Плаце прапісаны правілы…

Напэўна, не ўсе з нас ведаюць нормы Палажэння аб парадку разліку і ўнясення платы за жыллёва-камунальныя паслугі і платы за карыстанне жылымі памяшканнямі дзяржаўнага жыллёвага фонду, зацверджанага Пастановай Савета Міністраў РБ ад 12 чэрвеня 2014 года №571. Разабрацца ў некаторых нюансах разлікаў карэспандэнту рэдакцыі і чытачам газеты дапамагала начальнік абанентнага аддзела КУШВП ЖКГ “Маларыцкая ЖКГ” Таццяна Касьянюк.
— Таццяна Сяргееўна, давайце пачнем з канкрэтных прыкладаў. У кватэры зарэгістраваны 1 чалавек. Але ён часова жыве не па месцы рэгістрацыі, а па другім адрасе, дзе плаціць за карыстанне паслугамі, у тым ліку і камунальнымі. У кватэры, дзе грамадзянін зарэгістраваны, устаноўлены прыборы ўліку, вады таксама. Ці правільна, што яму выстаўляюць рахунак па месцы рэгістрацыі за спажыванне, скажам, вады? Фактычна ж ён яе не спажываў, што пацвярджаюць паказанні прыбору ўліку вады.
— У выпадку, калі чалавек не жыве ў доме ці кватэры, дзе зарэгістраваны, ён абавязаны за 7 дзён паведаміць аб гэтым у арганізацыю, якая аказвае паслугі, у да­дзеным выпадку ў жыллёва-камунальную службу. Прычым трэба цалкам разлічыцца за спажытую ваду (у адпаведнасці з дагаворам). На падставе п. 31 “Палажэння аб парадку разлікаў і ўнясення платы за жыллёва-камунальныя паслугі і платы за карыстанне жылымі памяшканнямі дзяржаўнага жыллёвага фонду №571 ад 12.06.2014 г.”, калі плата па паказаннях прыбора ўліку не праводзіцца, аб’ём спажытай вады вызначаецца і прад’яўляецца да платы па нормах водаспажывання (140 літраў у суткі на аднаго зарэгістраванага, у тым ліку, калі спажывец не давёў да ведама арганізацыю, што забяспечвае яго вадой).
У дадзеным выпадку, калі аб’ём вады па прыборы ўліку аказваецца меншы, чым той, што быў налічаны па норме, плацельшчыку робяць пераразлік, але сумы пераплаты залічваюцца ў лік будучых плацяжоў. Што датычыць астатніх камунальных паслуг, абанент уносіць плату па месцы пастаяннай рэгістрацыі.
— Жыльцы дома №14 па вул. Заводскай у Маларыце, якія тэле­фанавалі ў рэдакцыю, прасілі растлумачыць, чаму з іх спагналі плату за падагрэў гарачай вады, чаго раней не было?
— З верасня г.г. жыльцы дома №14 па вул. Заводскай (ЖБК-9) аплачваюць за паслугі гарачага водазабеспячэння ў адпаведнасці з заключанымі з камунальнай службай дагаворамі. У адрозненне ад жыльцоў іншых жылых дамоў, што знаходзяцца на абслугоўванні ЖКГ, плата па тарыфу бярэцца з іх у аддзяленнях банка альбо на пошце толькі за ваду і каналізацыю (1117,7+726,5, альбо звыш ліміт 5700+5150). Плата за падагрэў вады выстаўляецца кааператыву ў цэлым, яе размяркоўвае паміж жыльцамі кватэр бухгалтар кааператыва.
— Як наогул налічваецца плата за гарачую ваду?
— Пры наяўнасці вадамера аб’ём спажытай вады вызначаецца па ім, а пры адсутнасці ці калі вадамер не правераны, — па нарматывах. Акрамя таго, на спажыты аб’ём вады вызначаецца колькасць затрачанай цеплаэнергіі на яе падагрэў. Колькі канкрэтна пайшло такой энергіі, вызначаецца па групавым прыборы ўліку яе. Калі ж такога прыбора няма, — па ўстаноўленых нарматывах.
— Грамадзянін не зарэгістраваны ў доме ці кватэры і не заключаў дагавор на вываз, абясшкоджванне і перапрацоўку цвёрдых камунальных адходаў. Ці спаганяецца з яго ў такім разе плата за гэты від паслуг?
— У адпаведнасці з Палажэннем №571 плата за гэты від паслуг ажыццяўляецца па тарыфах, што забяспечваюць поўную кампенсацыю затрат на іх аказанне. Прычым неабходна заключыць дагавор. Гэта датычыць грамадзян жылых дамоў, якія знаходзяцца ў камунальнай уласнасці і размешчаны ў межах тэрыторыі, што камунальная служба абслугоўвае.
— Некаторыя са спажыўцоў за ваду плацяць некалькі разоў у месяц, скажам, тры. Тут ёсць якія-небудзь перавагі?
— Ніякіх. Увесь аб’ём вады ўсё роўна падсумоўваецца і праводзіцца даналі­чэнне за звышнарматыўны аб’ём спажытай вады.
— Таццяна Сяргееўна, для якіх катэгорый грамадзян не распаўсюджваецца ліміт водаспажывання?
— У ліку такіх катэгорый – шматдзетныя, няпоўныя сем’і, сем’і, дзе выхоўваецца дзіця-інвалід, і інш. Для таго, каб пацвер­дзіць сваё права на льготу, грамадзяне павінны даць у камунальную службу неабходныя дакументы, што пацвярджаюць іх статус.
— Па якіх тарыфах будзе наліч­вацца плата за водазабес­пячэнне ў выпадку, калі на ўчастку, выдзе­леным ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку грама­дзя­ніну пад агарод, няма жылых памяшканняў, аднак праведзена вада (калонка)?
— У гэтым выпадку плата налічваецца за ўвесь аб’ём водаспажывання па тарыфах, што забяспечваюць поўную кампенсацыю эканамічна абгрунтаваных затрат.
— Галіна Васільеўна, якая жыве ў адным з кааператыўных дамоў нашага горада, цікавілася, чаму ў лістападзе ёй давялося даплаціць, акрамя непасрэднай платы, яшчэ 50450 рублёў за кастрычнік? У сувя­зі з чым быў зроблены пера­разлік?
— На кожнага зарэгістраванага па месцапражыванні грамадзяніна выдзяляецца 140 літраў вады ў суткі (альбо гарачай, альбо халоднай) па субсі­дзіруемых тарыфах для насельніцтва. Калі фактычны аб’ём аказаўся вышэйшым за ўстаноўлены ліміт, праводзіцца даналічэнне, і розніца паміж налічанымі і аплачанымі сумамі прад’яўляецца да аплаты, інакш кажучы, робіцца пераразлік. У гэтым выпадку, напэўна, так і было.
— А калі налічваецца пеня?
— Пеня налічваецца плацельшчыкам, якія несвоечасова і (ці) не ў поўным аб’ёме заплацілі за жыллёва-камунальныя паслугі. Тэрмін аплаты – 25 чысла месяца, які ідзе за разліковым.
Пеня налічваецца ў памеры 0,3% ад няўплачанай сумы за кожны дзень пратэрміноўкі. Калі карыстальнік спраўна аплачвае ўсе камунальныя паслугі (арэндная плата, вываз смецця, халодная і гарачая вада, жыллёва-камунальныя паслугі, адлічэнні на капрамонт і тэх­абслугоўванне) ва ўстаноўлены тэрмін, пеня не налічваецца.
— Як налічваецца плата ў выпадку, калі адсутнічае прыбор індывідуальнага ўліку расходу вады?
— Згодна з падпунктам 33.3 п. 33 Палажэння пры адсутнасці прыбораў індывідуальнага ўліку расходу вады плата за паслугі водазабеспячэння, водаадвя­дзення (каналізацыі) налічваецца зыхо­дзячы з нормаў (нарматываў) спажывання, зацверджаных мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, па тарыфах, што забяспечваюць поўную кампенсацыю эканамічна абгрунтаваных затрат на аказанне гэтых паслуг.
— У аднакватэрным блакіраваным жылым доме няма водаправода, у ім ніхто не зарэгістраваны. Аднак вядома, што гэты дом выкарыстоўваюць пад дачу. Вада спажываецца, у тым ліку і на паліў агарода з калонкі. Як налічваецца плата за водазабеспячэнне ў да­дзеным выпадку?
— У выпадку, калі на падвор’і няма водаправода і прыбораў індывідуальнага ўліку расходу вады, і, адпаведна, грамадзяне для гаспадарчых патрэб выкарыстоўваюць ваду з вулічнай водаразборнай калонкі, плата за паслугі водазабеспячэння на­лічваецца на падставе заключанага дагавора, зыходзячы з нормаў, устаноўленых мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі.
— Ці налічваецца па субсідзі­руемых тарыфах для насельніцтва плата за паслугі водазабеспячэння, водаадвядзення ў межах устаноўленых нормаў, а таксама за вываз, абясшкоджванне і перапрацоўку цвёрдых камунальных адходаў грамадзянам пры ўмове наяўнасці дагавору найму ў выпадку, калі ў гэтым жылым памяшканні не жывуць зарэгістраваныя ўласнік і члены яго сям’і?
— Згодна з Палажэннем грамадзянам, зарэгістраваным па месцапражыванні, ці не зарэгістраваным па месцапражыванні, пры ўмове наяўнасці копіі дагавору найму, плата налічваецца ў межах устаноўленых нормаў па субсідзіруемых тарыфах для насельніцтва незалежна ад таго, зарэгістраваныя ці не ў гэтым памяшканні ўласнік альбо члены яго сям’і.
— Па якіх тарыфах налічваецца плата за вываз, абясшкоджванне і перапрацоўку цвёрдых камунальных адходаў грамадзян, зарэгістраваных у жылым памяш­канні па месцы знаходжання без заключэння дагавору найму (паднайму) жылога памяшкання?
— У дадзеным выпадку грамадзянін уносіць плату па месцы пастаяннай рэгістрацыі.
— Чатыры гады таму змяніўся ўласнік кватэры. У камунальнай службе інфармацыя аб гэтым з’явілася толькі нядаўна. Плата за жыллёва-камунальныя паслугі налічвалася на папярэдняга ўласніка. Новы ўласнік адмаўляецца плаціць запазычанасць. Ці мае ён рацыю?
— Згодна з арт. 29 Жыллёвага кодэкса РБ пры змене ўласніка жылля адказнасць па аплаце за камунальныя паслугі нясе новы ўласнік з моманту рэгістрацыі пераходу права ўласнасці. Таму, каб пазбегнуць няправільных налічэнняў, неабходна звярнуцца ў камунальную службу для пераафармлення ўсіх дакументаў.
Запісала Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: начальнік абанентнага аддзела КУШВП ЖКГ “Маларыцкая ЖКГ” Таццяна КАСЬЯНЮК.
Фота Ніны СВІЦЮК.

Опубликовано в «ГЧ» 13.12.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.