мясакамбінат”, “Бярозаўскі мясакансервавы камбінат”, “Кобрынскі мясакамбінат”. На 1 студзеня 2010 г. пагалоўе буйной рагатай жывёлы склала 5099 галоў, у тым ліку кароў – 1865. У 2009 г. надоена 12594 тоны малака, атрымана 994 тоны прадукцыі вырошчвання. Удой ад адной каровы склаў 6875 кілаграмаў, сярэднясутачныя прыбаўленні – 808 грамаў. У гаспадарцы працуе 330 чалавек. У 2009 г. рэалізавана прадукцыі на суму амаль 16 мільярдаў рублёў, атрымана 1,4 мільярда прыбытку, прычым больш за мільярд – ад рэалізацыі прадукцыі жывёлагадоўлі.
У 2009 г. прадпрыемства “Савушкіна” заняло першае месца ў абласным спаборніцтве за дасягненне высокіх вынікаў на ўборцы зерневых і зернебабовых культур, забеспячэнне найлепшых паказчыкаў па вытворчасці зерня, эфектыўнае вядзенне сельгасвытворчасці і выкананне прагнознага паказчыку па тэмпу росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі. А таксама ўдастоена другога месца ў абласным спаборніцтве па рэалізацыі малака на 100 бала-гектараў сельгасугоддзяў. У 2010 г. прадпрыемства выйшла пераможцам спаборніцтва (3-е месца сярод арганізацый АПК) за дасягненне ў 2009 годзе найлепшых вынікаў у выкананні паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця. Рашэннем аблвыканкама прадпрыемства “Савушкіна” занесена на абласную Дошку гонару.
Сваё другое нараджэнне некалькі гадоў назад перажыла яшчэ адна вёска – Дворышча. Тут разабралі састарэлы жывёлагадоўчы комплекс і пачалі будаўніцтва сучаснай фермы на тысячу галоў. Усё па апошняму слову тэхнікі. Цяпер тут працуюць 66 чалавек. Працэс дойкі поўнасцю камп’ютэрызаваны.
— У зале “Вестфалія” адначасова дояцца 36 кароў, у змену працуюць 2 аператары машыннага даення, якія абслугоўваюць больш за тысячу жывёлін, — расказвае загадчыца малочнатаварнай фермы Валянціна Крэнь.
На кожнай карове ёсць рэспандэры. Гэта індывідуальны нумар, пашпарт свайго роду. З дапамогай камп’ютэра па ім можна даведацца пра надой за мінулы дзень, параўнаць з сённяшнім і г.д. Перад дойкай аператары выкарыстоўваюць аднаразовыя ці шматразовыя сурвэткі. Апошнія мыюцца ў сучаснай пральнай машыне, замочваюцца ў дэзрастворы. Сутачны ўдой на карову тут складае 20 кілаграмаў малака. Клопат даяркі – атрымаць якаснае малако, усё астатняе зробяць спецыялісты. Выкарыстоўваемая тэхналогія – круглагадовае беспрывязное ўтрыманне без выпасу – дазваляе атрымаць больш высокія надоі, чым на пашы. Гэтага дабіваюцца за кошт збалансаванасці кармоў, дастатковай колькасці канцэнтратаў і многіх іншых фактараў. У тым ліку і за кошт уласнай селекцыі. Кароў нідзе не купляюць.
— Мне ёсць з чым параўнаць, бо раней працавала на старой ферме. Гэта зямля і неба, — завяршае экскурсію загадчыца.
Дырэктар Пётр Яцура кіруе гаспадаркай 30 гадоў. І яна заўжды ўваходзіла ў тройку лепшых у раёне. У чым сакрэт такой стабільнасці працы і ўмення быць на плаву ў новых умовах?
— Пётр Пракопавіч, якім быў для прадпрыемства 2009 год? Бо на абласную Дошку гонару проста так не трапляюць…
— Інвестыцыі, укладзеныя ААТ “Савушкін прадукт” у наша прадпрыемства, дазволілі хутка нарошчваць вытворчыя паказчыкі і тэмпы развіцця гаспадаркі. Набылі ў лізінг нямала сучаснай тэхнікі, узброіліся энерганасычанымі трактарамі, высокапрадукцыйнымі аўтамабілямі. І вынікі не прымусілі сябе доўга чакаць. У цэлым 2009 год быў для гаспадаркі ўдалым. Сабраны рэкордны вал зерня. Пасля дапрацоўкі ён склаў 5,5 тысячы тон. Атрымалі ўраджайнасць – 45 цэнтнераў з гектара! Вытворчасць кукурузы павялічылі на 64%! У цэлым спрацавалі рэнтабельна і не думаем спыняцца на дасягнутым.
— Цесная сувязь з “Савушкіным прадуктам” падразумявае ў першую чаргу развіццё малочнай вытворчасці?
— Так, гэта галоўны напрамак нашай работы. Нядаўна ўвялі ў строй першую чаргу сучаснай фермы з даільнай залай на тысячу кароў у в. Дворышча. Стварылі статак, які дае ў год 7200 кілаграмаў малака на карову. Летам атрымліваем у дзень больш за 20 літраў ад кожнай “рагулі”. Усё гэта складаемыя эфектыўнай працы. Новая ферма дазволіла нам павялічыць вытворчасць малака ў некалькі разоў. Калі ў 2006 г. у гаспадарцы даілі 3 – 3500 тон малака ў год, то ў 2009 г. гэта лічба склала 12,5 тысячы тон! Калі некалькі гадоў назад мы атрымлівалі каля 4 тысяч кілаграмаў малака ад каровы, то летась – амаль 7. Новыя тэхналогіі і абсталяванне, камфортныя ўмовы ўтрымання раскрываюць патэнцыял жывёлін. Новая тэхніка дазволіла нарыхтаваць значна больш кармоў. Прычым, якасных. На сённяшні дзень аб’ёмы нарыхтаваных кармоў у гаспадарцы перавышаюць патрэбнасці нашай жывёлагадоўлі. Таму ў 2010 годзе пачалі будаваць другую чаргу сучаснай фермы. Пасля ўвядзення яе ў строй дабавіцца яшчэ 2 тысячы жывёлін. Там будзе ўстаноўлена сучаснае даільнае абсталяванне тыпу “Карусель” на 80 кароў адначасова. Увядзенне другой чаргі дазволіць пашырыць цяперашнюю новую ферму і давесці колькасць высокапрадуктыўных кароў у ёй да 3 тысяч.  А  гэта значыць, што мы зможам выканаць задачы, якія нам пастаўлены, – да канца пяцігодкі павялічыць вытворчасць малака яшчэ ў 1,5 – 2 разы.
— Якія ўмовы створаны ў аграгарадку для механізатараў і даярак?
— Новая тэхніка, якую мы пастаянна набываем, ужо стварае зручнасці ў рабоце. У сучасных трактарах і камбайнах ёсць кандыцыянеры, падтрымліваецца належны мікраклімат, незалежна ад тэмпературы за акном. Калі гаварыць пра бытавыя ўмовы ў майстэрнях, то ў нас там ёсць лазня, душавыя, пакоі адпачынку для механізатараў, вадзіцеляў. Тое самае ёсць на ўсіх фермах. Таму пасля работы можна зняць стому, перавесці дух. Дарэчы, наша новая ферма з першага разу прайшла інспекцыю Еўрасаюза.  А  гэта пра многае сведчыць.
— Пётр Пракопавіч, якім Вы бачыце сваё прадпрыемства праз некалькі гадоў?
— Згодна з рэспубліканскай праграмай, у 2012 годзе плануем пачаць будаўніцтва біягазавай устаноўкі. Яна будзе перараб­ляць арганіку і вырабляць электрычнасць – гадавую патрэбнасць гаспадаркі. А гэта дазволіць эканоміць і нават атрымліваць дадатковыя сродкі. Дзякуючы ноу-хау плануем развіваць падсобную вытворчасць – вырошчваць гародніну ў цяпліцах.
Зразумела, будзем працягваць работу па навядзенні парадку на зямлі, асабліва на далучаных тэрыторыях гаспадаркі, што абанкруцілася, абновім меліярацыйную сістэму. З пашырэннем фермы паўстане пытанне павелічэння пагалоўя жывёлін. Значыць, трэба загадзя праводзіць рэканструкцыю астатніх дапаможных памяшканняў. І чым хутчэй мы ўсё гэта зробім, тым лепш. Развіццё вытворчасці, спа­дзяемся, створыць дадатковыя рабочыя месцы. Талковых работнікаў мы заўжды рады прыняць на работу. А гэта значыць, будзем будаваць жыллё. У сельскай гаспадарцы, калі ёсць грошы, можна планаваць і ўдасканальвацца бясконца.
Намеснік дырэктара па механізацыі Надзея Масюк расказала, што ў гаспадарцы ёсць два “ДжонДзіры”, тэхніка фірм “Кселеон”, “Атлес”, тэлескапічны пагрузчык “Скарпіён” з 7-метровай стралой, новыя зернеўборачныя камбайны як айчыннай, так і замежнай вытворчасці. На сучаснай тэхніцы механізатары працуюць з задавальненнем і нядрэнна зарабляюць. Створаны ўсе ўмовы ў рамонтна-механічнай майстэрні, ёсць зварачны і такарны цэхі. У гарачы перыяд уборкі ці нарыхтоўкі кармоў дзяжурныя работнікі забяспечваюць рамонт і падрыхтоўку тэхнікі да самага позняга вечара. А зранку зноў у поле. З увядзеннем аграгарадка змяненні на майстэрнях адбыліся значныя – праве­дзена добраўпарадкаванне, заасфальтавана асноўная частка тэрыторыі, на чарзе – пад’язная дарога. Абнаўляюць, фарбуюць будынкі. Усё гэта спрыяе паспяховай рабоце і прыўзнятаму настрою.

Адам Бідзюра, старшыня Олтушскага сельвыканкама:
— Наш аграгарадок “Олтушскі” ствараўся адным з першых у Маларыцкім раёне. Самая вялікая падзея, зразумела, газіфікацыя Олтуша – самай вялікай вёскі сельсавета, дзе пражывае больш за 600 чалавек. Цяпер вядзецца будаўніцтва індывідуальнага жылля, домікаў згодна з прэзідэнцкай Праграмай адраджэння і развіцця вёскі, адразу ж падключаецца газ. У 2008 г. у рэканструкцыю Олтушскай школы было ўкладзена звыш 1 мільярда рублёў, работы працягваліся і летась. Правялі ўнутраную аддзелку і адрамантавалі дах на ўчастковай бальніцы. Вядома ж, асноўныя работы былі выкананы ў час здачы аграгарадка ў 2006 годзе. Прадуктовыя магазіны, як і ў горадзе, цяпер працуюць па прынцыпу самаабслугоўвання. Вялася рэканструкцыя дзіцячага сада. Плануецца падвесці да яго газ і забяспечыць на радасць дзецям  круглагадовую работу шматфункцыянальнага басейна.
У Олтушскім сельсавеце пражывае больш за 2700 чалавек. На яго тэрыторыі знаходзяцца 3 сельгаспрадпрыемствы, 15 населеных пунктаў. Работнікі сельвыканкама і я асабіста часта сустракаемся з людзьмі. Дапамагаем вырашаць пытанні па аказанні адраснай дапамогі адзінокім людзям, шматдзетным сем’ям, ветэранам і ўдзельнікам вайны. Разам з жыхарамі займаемся добраўпарадкаваннем населеных пунктаў. У год 65-годдзя Перамогі значна абнавілі помнікі, што ёсць на тэрыторыі сельсавета. І ў будучым гэтую работу будзем працягваць. Нашы дамы і вуліцы стануць яшчэ прыгажэйшымі.
Цяпер у аграгарадку “Олтушскі” створаны ўмовы не толькі для работы, але і для адпачынку. У гандлёвым цэнтры ёсць добрае кафэ, дзе право­дзяцца культурна-масавыя мерапрыемствы, можна проста прыйсці адпачыць з сям’ёй. Праходзяць розныя спаборніцтвы, традыцыйным стала свята вёскі. 2010 год у гэтым плане асаблівы. Нашаму галоўнаму сельгас­прадпрыемству – “Савушкіна” — споўнілася 60 гадоў. Разам з раённымі службамі спрабуем развязаць даўні гордзіеў вузел – будаўніцтва ў Олтушы сучаснага Дома культуры. У некалькіх кіламетрах ад аграгарадка праходзіць мяжа з Украінай. Да нас едзе нямала гасцей. І добры гаспадар заўжды глядзіць, каб у доме быў парадак. Паўсюдна ўстаноўлена агароджа, усё больш становіцца на вуліцах кветак. Жыхары афармляюць ільготныя крэдыты на будаўніцтва жылля. У 2010 г. для індывідуальных забудоўшчыкаў адведзены новы квартал у раёне мясцовай школы і дзіцячага сада. Побач узводзяцца дамы, будаўніцтва якіх фінансуецца з дзяржаўнага бюджэту. На цэнтральнай вуліцы Савецкай свабодных месцаў для будаўніцтва ўжо няма. А калі людзі застаюцца, пускаюць карані, значыць, у іх ёсць вера ў лепшае.
Наталля Зезюкова, дырэктар Олтушскай СШ:
— 1 верасня 2009 г. Олтушская СШ адсвяткавала свой 40-гадовы юбілей. Пасля рэканструкцыі ў 2006 – 2007 гг. яна набыла цяперашні сучасны выгляд. У нашай школе больш за 200 вучняў. Акрамя вучэбных заняткаў, праводзяцца розныя факультатывы, якімі ахоплена каля 80% школьнікаў. Працуюць таксама гурткі, спартыўныя секцыі. Нашы выпускнікі паступаюць у самыя прэстыжныя навучальныя ўстановы, традыцыйна паказваюць добрыя вынікі па замежных мовах. Марым набыць інтэрактыўныя сродкі навучання. Школу і прыватнае ўнітарнае прадпрыемства “Савушкіна” звязвае цесная дружба. Толькі ў 2009-2010 вучэбным годзе нашы шэфы аказалі значную спонсарскую дапамогу па набыццю мэблі, за што ім вялікі дзякуй.
Іван Саваш, галоўны ўрач Олтушскай участковай бальніцы:
— У апошнія гады ў нашай медустанове адбыліся вялікія перамены. Усё пачалося з рамонту. Замянілі дах, правялі ўнутраную перабудову. Умацавалася матэрыяльна-тэхнічная база: атрымалі новую апаратуру, у тым ліку электракардыёграф, перааснасцілі лабараторыю, набылі новы транспарт. Таму вынікі капіталаўкладанняў у аграгарадок мы ўжо адчулі. Радуе, што ў Олтушы назіраецца тэндэнцыя да павелічэння працягласці жыцця жыхароў, ёсць плюс па нараджальнасці.
Таццяна Крэнь, загадчыца дзіцячага сада в. Олтуш:
— Олтушскі сад у нас разлічаны на 110 месцаў. Укамплектаваны ўсімі спецыялістамі. З увядзеннем аграгарадка на 70% памянялі дзіцячую мэб­лю, закупілі новае абсталяванне для харчблока, набылі шмат новых цацак. У будучым плануем правесці капітальны рамонт сістэмы ацяплення. Вельмі дапамагае прадпрыемства “Савушкіна”, у тым ліку камп’ютэрнай і аргтэхнікай. Ніводная наша просьба не застаецца без увагі. Дзіцячы смех, лічу, — галоўны паказчык адраджэння вёскі, пра што так шмат гаворыцца ў апошні час.
Падрыхтаваў Сяргей МОШЧЫК.
НА ЗДЫМКАХ: так жывуць і працуюць у аграгарадку «Олтушскі».
Фота Мікалая ЧАБЕРКУСА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


https://tmtravel.com.ua/

onlyyou.od.ua

http://www.best-cooler.reviews/