Сіла — у масавасці і згуртаванасці

На VІІ раённай справаздачна-выбарнай прафсаюзнай канферэнцыі работнікаў АПК падведзены вынікі дзейнасці гэтай грамадскай арганізацыі за справаздачны перыяд, азначаны задачы на перспектыву, абраны новы старшыня райкама прафсаюза работнікаў агра­прамысловага комплексу  
Па рэкамендацыі прад­стаўнікоў абкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу на пасаду старшыні РК прафсаюза зноў абраны Віктар Марушаў. Гэта адбылося напрыканцы канферэнцыі. Дэлегаты аднадушна падтрымалі кандыдатуру Віктара Марушава. А напачатку – старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК зрабіў справаздачу дзейнасці падначаленай арганізацыі.
Дык што ж удалося зрабіць за 5 гадоў, што не атрымалася і чаму? Адказваючы на гэтыя пытанні, Віктар Марушаў зазначыў, што дзейнасць райкама прафсаюза работнікаў АПК у справаздачным перыядзе была скіравана на абарону правоў і інтарэсаў працоўных: выкананне калек­тыўных дагавораў, аказанне практычнай дапамогі пярвічным арганізацыям у вырашэнні пытанняў, якія ўзнікалі паміж наймальнікамі і работнікамі, на ахову працы, на стварэнне ўмоў для адпачынку. Нешта, як, напрыклад, бытавыя пытанні вырашыць удалося на фермах, дзе праведзена рэканструкцыя, і на новых аб’ектах. У механічных майстэрнях, часам,бытавыя памяшканні знаходзяцца яшчэ на ўзроўні 50-60 гадоў мінулага стагоддзя. Належным чынам працавалі прафсаюзы ў арганізацыі працоўнага спаборніцтва падчас адказных сельгаскампаній і падвядзенні яго вынікаў –ніводны камбайнер-тысячнік не застаўся па-за ўвагай, клапаціліся пра арганізацыю гарачага харчавання, пра забеспячэнне жыллём маладых спецыялістаў, не забывалі і пра школьнікаў, многія з якіх з цягам часу, магчыма, папоўняць рады сельгасвытворцаў. А яшчэ арганізоўвалі спартакіяды работнікаў аграпрамысловага комплексу. Апошняя адбылася ў лістападзе напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі. Не стаялі ўбаку прафсаюзы і ад аздараўлення сельскіх працаўнікоў і іх дзяцей.
Кола дзейнасці, як бачна, шырокае. Ды толькі і працаваць яшчэ ёсць над чым. У тым ліку і над ростам арганізацыі. Бо, як зазначыла ў сваім выступленні старшыня прафкама работнікаў Маларыцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельска­гаспадарчай вытворчасці Ірына Сікорская, сіла прафсаюза ў яго масавасці. І калі ў іх калектыве ўсе з’яўляюцца членамі прафсаюза, дык у многіх сельгаспрадпрыемст­вах і абслуговых арганізацыях пакуль не ўсе работнікі ахоплены прафсаюзным рухам.
Па-за ўвагай у справаздачы Віктара Марушава засталася тэма выплаты кампенсацыі рабочым, якія атрымалі пака­лечанні на вытворчасці. На гэтым увагу прысутных засяродзіў галоўны тэхнічны інспектар абкама прафсаюза работнікаў АПК Сяргей Конюшка. Таму і ў гэтым кірунку Маларыцкай раённай прафсаюзнай арганізацыі ёсць над чым працаваць.
А самае галоўнае, бадай, і балючае пытанне – зарплата. Нягледзячы на дасягненні раёна ў павелічэнні вытворчасці сельгаспрадукцыі, заработная плата работнікаў аграпрамысловага комплексу на Маларытчыне застаец­ца нізкай. Пра гэта на канфе­рэнцыі гаварылі і стар­шы­ня РК прафсаюза Вік­тар Марушаў, і галоўны спецыяліст па сацыяльна-эканамічных пытаннях абкама прафсаюза работнікаў АПК Вольга Ключэўская. Яна значна ніжэй, чым не толькі ў рэспубліцы, але і нават у вобласці. Як і за кошт чаго палепшыць гэтую сітуацыю і зрабіць жыццё маларыцкіх аграрыяў годным? Над гэтым і іншымі, яшчэ не вырашанымі пытаннямі, і належыць працаваць новаму прэзідыуму і яго старшыні ў перспектыве.
Надзея ЯЦУРА.
На здымках: падчас канферэнцыі былі ўшанаваны актывісты праф­саюза работ­нікаў АПК Любоў Абрамук з СВК “Рыта”, Іван Мелянчук з СУП “Са­вушкіна” і Кацярына Галавей з Маларыцкага кансервавагародніна­су­шыль­нага камбіната; стыпен­дыятамі абкама прафсаюза работнікаў АПК сталі навучэнцы ліцэя Арцём Абрамчук і Сяргей Гева.
Фота Алега Крэмянеўскага.

Опубликовано в «ГЧ» 17.12.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.