Магчымасць праявіць сябе

Падзяліцца праблемамі, якія ўзніклі напачатку працоўнага шляху, вызначыць пралікі ў рабоце з маладымі спецыялістамі, акрэсліць адрозненні паміж тым, што чакалі і працоўнай рэальнасцю прапанаваў старшыня райвыканкама Казімір Лапіч, пачынаючы дыялог з маладымі спецыялістамі, якія сёлета былі размеркаваны ў арганізацыі і на прадпрыемствы Маларыцкага раёна.
Сустракацца з новымі маладымі спецыялістамі напярэ­дадні навагодніх свят стала ўжо традыцыяй. Каля сотні педагогаў, медыкаў, спецыялістаў сель­гаспрадпрыемстваў і прад­стаўнікоў многіх іншых пра­фесій сабраліся ў вялікай зале райвыканкама, каб не толькі атрымаць шмат карыснай інфармацыі наконт вырашэння працоўных, жыллёвых, адаптацыйных праблем, з якімі могуць сутыкнуцца маладыя спецыялісты, але і пазнаёміцца паміж сабой, расказаць пра тое, як арганізавана работа з моладдзю на тым ці іншым прадпрыемстве. Абмяркоўваць праблему недахопу маладых кваліфікаваных кадраў, як адзначыў старшыня райвыканкама, проста неабходна. Бо, на жаль, задачы па замацаванні спецыялістаў пакуль выконваюцца не ў поўным аб’ёме. У раёне многае робіцца, каб першая сустрэча маладых кадраў з прафесіяй, новым калектывам, а для многіх і новым раёнам, была прыемнай. У вёсцы ёсць магчымасць даць службовае жыллё, у калектыўных дагаворах вызначаны льготы і даплаты для маладых спецыялістаў, выконваюцца тыя гарантыі, якія прадугледжаны для іх беларускім заканадаўствам. Для амаль трэці аўдыторыі спецыялістаў, якія прысут­нічалі на сустрэчы, Маларыц­кі раён не з’яўляецца родным. Каб больш дасканала пазнаёміць моладзь з рэгіёнам, акрэсліць яго сацыяльна-эканамічныя перспектывы, Казімір Віктаравіч расказаў аб асноўных прадпрыемствах, укараненні ў сельгасарганізацыях сучасных тэхналогій, сацыяльнай інфраструктуры. Даў кіраўнік раёна нямала парад, якія дапамогуць лепш асвоіцца на новым месцы і падымацца ўверх па прыступках кар’ернай лесвіцы.
— Нярэдка даводзіцца чуць ад маладых спецыялістаў, што яны “людзі часовыя”. Гэта няправільная пазіцыя, якая ставіць на вас кляймо чалавека няўпэўненага, бесперспектыўнага, непрафесійнага. Не спяшайцеся з вывадамі, праверце сябе на трываласць.
Акрэсліў старшыня райвыканкама і праблему недахопу маладых кіраўнікоў. Далёка не ўсе гатовы ўзяць на сябе адказнасць кіраваць людзьмі і зусім не кожны, хто згаджаецца на гэта, сапраўды мае здольнасці кіраўніка. Самым лепшым падыходам да работы кіраўнік раёна назваў такі: “хто, калі не я”. Казімір Віктаравіч параіў не баяцца выказваць свае ідэі, умець пераконваць іншых, не заставацца ў баку ад грамадскага і спартыўна-масавага жыцця.
Аб грашовых выплатах і дапамогах, якія атрымліваюць маладыя спецыялісты, расказала начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Федчык. Яна звярнула ўвагу на неабходнасць азнаямлення маладых работнікаў з калектыўнымі дагаворамі ў сваіх арганізацыях, куды ўнесены гарантыі сацыяльнай абароны маладых спецыялістаў. Прадстаўнікі ААТ “ААБ “Беларусбанк” пазнаёмілі прысутных з умовамі льготнага крэдытавання іх для набыцця тавараў першай неабходнасці айчыннай вытворчасці. Як можна вырашыць жыллёвае пытанне, расказаў маладым спецыялістам загадчык юрыдычнага сектара райвыканкама Сяргей Сінякоў.
На якіх прынцыпах пабудавана работа з маладымі спецыялістамі ў ДзЛГУ «Маларыцкі лясгас», якія мерапрыемствы праводзяцца для стымулявання маладзёжнай актыўнасці, як наладжана супрацоўніцтва моладзі з грамадскімі арганізацыямі, расказаў сакратар пярвічнай арганізацыі ГА «БРСМ» Маларыцкага лясгаса Сяргей Астапук. Да супрацоўніцтва з грамадскімі фарміраваннямі, больш актыўнай жыццёвай пазіцыі, заняткаў фізічнай культурай і спортам заклікалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Губей і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Марушаў.
Шлях у прафесію для маладых спецыялістаў толькі пачынаецца. Якім ён будзе, залежыць не толькі ад іх, але і ад прадпрыемстваў і арганізацый, дзе моладзь робіць свае першыя прафесійныя крокі. Падтрымка, увага, добразычлівая атмасфера, добрая своечасовая парада – простае, але важнае, што адыгрываае не апошнюю ролю ў замацаванні маладых кваліфікаваных кадраў.
Дар’я ЛУЦЫК.
На здымку: Казімір Лапіч цікавіцца ў моладзі, як іх сустрэлі на новым працоўным месцы.
Фота Алега КРЭМЕНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 20.12.2014 г.

Добавить комментарий


ссылка avto-poliv.com.ua

https://etalon.com.ua

https://topobzor.info
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!