І тэхніцы патрэбен дом

У раёне падведзены вынікі штогадовага агляду па добраўпарадкаванні машынных двароў і гатоўнасці рамонтна-абслуговай базы сельгасарганізацый для работы ў зімовых умовах, па падрыхтоўцы машынна-трактарнага парка да веснавых палявых работ 2015 года.
Завяршальным акордам агляду стала наведанне машынных двароў СВК “Ляхаўцы” і ”Макраны”. Менавіта сюды і сабраліся ў сераду галоў­ныя інжынеры і кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў на падвядзенне яго вынікаў .
Папярэджваючы агляд машыннага двара ў СВК “Ляхаўцы”, начальнік райсельгасхарчу Валянцін Зайчук адзначыў, што па лізінгу сельгастэхніка ў бліжэйшы час паступаць не будзе. Таму важна захаваць і ўтрымліваць у належным стане тую, якая ёсць у гаспадарках сёння. Гэта значыць, што за трактарамі і іншымі сельгасмашынамі патрэбны пастаянны тэхдогляд і своечасовы рамонт. Як гавораць: жанчыне патрэбна ласка, а машыне – змазка. Што для гэтага зроблена ў СВК “Ляхаўцы” і як тут справіліся з пастаноўкай тэхнікі на зімовае захоўванне, і належала ўбачыць прадстаўнічай дэлегацыі.
Па словах намесніка начальніка райсельгасхарчу Вячаслава Федзюковіча, тое, што можна ўбачыць на машынным двары гаспадаркі зараз, – гэта нібыта неба і зямля ў параўнанні з тым, што тут было 2 месяцы таму. Я раней тут не была, таму магу яго параўноваць, напрыклад, з тым, што бачыла ў СВК “Дарапеевічы”. Тут, як гавораць, і сапраўды: неба і зямля. І справа не толькі ў тым, што ў СВК “Ляхаўцы” няма сучаснай запраўкі, і гаруча-змазачныя матэрыялы ў машыны тут заліваюць з вёдраў і каністраў, што дыспетчарская, у якой, дарэчы, праводзіцца і медагляд механізатараў і вадзіцеляў, месціцца ў старым прымітыўным будынку з пячным ацяпленнем, дах якога падчас дажджу працякае, што, у рэшце рэшт, тут няма вучэбнага класа па ахове працы. На ўсё гэта патрэбны грошы, якіх у гаспадарцы няма. А вось ачысціць пастаўленыя на захоўванне плугі і іншыя агрэгаты ад бруду, які прымёрз ужо да металу, выгарадзіць пляцоўку для металалому і абсталяваць пункт тэхнічнага абслугоўвання, здаецца, можна і без вялікіх затрат. Ды саму тэрыторыю машыннага двара, на якім цалкам можна гуляць у футбол, не перашкодзіла б аптымізаваць. Тады і затрат на яе добраўпарадкаванне будзе менш.
Асобна варта сказаць пра захаванне дарагой тэхнікі. У сапраўднага гаспадара збожжаўборачныя камбайны ў нерабочы перыяд знаходзяцца ў спецыяльных боксах і пад замком. У СВК “Ляхаўцы” – пад павецямі без дзвярэй, якія працякаюць, і куды бесперашкодна можа зайсці пабочны чалавек. Дзеля справядлівасці варта сказаць, што верх камбайнаў тут “ухуталі” плёнкай – каб на іх не трапляла вада падчас дажджу.
І ўсё ж, як адзначалі члены камісіі, першы крок у навядзенні парадку зроблены. Значыць, трэба рухацца далей. Тым больш, што ў наступным годзе на базе СВК “Ляхаўцы” будзе праводзіцца раённы Дзень аховы працы…
Значна ў апошнія гады змянілася сітуацыя з добраўпарадкаваннем машыннага двара ў СВК “Макраны”. Вядома ж, ён яшчэ далёкі ад ідэалу і не такі, як у СВК “Дарапеевічы”, “Чарняны” і СУП “Савушкіна”. І тым не менш, як распавёў галоўны інжынер гаспадаркі Міхаіл Горнік, тэрыторыю машыннага двара тут аптымізавалі і абнеслі бетоннай агароджай, выгарадзілі месцы для стаянкі розных відаў тэхнікі, аб чым сведчаць спецыяльныя ўказальнікі. На другім паверсе памяшкання, дзе знаходзіцца дыспетчарская, абсталяваны клас па ахове працы. Пазбавіліся тут і ад пячнога ацяплення. Замест яго ўстанавілі кацёл. У рамонтнай майстэрні ёсць пакой для адпачынку. Паклапаціліся ў гаспадарцы і аб уцяпленні самой майстэрні: набылі спецыяльныя шторы на дзверы. Нямала зроблена ў СВК і па наданні эстэтычнага выгляду самому двару, а побач нават устаноўлены фантан і пасаджаны механізатарамі сад. І як вынік зробленаму – чацвёртае месца ў аглядзе. Ну а пераможцам прызнаны СВК “Дарапеевічы”. Другое і трэцяе месцы адпаведна прысуджаны СУП “Савушкіна” і СВК “Чарняны”, якія і павінны стаць прыкладам для таго ж СВК “Ляхаўцы”, што, як гавораць спартсмены, замыкае турнірную табліцу. І іншым гаспадаркам, якія не ўвайшлі ў шасцёрку мацнейшых, ёсць чаму павучыцца ў лепшых.
Надзея ЯЦУРА.
На здымку: падчас агляду машыннага двара СВК “Макраны”.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 13.12.2014 г.

Добавить комментарий


у нас

e-kirpich.kiev.ua

kls-agency.com.ua/
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!