Энергія аптымізму

3 снежня — дзень асаблівай цеплыні і ўвагі да людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Па традыцыі ў гарадскім Доме культуры праходзіць сустрэча, якая збірае разам і тых, хто нясе цяжкі крыж хваробы, і людзей здаровых. І кожны раз яна з’яўляецца не толькі напамінам пра тое, што побач жывуць людзі, якім патрэбны асаблівы клопат, але і ўрокам вялікай сілы духу, перакананнем таго, што абмежаваныя магчымасці з’яўляюцца не перашкодай, а штуршком для работы над сабой, над раскрыццём сваіх здольнасцей.
А ў тым, што людзі з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі вельмі майстравітыя, творчыя, можна было пераканацца адразу ў фае ГДК, дзе была арганізавана выстава работ наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў і аўтарская выстава вырабаў Наталлі Бошаль з в. Мельнікі. Удзельнікі сустрэчы маглі не толькі палюбавацца рукатворнай прыгажосцю, але і пазнаёміцца з кніжнай выставай “Я такі, як і ты”, якую арганізавала раённая бібліятэка, пракансультавацца з медыцынскімі спецыялістамі, папярэдне змераўшы ўзровень цукру ў крыві і артэрыяльны ціск, выпіць фіта чай, які работнікі раённай аптэкі прыгатавалі з розных травяных збораў, пагуляць у шашкі і шахматы.
Такія сустрэчы, як заўважыў, вітаючы ўсіх, хто сабраўся ў вялікай зале ГДК, намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Шпетны, вельмі карысныя. Яны даюць магчымасць пабачыцца, сказаць адзін аднаму добрыя словы, успомніць, што ёсць побач тыя, каму патрэбна крыху больш нашай увагі, і нават атрымаць зарад аптымізму ад людзей, якія маюць пэўныя абмежаванні, але настолькі моцныя сваім жаданнем жыць, што проста выпраменьваюць пазітыўную энергію. Пажаданні і далей не паддавацца адчаю, радавацца кожнаму новаму дню пачулі ўдзельнікі сустрэчы ад благачыннага цэркваў раёна айца Віктара, старшыні раённага савета ветэранаў Уладзіміра Бойкі.
900 чалавек у нашым раёне атрымліваюць пенсіі па інваліднасці, 214 з іх з’яўляюцца інвалідамі першай групы. Пра тое, якую дапамогу атрымліваюць ад дзяржавы людзі з абмежаванымі магчымасцямі, распавяла начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Федчык.
Са сцэны гучала нямала цёплых слоў, яны краналі душу, але сапраўдным эліксірам былі песні. Гучалі яны ў выкананні народнага хору ветэранаў, салістаў гарадскога Дома культуры. Не засталіся ў баку і ўдзельнікі агіттэатра “Дзеці сонца”, які ўжо не першы год дзейнічае пры аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў. Юнакі і дзяўчаты, здзіўляючы сваёй рашучасцю, прыгожымі галасамі, радавалі душэўнымі вершамі і песнямі. І сапраўды дарылі добрую энергію іншым.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час мерапрыемства.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 10.12.2014 г.

Добавить комментарий


http://www.best-cooler.reviews/

www.oncesearch.com/details/partyhardcore-party-hardcore-gone-crazy-vol-21-part-4-mp4-285148
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!