Святы крыж

— так называюць жыхары в.Дарапеевічы каменную глыбу, якая знаходзіцца на ўскрайку вёскі ва ўрочышчы «Вялікі лес».
Калі ён з’явіўся ля Дарапеевіч, дакладна невядома. Мяркуюць, што крыж высечаны з гранітнага валуна. У 70-я гады мінулага стагоддзя ва ўрочышчы «Вялікі лес» вяліся меліярацыйныя работы. Бульдозеры зрэзалі былое гарадзішча, адсунулі ўбок і крыж. Нават планавалі яго закапаць ці вывезці ў іншае месца, але выканаць гэта ніхто не адважыўся. Пазней знайшліся добрыя людзі, якія паднялі і паставілі крыж зноў, праўда, ужо пашкоджаны. Нядаўна яго асвяцілі, а Сцепаніда Сцепанюк і яе сям’я – агарадзілі, абсыпалі шчэбнем. Стаіць крыж на ўскрайку вёскі і напамінае людзям аб мінулым, хаваючы неразгаданую таямніцу.
— Мясцовыя жыхары спакон веку лічылі каменную фігуру крыжом, — кажа Анатоль Дзямянка, настаўнік Дарапеевіцкай СШ, мясцовы краязнаўца. — Паколькі ніхто не памятаў, не ведаў, адкуль і калі крыж з’явіўся на ўскрайку вёскі, то палічылі гэта цудам. Аднак мае аднавяскоўцы перакананы, што крыж сам вырас з зямлі. Існуе легенда, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне, дзе тлумачыцца яго ўзнікненне. Яе мне некалі расказала маці Аляксандра Андрэеўна.
Раней урочышча «Вялікі лес», дзе сяліліся мясцовыя жыхары, з усіх бакоў акружала вялікае непраходнае балота. Каб дайсці да суседняй вёскі ці сенажацяў, даводзілася пракладваць гаці. Рубалі хмызняк, выкладалі ім шлях, а з абодвух бакоў капалі глыбокія канавы, засыпаючы зямлёй высланую дарогу, якую называлі грэбляй. Кожны год неабходна было яе абнаўляць, падсыпаць зямлю. З часам канавы абапал грэблі станавіліся глыбейшымі і шырэйшымі. Яны запаўняліся вадой.
Неяк вясной у вёсцы гулялі веселле. На возе з запрэжанымі двума коньмі ехалі маладыя з гасцямі. Нявесту везлі з суседняй вёскі. Ва ўрочышчы «Вялікі лес» насустрач выехала і другое вяселле. Яны сустрэліся, спыніліся. Грэбля ж вузкая, размінуцца цяжка, вяртацца назад – дрэнная прыкмета. Таму вырашылі паспрабаваць усё ж такі раз’ехацца. Госці павылазілі з вазоў, а маладым, згодна з народнай традыцыяй, да прыезду дамоў, нельга было з іх саступаць і пакідаць. Асцярожна павялі коней, але вазы пачалі ссоўвацца па абодва бакі грэблі ў канавы. Госці ад страху нечакана гучна закрычалі. Коні спалохаліся, рванулі і апынуліся ў канавах з вадой. Дарэмна імкнуліся людзі выратаваць маладых. Іх хутка праглынула бездань. Многія ў наваколлі гаравалі ад гэтага жахлівага здарэння. Яны прыходзілі на месца трагедыі і плакалі. Асабліва пакутавалі бацькі маладых. Неўзабаве вяскоўцы пачалі заўважаць, што тое месца, дзе загінулі маладыя, само па сабе пачало паступова ўздымацца. Хутка яно стала невялічкім узгоркам. А яшчэ пазней з зямлі пачаў расці і гранітны крыж. З таго часу ён і стаіць на гэтым месцы. Мясцовыя жыхары былі перакананы, што крыж валодае незвычайнай чароўнай сілай. Да яго сталі прыходзіць людзі, каб памаліцца, папрасіць дапамогі, каб пазбавіцца ад розных немачаў, хвароб. Нават і цяпер ля крыжа час ад часу бываюць людзі. Кажуць, што яго гаючая сіла многім дапамагае.
На здымку: «святы» каменны крыж на ўскрайку в. Дарапеевічы.

Опубликовано в «ГЧ» 10.12.2014 г. 

Добавить комментарий


www.topobzor.info

Cheerwing SYMA X5SW-V3 FPV
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!