Гісторыя з сумным фіналам

Чарговае пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх прайшло на базе гарадской сярэдняй школы № 1. Для гэтай навучальнай установы, як, дарэчы, і для іншых, працаваць з праблемнымі сем’ямі – не ў навінку. 9 сем’яў, дзеці з якіх вучацца тут, узяты на ўлік як сацыяльна-небяспечныя. Аб тым, як працуюць з гэтымі сем’ямі ў калектыве школы, распавяла дырэктар Наталля Пракапук. Галоўнымі прынцыпамі ў прафілактычнай рабоце, як падкрэсліла яна, з’яўляюцца ўвага да кожнай, нават самай дробнай праблемы, адзінства сям’і і школы, калі кантакт наладжаны настолькі, што самі бацькі папярэджваюць педагогаў аб нейкіх негатыўных паводзінах дзяцей, і аптымізм у пачатай справе, настрой на тое, каб у самых складаных сітуацыях не апускаць рукі. Што гэтыя прынцыпы даюць станоўчыя вынікі, кіраўнік установы пацвердзіла канкрэтнымі прыкладамі. Але хоць работа з праблемнымі сем’ямі ў школе наладжана, пытанні гэтыя застаюцца надзённымі. І сярод тых падлеткаў, паводзіны якіх разглядала камісія па справах непаўналетніх, былі і вучні першай гарадской школы. Увогуле, апошняе пасяджэнне камісіі было насычана сумнымі гісторыямі лёсаў дарослых і дзяцей. Слухаючы іх, міжволі задумалася аб тым, што нярэдка мы звяртаем увагу на саму праблему, але забываем пра крыніцы, з якіх яны выцякаюць.

Папулярны «слабы» алкаголь
…Сябровак Наталлю і Кацярыну супрацоўнікі міліцыі спынілі па дарозе з вёскі Хаціслаў, куды дзяўчаты-старшакласніцы адправіліся на дыскатэку. Стрэлкі гадзінніка набліжаліся да двух гадзін ночы. Аб тым, чаму падлеткі ў такі час не дома, міліцыянеры і спыталі ў дзяўчат. А калі заўважылі, што сяброўкі “пад шафэ”, размова перайшла ў іншы ход.
— Каця прыехала да мяне ў госці, мы выпілі энергетычны напой і адправіліся на дыскатэку, — тлумачыла Наталля. Відаць, так і не асэнсоўваючы, у чым галоўная прычына таго, за што даводзіцца трымаць адказ перад камісіяй па справах непаўналетніх, дзяўчына разважала: “Хіба ж “энергетык” – гэта алкаголь?”
На жаль у маладзёжным асяродку энергетычныя і слабаалкагольныя напоі, такія, як “Бёрн”, “Рэд бул”, “Шэйк” і іншыя сёння вельмі папулярныя. Многія шчыра лічаць іх бясшкоднымі. І зусім не задумваюцца, што ў састаў слабаалкагольных напояў, што вядома з афіцыйных крыніц, акрамя разведзенага да васьмі градусаў спірту, уваходзяць яшчэ такія “карысныя” рэчывы, як бензаат натрыя – кансервант, які атрымліваюць пры перапрацоўцы нафты, цітрат натрыя – падкісляльнік, які раз’ядае сценкі страўніка, іншыя хімічныя рэчывы і араматызатары, забароненыя да ўжывання ва ўсіх краінах Еўрасаюза. Ужыванне гэтых напояў можа выклікаць многія хваробы, але горш за ўсё тое, што вельмі хутка яны прыводзяць маладых людзей да алкагалізму, вылечыцца ад якога, як сцвярджаюць медыкі, значна цяжэй, чым ад трыдыцыйнага – гарэлачнага. У адной бутэльцы 0,33 л слабаалкагольнага напою ўтрымліваецца 25 грамаў чыстага спірту. А калі за вечар выпіта пяць-шэсць бутэлек? Атрымліваецца сто пяцьдзесят грамаў спірту. Не менш небяспечнымі з’яўляюцца і энергетычныя напоі, якія ўтрымліваюць кафеін, ці экстракты матэ, гуараны, тэафілін, а часам і алкаголь у малых дозах. Усе яны стымулююць работу сэрца і, здаецца, прыдаюць бадзёрасць і энергію. Але вядомы ўжо факты смерці маладых людзей з-за спынення сэрца. Самі па сабе энергетыкі, як тлумачаць спецыялісты, не даюць арганізму ніякай падпіткі, а дазваляюць узяць энергію яго “наперад”. Нездарма ж пасля іх ужывання чалавек адчувае стамленне, раздражняльнасць. Але горш за ўсё, калі часта ўжываць энергетыкі, да іх арганізм пачынае прывыкаць. І без чарговай порцыі маладыя людзі ўжо не могуць прыйсці ў нармальны стан.
Ці ведалі пра гэта дзяўчаты? Як высветлілася – не. І хочацца верыць, што, пачуўшы такую інфармацыю, назаўжды забудуць пра такі спосаб узняцця настрою, як “слабыя” напоі. І не толькі самі аб’явяць ім табу, але і іншых папярэдзяць.

Начная “рамантыка”
Ноч. Пустынныя вуліцы горада. Святло ўжо даўно адключана, не свецяцца і вокны ў дамах, бо ўсе ўжо даўно спяць. Але міліцэйская машына, праязджаючы па адной з вуліц, заўважае дзве постаці. Што прымусіла двух дзяўчат-падлеткаў у палове чацвёртай гадзіны ночы выйсці на вуліцу горада? Як аказалася – жаданне пагуляць. Сёстры — адзінаццацігадовая Ганна і чатырнаццацігадовая Таццяна, прыехалі ў госці да бабулі. Калі тая заснула, ціхенька выйшлі і адправіліся вандраваць. Камісіі па справах непаўналетніх даводзілася ўжо сустракацца з дзяўчынамі ў маі гэтага года, калі тыя таксама ўначы, без суправаджэння дарослых, былі спынены супрацоўнікамі міліцыі за межамі горада. Начныя прагулкі сёстры любяць, а вось школьныя заняткі, як паказалі табелі паспяховасці, зусім не. У малодшай сястры сярэдні бал чатыры з паловай, у старэйшай — крыху большы: 6.1. Ці не ў тым, што няма за дзяўчатамі належнага кантролю, і таіцца сама праблема? Ім не цікавыя кнігі, яны не імкнуцца атрымаць веды, каб пасля школы далей працягваць атрымліваць адукацыю і знайсці сваё месца ў жыцці, яны не хвалююцца пра блізкіх. А значыць, нешта ўпушчана ў выхаванні, ва ўзаемаадносінах бацькоў і дзяцей. І навярстаць гэтае ўпушчанае няпроста, але трэба, прычым неадкладна. А пакуль сям’я будзе знаходзіцца пад кантролем.

Помста…
Сяброў, як гаворыцца, не выбіраюць. Іх у розныя перыяды жыцця чалавек проста сустракае на сваім шляху. І добра, калі з сябрам пашанцавала… Недарэмна ж існуе прымаўка: “Скажы, хто твой сябар, і я скажу, хто ты”. Можна сказаць, што 13-гадоваму Іллі, які, як заўважае яго маці, вельмі паддаецца дрэннаму ўплыву іншых, проста не пашанцавала. Яго сябар, Улад, і сам вызначаецца даволі адмоўнымі паводзінамі, і сябра не па самай лепшай сцежцы вядзе. І першы прыпынак на гэтай сцежцы – пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх. Адказваць перад камісіяй Улад і яго бацькі не прыйшлі, таму Іллі давялося расказваць пра ўсё, што хлопцы ўчынілі, самому. А гісторыя была са сцэнарыем амаль што з крымінальнай стужкі. Улад не вельмі любіў наведваць заняткі ў школе. Але, каб ніхто не абвінаваціў яго ў пропусках заняткаў, прыкінуўшыся хворым, з ранку адправіўся ў мясцовы ФАП. Фельчар, агледзеўшы “хворага” з яўнымі сімптомамі прастуды (ведаў Улад, як стварыць бачнасць хваробы), выпісаў хлопцу даведку, і той пабег дахаты, задаволены, што можа адпачываць. Такая сітуацыя паўтарылася і ў другі раз. А калі ў чарговы раз прыйшоў вучань за даведкай, фельчар зразумеў, што той проста хітрыць, дасканала агледзеў хлопца і адправіў у школу. Улад затаіў крыўду і падгаварыў сябра Іллю адпомсціць “злому доктару”. Увечары юнакі прыйшлі да будынка ФАПа і пачалі ламаць агароджу. Адпомсціць, вядома ж, не ўдалося, бо самім хлопцам і іх бацькам давялося аднаўляць агароджу. Калі б узрост падлеткаў дазваляў, яны былі б прыцягнуты да крымінальнай адказнасці, але дакумент перадалі на разгляд камісіі па справах непаўналетніх. Прычым гэта не адзіны эпізод, калі Ілля трапляў ра­зам з сябрам у даволі непрыемныя і нават небяспечныя сітуацыі. Калі спыталі хлопца, навошта яму такі сябар, ён апусціў галаву і нічога не сказаў. Відаць, цяжка знайсці сабе іншых сяброў таму, хто ледзь выбіраецца з “двоек”, не мае ніякіх захапленняў і ў свае 13 гадоў прывык ужо да цыгарэт і ніколькі не саромеецца сказаць камісіі, што ён курыць.

“Вярніце мне сэнс жыцця”
Псіхолагі сцвярджаюць, што здольнасці і таленты праяўляюцца ў дзіцяці да трохгадовага ўзросту, да шасці гадоў яно засвойвае ўсе асноўныя паняцці аб добрым і дрэнным, да 18 гадоў характар чалавека яшчэ здольны змяняцца, паддавацца выхаванню. А вось дарослую асобу выхоўваць і змяняць проста няма сэнсу, бо перавыхаванню яна не паддаецца. Але камісіі па справах непаўналетніх даводзіцца ўсё ж займацца выхаваннем “праблемных” дарослых людзей – мам і тат, якія п’юць і зусім забываюць пра сваіх дзяцей. Людміла Ж., мама дзевяцікласніцы Каці ,якраз з такой кагорты. Яна нярэдка бывае “пад градусам”, хоць, як і большасць з тых, хто злоўжывае алкаголем, лічыць, што ў любы момант можа пакінуць піць. Дзяўчынка не адчувае падтрымкі бацькоў, клопату і ўвагі. І добра, што наладжаны добрыя адносіны з класным кіраўніком, якая стала для Каці другой мамай. Людмілу Ж. неаднойчы ўжо папярэджвалі, што будзе ставіцца пытанне аб тым, каб забраць дзяўчыну з сям’і. І кожны раз абяцала. Як і на гэты раз. “Вам паламаць жыццё дзіцяці лёгка” — з абурэннем на папярэджанне камісіі адказаў сужыцель Людмілы. І гэтыя словы прагучалі, як пацвярджэнне таму, што гора-бацькі так і не разумеюць, у чым сама прычына праблем у сям’і. Дарослых задавальняе такое жыццё, палохае толькі тое, што калі дачка трапіць у інтэрнат ці іншую сям’ю, давядзецца працаваць і вяртаць дзяржаве сродкі, якія тая будзе траціць на выхаванне дзіцяці. Але ці з-за гэтага павінна балець бацькоўскае сэрца?..
А вось у Вольгі В. ужо некалькі месяцаў у доме пуста. Яе дзяцей цяпер выхоўваюць іншыя людзі. Пакуль часова, але можа так атрымацца, што і назаўжды.
— Вярніце мне сэнс жыцця, — выціраючы слёзы, просіць Вольга.
І тлумачыць: я не п’ю, як толькі ўчастковага заўважу, яму насустрач іду, каб бачыў, што я цвярозая, у доме ў мяне парадак, ды і каму там смеціць, я ўсё гатова зрабіць, каб толькі мае дзеці зноў дома былі…
Але ў камісіі да жанчыны ёсць прэтэнзіі. У мінулым месяцы яна сем дзён адсутнічала на рабоце, у табелі стаяць прагулы, ды і пераязджаць Вольга сабралася ў іншую мясцовасць, а гэта не на карысць дзецям. Ды і галоўнае — дзеці Вольгі ўжо не вераць у тое, што маці можа стаць іншай, і старэйшыя сын і дачка самі не хочуць вяртацца дамоў.
Жанчыне камісія яшчэ дала час, каб яна магла даказаць, што сапраўды гатова да іншага жыцця і, нарэшце, зразумела, што другога шанца вярнуць дзяцей у яе ўжо не будзе.
…Разгледжаны апошні пратакол, члены камісі абменьваюцца думкамі. На душы цяжар. І ён ад таго, што разумееш – прой­дзе час, будзе новае пасяджэнне і зноў будуць гучаць сумныя гісторыі разбітых, як шкло чарговай выпітай бутэлькі, лёсаў. Бо пакуль маладыя людзі так і будуць лічыць, што няма нічога дрэннага ў бутэльцы піва ці “Шэйка”, ужытага перад дыскатэкай, пакуль дзеці з малых гадоў будуць сведкамі яскравых прыкладаў сямейных застолляў, змяненняў да лепшага, на жаль, не бу­дзе. Кожнае пасяджэнне камісіі – гэта своеасаблівая работа над памылкамі. Дык давайце вучыцца на памылках іншых.
Святлана МАКСІМУК.

Опубликовано в «ГЧ» 17.12.2014 г.

Добавить комментарий


монорельсовые весы

www.rikon-ya.com/001.html

avto-poliv.com.ua/oborudovanie/dlya-avtopoliva
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!