Свет, адкрыты кнігай

На новым старым месцы работа закіпела адразу. У Ларысы Анішчук было мноства задумак, планаў, ідэй, якія яна імкнулася рэалізаваць. Па яе ініцыятыве пры бібліятэцы ствараецца літаратурна-прапагандысцкая група «Спадчына», якая стала актыўна прапагандаваць мясцовы фальклор.
Напрыканцы 1944 г. у Лукаве адкрылася хата-чытальня. Размясцілася яна ў адным з пакояў будынку мясцовага сельскага Савета. Першым бібліятэкарам стаў Георгій Сяргеевіч Абрамук. Першапачаткова ў хаце-чытальні налічвалася прыблізна 150-200 экземпляраў кніг розных аўтараў. Зараз у Лукаўскай бібліятэцы-філіяле, які з’яўляецца адным з лепшых у Маларыцкім раёне, кніжны фонд складае амаль 9 тысяч выданняў. Працуе ў ім Ларыса Анішчук. Яна прыняла бібліятэку ў 1982 годзе.
Ларыса Сцяпанаўна яшчэ ў дзяцінстве вырашыла, што стане правізарам. Таму сур’ёзна рыхтавалася да паступлення ў Віцебскі медыцынскі інстытут. Аднак бацька быў супраць. Не хацеў ён дачку адну адпускаць так далёка вучыцца.
— Давялося з мноства прафесій выбіраць ужо іншую, — кажа Ларыса Анішчук. — Доўга не вагалася. Вырашыла, што пасля заканчэння школы буду паступаць у Брэсцкі педагагічны інстытут, каб стаць настаўнікам геаграфіі. На пачатку 80-ых гадоў мінулага стагоддзя гэтая спецыяльнасць была вельмі прэстыжнай, бо студэнты на канікулах і падчас практыкі бывалі ў розных куточках свету. А галоўнае,спецыяльнасць можна было набыць практычна побач з домам. Аднак задуманае не збылося. Я не прайшла па конкурсе.
Ларыса вяртаецца ў родную вёску, год працуе вагаўшчыцай. Затым уладкоўваецца на работу бібліятэкарам і адначасова паступае вучыцца ў Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум.
— Справа, якой займалася, прыносіла задавальненне, — прызнаецца Ларыса Анішчук. — Тут я адчувала сябе, як кажуць, у сваёй талерцы. Кожны дзень на работу ішла з радасцю і ахвотай. Аднак…
Аднак неўзабаве ўзніклі пэўныя цяжкасці. Яны былі звязаны з малой дачкой Аленай. Дзіця наведвала садок. А бібліятэка працавала тады да 11 гадзін вечара. Гэта і стварала пэўныя нязручнасці, бо пасля заканчэння працоўнага дня Алене неабходна было шукаць няньку. У бібліятэку ж не будзеш браць дзіцё кожны вечар. У курсе гэтай сітуацыі быў тагачасны старшыня калгаса Валерый Бялкоў. Ён неяк сам распачаў размову і так далікатна прапанаваў перайсці на працу выхавацелем у калгасны дзіцячы садок.
— Узнікла дылема, — гаворыць Ларыса Сцяпанаўна. — Пэўны час я не магла вызначыцца, што далей рабіць, дзе працаваць. У рэшце рэшт, вырашыла, што пакуль дачка наведвае дзіцячы сад, перайду працаваць туды. А далей будзе бачна. Не выключала і магчымасці вярнуцца назад.
У дзіцячым садку Ларыса Анішчук затрымалася ажно на 8 гадоў. Аднак любоў да кнігі, да чытачоў прыводзяць яе зноў у бібліятэку.
— Я часта ўспамінаю словы Вальтэра, — кажа Ларыса Сцяпанаўна, — які калісьці трапна заўважыў: «Калі чытаем у першы раз добрую кнігу, мы адчуваем такое ж хваляванне, як пры знаёмстве з новым сябрам. Паўторна прачытаць ужо раней прачытаную кнігу, — значыць ізноў убачыць старога сябра». Вярнуўшыся назад у бібліятэку, здалося, што зноў вярнулася да сваіх даўніх і надзейных сяброў, якія так мяне чакалі. Без кніг было неяк сумна, а з імі — утульней, цяплей, і неяк лепш на душы. Кніга ў маім жыцці — дарадца, памочніца і выратавальніца ад будзённых жыццёвых рэалій. Яна адкрывае свет, яго таямніцы.
У 2004 г. сельскі клуб зачынілі. Увесь бібліятэчны фонд перанеслі ў дом, дзе калісьці размяшчаўся ФАП. Аднак Лукаўская сельская бібліятэка працягвала плённа працаваць. Пра гэта сведчыць, напрыклад, такі факт. Яна прымае ўдзел у трэцім туры ІІІ рэспубліканскага агляду-конкурсу на лепшую пастаноўку работы бібліятэк па экалагічнай асвеце і інфармаванні насельніцтва. Вынік — трэцяе месца ў абласным туры і трэцяе месца — у рэспубліканскім.
У 2008 годзе в. Лукава стала аграгарадком. Прымаецца рашэнне пад клуб і бібліятэку рэстаўрыраваць былы будынак кафэ. Пасля завяршэння рамонтных работ працаваць у новых умовах стала больш утульна і камфортна. Бібліятэка з простай установы культуры з сярэднімі магчымасцямі ператварылася ў бібліятэку аграгарадка, стала па-сапраўднаму культурным, адукацыйным і інфармацыйным цэнтрам. З’явіліся новыя накірункі работы, якія якасна змянілі жыццё вяскоўцаў.
— Сёння бібліятэка абслугоўвае 400 жыхароў вёскі, з іх 115 — дзяцей, — гаворыць Ларыса Анішчук. — Павялічыць колькасць чытачоў стала магчымым, дзякуючы пошуку новых формаў і метадаў работы, якія адпавядаюць асаблівасцям нашага часу. Для прываблівання чытачоў у бібліятэку, задавальнення іх запытаў прымяняюцца самыя розныя формы.
У рабоце з чытачамі шырока выка­рыстоўваюцца інфармацыйныя тэхна­логіі. Насельніцтва можа карыстацца паслугамі электроннай пошты. Усе мерапрыемствы абавязкова праходзяць з выкарыстаннем інтэрнэт-рэсурсаў, мультымедыйных прэзентацый, DVD-дыскаў. Ёсць багаты матэрыял на электронных носьбітах. Шмат цікавага сабрана Ларысай Анішчук па краязнаўстве, здаровым ладзе жыцця, аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны, на духоўныя і маральна-этычныя тэмы… Традыцыйнымі сталі дні сямейнага чытання, у рамках якіх прахо­дзяць віктарыны, конкурсы, розныя гульні. Асаблівай папулярнасцю карыстаецца сямейны конкурс «Тата, мама, я — сям’я, якая чытае».
— На мой погляд, на вёсцы павінны пераважаць забаўляльныя формы, — кажа Ларыса Анішчук. — Пры інтэрактыўных зносінах з чытачамі рэакцыя бачна адразу, высновы можна зрабіць неадкладна. Зараз многа мерапрыемстваў маюць нестандартную форму правядзення.
Ларыса Сцяпанаўна актыўна дзеліцца вопытам работы з калегамі. У Лукаўскай сельскай бібліятэцы-філіяле двойчы пабывалі бібліятэкары — слухачы Брэсцкіх абласных курсаў павышэння кваліфікацыі работнікаў культуры (2012 г., 2013 г.). А 26-27 верасня 2013 г. Ларыса Анішчук прымала ўдзельнікаў абласнога семінара дырэктараў ЦБС Брэстчыны па тэме «Бібліятэчныя кадры: статус, выкарыстанне, навучанне».
Ларыса Сцяпанаўна любіць сваю работу і ў жыцці прытрымліваецца слоў Кузьмы Чорнага: «Вялікі доктар усялякай хворасці ў чалавечай душы – час. Ён мае вечнага свайго дапаможніка – працу». Ларыса Анішчук пераканана, што дзейнасць бібліятэкара сёння скіравана на выкананне надзённай задачы: наданне неабмежаванага доступу да інфармацыі, да новых ведаў, прапаганда чытання кнігі, бесперапынная адукацыя. Бо гэта — адзін са спосабаў развіцця грамадства, міжнацыянальнай згоды і духоўнасці.
Бягуць няспынна наперад гады. Цячэ рака часу. Летапіс Лукаўскай бібліятэкі-філіяла працягваецца. І якой яна будзе праз сто гадоў? Што ў гэтым працэсе залежыць ад нас?
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: бібліятэкар Лукаўскай бібліятэкі-філіяла Ларыса Анішчук.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 17.12.2014 г.

Добавить комментарий


система полива hunter
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!