З маркай надзейнасці

22 снежня, у адзін з самых кароткіх светлавых дзён у годзе, сваё прафесійнае свята адзначылі энергетыкі. І як заўжды, у калектыва Маларыцкага раёна электрасетак была нагода падвесці рысу зробленаму, сказаць дзякуй тым, хто сумленна выконваў свае няпростыя абавязкі, забяспечваючы нашы дамы святлом.
— Гэты год асабліва не адрозніваўся ад года папярэдняга, — распавядаў пра дзейнасць свайго прадпрыемства начальнік раёна электрасетак Віктар Піліпавіч Струнец. – Перад энергетыкамі стаялі ўсё тыя ж задачы па надзейнаму і бесперапыннаму забеспячэнню спажыўцоў электрычнай энергіяй.
За 2014 год энергетыкі раёна зрабілі многае. Капітальны рамонт быў праведзены на 96 кіламетрах ліній 10 і 04 кВ, на гэтых лініях заменена 150 апор. Выкананы работы па расчыстцы больш за 60 га прасекі, а гэта больш за 30 кіламетраў. Быў праведзены рамонт 42 падстанцый, ад якіх непасрэдна ідзе электразабеспячэнне спажыўцоў. Праводзіліся работы і па аднаўленні электрычных сетак. Сёлета было пабудавана больш за 10 кіламетраў іх. Будаўніцтва праводзілася з укараненнем новых тэхналогій, якія дазваляюць захоўваць больш высокую надзейнасць і бяспеку. Новыя сеткі атрымалі жыхары вёскі Старое Раматова, а таксама жыхары вуліц Чыгуначная і Зарэчная ў в. Масевічы. Удалося энергетыкам закончыць работы па электразабеспячэнні квартала індывідуальнай забудовы ў раёне вуліц Кобрынская, 8 Сакавіка і Шасейная. Асаблівасць рэалізацыі гэтага праекта, як падкрэсліў кіраўнік энергетычнай службы раёна, у тым, што ўдалося перавесці электразабеспячэнне тутэйшых спажыўцоў на гарадскія кабельныя сеткі, што значна павысіла на­дзейнасць электразабеспячэння. Акрамя таго, на 70% былі выкананы работы па электразабеспячэнні квартала індывідуальнай забудовы па вуліцы Лакціёнава.
— На жаль, не ўдалося завяршыць работы ў гэтым квартале, але ўведзены ўжо кабельныя лініі 10 кВ, пастаўлены пад напружанне падстанцыі, засталося завяршыць будаўніцтва сетак 0,4 кВ, што будзе зроблена ў першым квартале 2015 года, — запэўніў Віктар Піліпавіч.
Поспех любой справы залежыць ад людзей. Віктар Піліпавіч Струнец, які 31 год узначальвае раён электрасетак, з цеплынёй і пэўным гонарам гаворыць пра свой калектыў, які называе добрым, надзейным. У арганізацыі амаль адсутнічае цякучасць кадраў, і такая стабільнасць назіраецца не адно дзесяцігоддзе. Ролю ў гэтым адыгрывае, вядома ж, дастойная аплата адказнай, нялёгкай працы. Але не толькі яна.
— Самае галоўнае, да нас прыходзяць тыя людзі, хто асэнсавана выбірае энергетыку, — падкрэслівае Віктар Піліпавіч. – У калектыве прад’яўляюцца высокія патрабаванні як да дзелавых якасцей, так і да псіхалагічных. І калі трапляе выпадковы чалавек, што бывае вельмі рэдка, ён проста не вытрымлівае тых нагрузак, якія тут ёсць. А той, хто застаецца, развітваецца з калектывам толькі тады, калі ідзе на заслужаны адпачынак.
Сярод работнікаў, якія з’яўляюцца прыкладам адказнасці ў выкананні сваіх абавязкаў, кіраўнік называе Віктара Алесіка, Мікалая Ліхвана, Алега Новікава, Аляксандра Кулічыка, Юрыя Сцепанюка, Алега Дзядзюка, Анатоля Віцюгова, Пятра Бурштына, Ганну Фясько, майстроў Івана Аўдзеюка, Віктара Клюнчыка, Аляксандра Лямачку.
У ліку надзейных і дыспетчар Аляксандр Бабёр. Дыспетчарская служба ў РЭСе — звяно самае адказнае. А таму і патрабаванні да тых людзей, якія тут працуюць, самыя высокія.Трэба ўмець хутка ацаніць сітуацыю, прыняць правільнае рашэнне. З усім гэтым Аляксандр, які мае ўжо немалы вопыт і вышэйшую электратэхнічную адукацыю, спраўляецца ўмела. А таму і заслугоўвае добрых слоў.
Дый у цэлым калектыў, упэўнены начальнік раёна электрасетак, здольны вырашаць усе самыя няпростыя задачы.
Віншуючы ўсіх энергетыкаў раёна з прафесійным і нады­ходзячымі навагоднімі святамі, Віктар Піліпавіч пажадаў:
— Усім — здароўя, бо яно неабходна, каб выконваць складаную работу, безаварыйнай працы, паколькі энергетыкі пастаянна сутыкаюцца з цэлым шэрагам небяспечных фактараў, і вельмі важна, каб людзі выязджалі на работу і вярталіся ў свае сем’і жывымі і здаровымі, а яшчэ – надзейных спажыўцоў электрычнай энергіі, якія б своечасова за яе разлічваліся, каб былі сродкі для будаўніцтва новых электрасетак.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКАХ:начальнік Маларыцкага раёна электрасетак Віктар Струнец; дыспетчар Аляксандр Бабёр праводзіць інструктаж электраманцёра выязной брыгады Віктара Алесіка.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 24.12.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


www.topobzor.info