ПРЫТОК ЛЮДЗЕЙ – ПРЫТОК ЗЛАЧЫНСТВАЎ

Што рабіць, калі вадзіцель ігнаруе дарожныя знакі, што трэба разумець пад грамадскім месцам, ці ўсе злачынствы, што былі ўчынены ў раёне, раскрыты – гэтыя і іншыя пытанні высвятлялі грамадзяне ў начальніка райаддзела ўнутраных спраў Аляксандра МЕЛЬНІКА, з якім была арганізавана “прамая лінія” ў рэдакцыі райгазеты.
Прапануем увазе чытачоў справаздачу з яе.

— Ад імя рабочых будаўнічай арганізацыі г. Брэста Дзмітрый Прыгодзіч:
— Супраць бальніцы зрабілі аўтастаянку, аднак усе вадзіцелі ставяць машыны на папярэдняе месца, а нам трэба пракладваць тратуар. Як быць?
Аляксандр Мельнік:
— Абавязкова інфармуйце супрацоўнікаў ДАІ, бу­дзем прымаць адпаведныя меры.
Жыхарка в. Гусак, якая не пажадала назваць сябе:
— Ці ўстаноўлены віноўнік аварыі, якая была ўчынена ноччу з 9 на 10 ліпеня г.г. на дарозе ля вёскі Гусак, у выніку якой загінуў 19-гадовы юнак?
А. М.:
— Па факту дарожна-транспартнага здарэння ля Гусака і пакідання чалавека ў небяспецы ўзбуджана крымінальная справа. Пакуль нам не ўдаецца ўстанавіць вінаватага, але пошукі працягваюцца.
Аляксандр Алесік, маларытчанін:
— Ці ўсе злачынствы, учыненыя ў раёне з пачатку года, раскрыты? Які наогул працэнт раскрывальнасці?
А. М.:
— У абсалютнай колькасці раскрытых злачынстваў мы раскрылі столькі, колькі ў І паўгоддзі мінулага года: 62 злачынствы па лініі крымінальнага вышуку. Працэнт раскрывальнасці крыху знізіўся з-за нязначнага росту злачынстваў.
Ірына Касцевіч:
— Ці не паўплываў на крымінагенную абстаноўку ў горадзе і раёне прыток вялікай колькасці рабочай сілы ў Маларыту ў сувязі з падрыхтоўкай да абласных дажынак?
А. М.:
— У горадзе зарэгістраваны рост злачынстваў на 60% у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года. А вось у вёсцы колькасць злачынстваў на 30% знізілася. Інакш кажучы, крымінагенная абстаноўка ў горадзе пагоршылася, а ў вёсках – наадварот, палепшылася.
І. К.:
— Аператыўныя зводкі сведчылі, што на аб’ектах, якія будуюцца, не без крадзяжоў. Ці ўсе яны своечасова раскрываюцца?
А. М.:
— На аб’ектах, якія будуюцца, было ўчынена толькі два вялікія крадзяжы: кра­дзеж сілавога кабелю на вежавым кране ў ПМК-20 і крадзеж  будаўнічых рыштаванняў на аб’екце па вул. Савецкай. Першае злачынства не раскрыта, другое – раскрыта. Між іншым, на ахову аб’ектаў нам даводзіцца адцягваць значную сілу. Прычым задзейнічаны нашы супрацоўнікі ў свой асабісты час па прычыне таго, што ў райаддзеле адсутнічае патрульна-паставая служба.
Наталля Масюк, маларытчанка:
— Калі вам даводзілася хоць раз бываць на вадаёме ў Мельніках, вы, напэўна, заўважылі, што там цяпер – мора лю­дзей. Я не гавару пра тое, што ў вадаёме не вызначаны месцы для купання, пра смецце, якое там адпачываючыя пасля сябе пакідаюць, пра кампаніі, якія часта там устройваюць п’янкі, скажу пра адсутнасць службы выратавання. На вадаёме ў парку, дзе цяпер купаюцца ў большасці сваёй толькі малыя дзеці пад наглядам дарослых, выратавальнікі дзяжураць, а вось у месцах масавага адпачынку людзей, дзе было нямала трагічных выпадкаў, не. Ці нельга зрабіць так, каб выратавальнікі дзяжурылі і на вадаёме ў Мельніках?
А. М.:
— Я згодзен з вамі ў тым плане, што выратавальнікі павінны дзяжурыць на ўсіх вадаёмах, дзе адпачывае шмат людзей, але, на жаль, гэтае пытанне не ў маёй кампетэнцыі.
Надзея Васільеўна:
— Аляксандр Дзміт­рыевіч, удакладніце, калі ласка, што трэба падразумяваць пад грамадскім месцам?
А. М.:
— Грамадскія месцы – гэта месцы агульнага карыстання: вуліца, дваровая тэрыторыя, паркі, скверы, вадаёмы, азёры, нават лесвічная пляцоўка.
Н. В.:
— За прайшоўшы перыяд ліпеня ў раёне было ўчынена, наколькі ведаю, 3 дарожна-транспартныя здарэнні і ўсе з трагічнымі вынікамі. Магчыма, тут паўплывала спёка?
А. М.:
— Ва ўсіх 3 выпадках ДТЗ з трагічнымі вынікамі вадзіцелі былі нецвярозыя, перавысілі хуткасць. Хаця не магу не сказаць, што спякота таксама ўплывае на вадзіцеляў, таму рэкамендуецца ў такое надвор’е не сядаць за руль, асабліва, калі вы адчуваеце сябе стомленым.
Ірына Касцевіч:
— Многія з нашых грамадзян, калі аналізаваць тыя ж аператыўныя зводкі, даходзяць амаль да абсурду: не пускае муж жонку ў хату ці наадварот – набіраюць “102”, сужыцель выганяе сужыцельку з хаты – зноў “102”, сын злоўжывае спіртным, маці набірае “102”. Прыклады можна прыводзіць і прыводзіць. Міліцыі ж на ўсе сігналы і тэлефонныя званкі трэба рэагаваць?
А. М.:
— Безумоўна, прычым трацячы час, каб адрэагаваць на такія тэлефонныя званкі, супрацоўнікі міліцыі губляюць час, каб аператыўна адрэагаваць, скажам, у тым выпадку, калі ўзнікае рэальная пагроза жыццю чалавека. Нашы грама­дзяне цяпер настроены так, што супрацоўнікі міліцыі павінны ці абавязаны мірыць мужа з жонкай, суседа з суседам, маці з дачкой. А дзе ж наша цярпімасць у адносінах адзін да аднаго?!
Падрыхтавала
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: начальнік райаддзела ўнутраных спраў Аляксандр МЕЛЬ­НІК.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий