“Тых дзён не змаўкае слава”

На сцэну гарадскога Дома культуры адзін за адным выходзяць юныя спевакі. Сярод гледачоў у зале — іх равеснікі, ветэраны вайны і працы, кампетэнтнае журы. Стартаваў першы тур ІІІ рэспубліканскага фестывалю-конкурсу песні “Воіну-пераможцу пяем мы славу!”, які арганізавала Кобрынска-Маларыцкая міжраённая арганізацыйная структура ДТСААФ у рамках комплексу мерапрыемстваў, прысвечаных 70-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Удзел у фестывалі прынялі 17 творчых каманд. Аб баявым сяброўстве, днях суровых, чаканні і веры, любві да сваёй маленькай і вялікай радзімы спявалі салісты, дуэты, ансамблі з гарадскіх школ, раённай гімназіі, Чарнянскай, Пажэжынскай, Велікарыцкай, Арэхаўскай, Радзежскай, Ланской, Олтушскай, Ляхавецкай, Лукаўскай, Збуражскай, Гвозніцкай, Хаціслаўскай сярэдніх школ раёна, Мельніцкай базавай школы і ўстаноў аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі.
Конкурс, які дазваляе не проста вызначыць лепшага спевака, але і ўспомніць гісторыю, прайсціся ў памяці па старонках гераічнага мінулага, вельмі важны ў патрыятычным выхаванні. Гэта больш, чым гутарка пра ваеннае ліхалецце, бо кожная песня кранае душу, прымушае і саміх выканаўцаў, і слухачоў перажыць тое, што перадаюць словы песні. А таму, вітаючы ўсіх удзельнікаў фестывалю, і старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Губей, і старшыня савета Кобрынска-Маларыцкай міжраённай арганізацыйнай структуры Аляксандр Аксюціч жадалі ўсім уважліва слухаць кожны нумар, падтрымліваць апладысментамі сваіх сапернікаў па сцэне.
З дынамікаў ліліся чыстыя галасы, іх дапаўнялі гукі гітары. Гучалі са сцэны і добра знаёмыя ўсім песні ваенных гадоў – “Агенчык”, “Цёмная ноч”, і музычныя творы сучасных аўтараў — “За Беларусь!”, “Мы – разам”, “Ангелы дабра”, “Сэрца Беларусі”, “Васільковае неба” і іншыя.
Па выніках, якія падвяло журы, пераможцай у намінацыі “Песні ваеннай і героіка-патрыятычнай тэматыкі “Гэтых дзён не змаўкае слава” стала Вікторыя Ляўчук з ГДК, якая вельмі душэўна выканала песню “Балада аб маці”. Прызавыя месцы дасталіся Аляксею Барысюку з раённай гімназіі і Ганне Крэнь з Ланской СШ. У намінацыі “Песні аб Беларусі “Слаўся зямлі нашай светлае імя” лепшай была прызнана салістка ГДК Аліна Саўчук, другое і трэцяе месца занялі Анастасія Губарэвіч з ГДК і Дар’я Жлукта з раённай гімназіі. Пераможцай у намінацыі “Песні грамадзянскай і лірычнай тэматыкі “Песня застаецца з чалавекам” стаў Мікіта Саўчук з СШ № 1, узнагароды прызёраў атрымалі ансамбль “Cool kids” ГДК і дуэт у складзе Андрэя Мішчука і Ігара Касянюка з Ляхавецкай СШ. Спецыяльны прыз сімпатый гледачоў атрымаў Павел Барысюк з Пажэжынскай СШ. Была заахвочана і самая юная салістка Наталля Ляўчук з Велікарыты. Пераможцы ў кожнай з намінацый прымуць удзел у абласным адборачным туры.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час фестывалю-конкурсу.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 20.12.2014 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!