Саламяных спраў майстрыха

Так ужо не адзін год гавораць пра Дзіну Бягезу тыя, хто яе ведае. І на гэта ёсць усе падставы. Жанчына больш за тры дзясяткі гадоў займаецца саломапляценнем. З цудоўнымі вырабамі з «золата» беларускіх ніў, зробленых яе рукамі, знаёмы не толькі маларытчане. Персанальныя выставы Дзіны Фёдараўны, творчага і ўлюбёнага ў сваю справу чалавека, праходзілі ў Брэсце, у рэспубліканскім Цэнтры народнай творчасці моладзі і студэнтаў (г.Мінск). Многія яе саламяныя шэдэўры цяпер знаходзяцца ў прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Германіі, Італіі, дзе сталі эксклюзіўнымі сувенірамі. Капелюшы, плеценыя вазы з кветкамі, птушкі ў рост чалавека, хатнія жывёліны, розныя ўпрыгожванні – нікога не пакінуць раўнадушным саламяныя работы Дзіны Бягезы. Кожны з твораў майстрыхі вылучаецца арыгінальнасцю творчай задумы, высокім майстэрствам выканання, густам, уражвае сваёй непаўторнасцю.

Калі заходзіш і бачыш іх, то здаецца, што ледзь улоўна гучыць мелодыя золата саломкі. Вырабы станоўча ўздзейнічаюць на таго, хто з імі зрокава судакранаецца. Убачанае выклікае захапленне. Гэта яшчэ раз пацвердзіла творчая выстава, што на працягу некалькіх тыдняў размяшчалася ў раённай бібліятэцы і была прымеркавана да 75-годдзя з дня ўтварэння Маларыцкага раёна.
Чараўніца саломкі, выдатны народны ўмельца, майстар — залатыя рукі — такія водгукі наведвальнікаў выставы работ Дзіны Бягезы, якая ўжо шмат гадоў працуе педагогам дадатковай адукацыі ў Арэхаўскай СШ.
— Я марыла стаць лесніком, — успамінае Дзіна Фёдараўна. — Часта з бацькам, які быў паляўнічым, хадзіла на качак, зайцоў. Аднак набываць адукацыю падалася ў ТВ-156 народных мастацкіх промыслаў г.Кобрына. Напэўна, на такі выбар паўплывала тое, што была неадольная цяга да непрафісійнага жывапісу, якая перадалася ад маёй маці Соф’і.
Дзіна Бягеза прызналася, што саломка ў руках з’явілася ўсур’ёз раз і назаўсёды, напэўна, па той прычыне, што неабходна было забаўляць сваё малое дзіця. Спачатку жанчына зрабіла саламяныя бразготкі з гарохам унутры. Калі сын Генадзь падрос, узнікла неабходнасць асвоіць і саламяна-капялюшнае майстэрства. Так непрыкметна і ўцягнулася ў «народную» творчасць. Пазней прыйшла нават нейкая ўнутраная патрэба ў тым, каб узяць у рукі саломку хоць праз дзень і нешта сплесці.
Дзіна Бягеза любіць назіраць, як каласуюць збожжавыя. У розны час сутак, па словах жанчыны, яны маюць розныя колеры і адценні. Дзіна Фёдараўна ўмее прыкмячаць усе шматлікія фарбы збожжавых і вырашае, для якога вырабу яны будуць лепш прыдатнымі, каб найбольш рэалістычна ажыццявіць сваю задуму.
— Іржаная, пшанічная, ячменная салома здаўна знаходзіла самае шырокае, універсальнае прымяненне ў гаспадарцы, побыце і абрадах земляробаў. Якасць яе залежыць ад многіх фактараў. А ад гэтага ў сваю чаргу — і знешні выгляд таго, што пляцеш. Тут галоўнае – не памыліцца.
Работы Дзіны Бягезы вызначаюцца тэматычным багаццем, непаўторным аўтарскім почыркам, каларытам,густам, няспынным пошукам у галіне формы і дэкору.
Дзіна Фёдараўна адна з тых на Маларытчыне, хто працягвае мясцовыя традыцыі саломапляцення. Яна шмат працуе — рыхтуецца атрымаць ганаровае званне народнага майстра. Для гэтага ўжо многае зроблена. Аднак яшчэ ёсць шмат задумак і пакуль нерэалізаваных планаў.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Дзіна Бягеза, майстар-умельца па саломапляценні з в.Арэхава, падчас персанальнай выставы яе работ у раённай бібліятэцы.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 13.12.2014 г.

Добавить комментарий


ecocoins hyip

www.photolifeway.com

у нас на сайте www.profvest.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!