Слова на Піліпаў пост

Праваслаўныя вернікі, рыхтуючыся да Нараджэння Хрыстова, праходзяць подзвіг посту. Ён пачынаецца за шэсць тыдняў да свята Нараджэння Хрыстова — з 28 лістапада па 6 студзеня ўключна (па новым стылі). Другая назва посту — Піліпаўка — звязана з тым, што загавіны прыпадаюць на дзень памяці апостала Піліпа.
Сёлета Усявышні падма­цоўвае нас да годнага праходжання посту знаходжаннем у храме г. Маларыта каўчэга з мошчамі дабраверных князёў Пятра і Феўроніі, Мурамскіх цудатворцаў, якія ў дні свайго зямнога шляху былі для народа ўзорам хрысціянскага набожнага жыцця, у тым ліку і строгага выканання посту, захавання запаветаў Божых і статутаў царкоўных.
Царква тлумачыць, што гэты пост устаноўлены для таго, каб вернікі з чыстым сэрцам, душой і целам маглі сустрэць Нараджэнне Сына Божага і прынесці яму чыстае сэрца і жаданне быць паслядоўнікам яго вучэння. Галоўнай мэтай посту з’яўляецца духоўнае ачышчэнне чалавека праз пакаянне і малітву. Ён закліканы дапамагчы нам наблізіцца да Бога, лепш зразумець свой унутраны духоўны свет, пераадолець у сабе ўсё дрэннае і злое. Пост — час для самаўдасканалення. Ён павінен быць шчырым, не напаказ. Пост мае дзве састаўныя часткі: цялесную і духоўную. Калі цялесны найперш тычыцца абмежаванняў, звязаных з патрэбамі цела, то духоўны пост звязаны з патрэбамі душы.
Калі мы толькі не спажываем ежу жывёльнага паходжання, але не вядзем духоўнае змаганне з грахом, не прытрымліваемся посту, то проста сядзім на строгай дыеце. Духоўнай карысці ад гэтага няма ніякай. Толькі сукупнасць цялеснага і духоўнага ўстрымання з малітвай і верай прынясе нам карысць.
…Тым, хто толькі спрабуе захоўваць пост, неабходна рабіць гэта з развагай – паступова, паэтапна, пачаўшы хаця б з устрымання ад скаромнай ежы ў сераду і пятніцу на працягу ўсяго года. Людзям, якія часта ўжываюць спіртныя напоі або кураць, у час посту пажадана хоць бы скарачаць спажыванне гэтай атруты, калі няма сілы волі ўстрымлівацца. Затым неабходна пастарацца наогул адмовіцца ад яе.
Аднак Піліпаўскі пост, як і любы іншы, прадугледжвае не толькі гэта. У час яго трэба наладзіць спакойнае жыццё, знаходзіць больш часу для духоўных спраў, дабрачыннасці, клопату пра тых, хто мае ў гэтым патрэбу. Вельмі важна ў такі час захоўваць строгасць у паводзінах, учынках. Трэба асабліва кантраляваць сябе, каб не грашыць ні дзеяннем, ні словам, ні думкаю. У народзе кажуць: «Нават проста ў жыццi гнеў у чалавеку павінен захоўвацца толькi да парога, а ў пост асабліва трэба сачыць за сваімі справамi i языком»…
Пасціцца неабходна з жывой верай, чыстым сэрцам і душой. Інакш гэта будзе не пост, а проста прымус, які стане толькі раздражняць і непакоіць чалавека.
Некалі ганаровы Экзарх мітрапаліт Філарэт казаў: «Пасціцца мы не хочам, маліцца не ўмеем. Дык у час посту давайце рабіць будзем больш добрых спраў». Няхай яго словы будуць на памяці ў нас, калі мы не ў поўнай меры падпарадкоўваемся царкоўным правілам посту.
Протаіерэй Віктар Паляціла, благачынны Маларыцкай царкоўнай акругі.
На здымку: протаіерэй Віктар Паляціла.

Опубликовано в «ГЧ» 10.12.2014 г. 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


niko-centre.kiev.ua

www.monaliza.kiev.ua

also read www.pills-generic.com