Свята ў дом прыходзіць з ёлкай

Без чаго нельга ўявіць навагоднія святы? Зразумела ж, без ёлкі, упрыгожанай рознакаляровымі шарамі і гірляндамі. Менавіта яе з’яўленне ў доме напамінае аб надыходзячым свяце. Якую ёлку лепш ставіць, штучную ці жывую, кожны вырашае сам. Але, каб лягчэй было вызначыцца з выбарам, пастараемся адзначыць плюсы і мінусы кожнага з відаў ёлак, розніцу ў цане, а таксама параіць, як правільна даглядаць за лясной прыгажуняй .

Навагодняе дрэва — жывое ці штучнае?
Хаця большасць з нас аддае перавагу практычнасці і выбірае штучную ёлку, жывая ўсё ж не страчвае папулярнасці. Нават калі ў доме ставяць штучную ёлку, у пакоі стараюцца размясціць і яловыя галінкі. Галоўным плюсам жывога навагодняга дрэўца, безумоўна, з’яўляецца непаўторны водар Новага года. Ды і жывыя ёлкі каштуюць менш, чым штучныя, а пасля святаў дрэва не трэба захоўваць – гэта зручна для маленькіх кватэр. Сярод мінусаў можна адзначыць штогадовыя затраты і клопаты, звязаныя з пошукам ёлкі, а таксама прыбіранне яловых іголак, якія напамінаюць пра навагодняе свята яшчэ доўгі час.
З іншага боку, сучасныя штучныя ёлкі выглядаюць не горш за натуральныя. А для таго, каб у кватэры быў навагодні водар, можна выкарыстоўваць спецыяльнае водарнае масла. Хаця і каштуе штучная ёлка намнога даражэй, тэрмін яе выкарыстання складае не менш чым 10 гадоў. Заплаціў раз — і на ўсе наступныя гады няма праблемы з пошукам навагодняга атрыбута. Безумоўны плюс такой ёлкі ў тым, што яна не патрабуе догляду, а таксама ад яе няма ніякага смецця. Але ёсць і мінусы: няякасная ёлка можа выдзяляць шкодныя рэчывы. А яшчэ з-за доўгага часу сінтэтычнае навагодняе дрэва страчвае свой выгляд.
А вось якой навагодняй ёлцы аддаюць перавагу маларытчане, а таксама ці дастаткова ў нашым горадзе гандлёвых кропак, дзе можна набыць навагоднія аксесуары і ўпрыгожванні, пацікавілася ў некаторых жыхароў раёна:
Таццяна Стасюк, маларытчанка:
— Мы заўсёды ставім жывую ёлку, разам з ёй у дом прыходзіць сапраўднае свята. Ніякія араматызатары не змогуць замяніць натуральнага паху. Каштуюць жывыя ёлкі нядорага, а набыць іх напярэдадні Новага года можна на кірмашах. Пры гэтым, шкода прыроднаму багаццю не наносіцца, бо ёлкі, якія прадаюцца, усё роўна былі б выдалены, каб прарэдзіць лесапасадку. Праблем з набыццём упрыгожванняў для ёлкі таксама не ўзнікае. У Маларыце гандлёвых кропак, дзе іх рэалізуюць, нямала. А той, хто жадае з’эканоміць, магчыма, едзе ў абласны цэнтр.
Анастасія Захарчук, маларытчанка:
— Як мне, дык лепш штучныя ёлкі, яны больш практычныя, не ствараюць ніякіх клопатаў. А жывыя павінны расці ў лесе. Што датычыцца магазінаў, дзе прадаюцца ёлкі і ўпрыгожванні, іх, безумоўна, дастаткова, пытанне ў іншым – у цане.
Вера Бягеза, жыхарка в. Арэхава:
— Жывая ёлка стварае сапраўд­ную святочную атмасферу. Якімі б прыгожымі ні выглядалі штучныя ёлкі, яны не прыносяць у хату пах Новага года. Купляем ёлку на цэнтральным рынку ў Маларыце ці ў Олтушскім лясніцтве. А новыя ўпрыгожванні амаль не купляем, аднаўляем толькі гірлянды. Цацкі, якімі ўпрыгожвалі ёлку, калі дзеці былі яшчэ малымі, захоўваюць у сабе шмат прыемных успамінаў. Ёсць у нас і традыцыя ўпрыгожваць ёлку цукеркамі, цяпер гэта робім для ўнукаў. Калі святы праходзяць, дзецям вельмі цікава знаходзіць на ёлцы салодкія падарункі.
Як выбраць ёлку?
Калі гаварыць аб “жывой прыгажуні”, дык для таго, каб праверыць свежасць дрэва, дастаткова адламаць ад яго галінку. Калі яна адломіцца лёгка і з трэскам – значыць, ёлка сухая і была высечана даўно ці “перажыла” рэзкія скачкі тэмпературы. Колер іголак павінен быць ярка-зялёным. Калі расцерці свежыя іголкі, пальцы павінны стаць масляністымі, і вы адчуеце водар хвоі. Не лішнім бу­дзе звярнуць увагу на тое, ці свежае дрэва ў месцы ссячэння.
Каб жывая ёлачка больш доўга радавала вас сваімі прыгожымі пышнымі галінкамі, трэба правільна за ёй даглядаць. Калі вы купілі ёлку за некалькі дзён да свята, пастаўце яе на балкон ці ў цёмнае месца ў вядро з вадой. Перад тым, як устанавіць ёлку, укараціце ствол на некалькі сантыметраў. Гэта дапаможа адкрыць поры дрэва. Трэба памятаць, што чым ніжэйшая тэмпература і вышэйшая вільготнасць паветра, тым даўжэй захаваецца святочны выгляд навагодняй прыгажуні. Таму дрэва старайцеся ўстанаўліваць далей ад батарэі, а паліваць ёлку трэба гэтак жа часта, як і пакаёвыя расліны.
Пры выбары штучнай ёлкі варта звярнуць увагу на матэрыял, з якога яна зроблена. Ёсць ёлкі з паперы з прамочваннем – выглядаюць яны нядрэнна, але “пражывуць” не больш за тры гады. Памятайце, што няякасныя ёлкі з сінтэтычных матэрыялаў могуць выдзяляць шкодныя хімічныя рэчывы. Асабліва гэты эфект узмацняецца пад уздзеяннем цяпла – лямпачак і свечак.
Якіх толькі цяпер штучных ёлак няма – і белыя, і серабрыстыя, і з іголкамі, якія бліскацяць, і з гатовым уборам. Безумоўна, у невялікім горадзе няма такой разнастайнасці штучных ёлак, як у тым жа абласным цэнтры, але выбраць усё ж ёсць з чаго. Магазіны горада прапануюць ёлкі розных памераў, і цэны вагаюцца ад 170 тысяч за самыя маленькія да 1 мільёна 200 тысяч рублёў за ёлку вышынёй 2,2 метра. Як адзначаюць прадаўцы, больш папулярнымі з’яўляюцца ёлкі вышынёй у 1,5 і 1,8 метра. Яны каштуюць ад 700 да 950 тысяч за ёлку, і ад 400 да 650 тыс. — за сасну.
Ёлачныя кірмашы
У Маларыце ёлачны кірмаш арганізаваны з 20 снежня. Нава­годнія прыгажуні можна набыць на цэнтральным рынку з 9 да 14 гадзін, а таксама ў любым лясніцтве Маларыцкага лясгаса.
А цэны на ёлкі наступныя: дрэва вышынёй да 1 м каштуе ад 45 тысяч рублёў; вышынёй ад 1 да 2 м – 55 000 рублёў; ад 2 м – 65 тысяч рублёў.
А вось аматарам самавольнай высечкі навагодняга дрэва за незаконна “здабытую” ёлку давядзецца заплаціць, як гаворыцца, удвая.
— Штогод напярэдадні Новага года арганізуюцца пасты, право­дзяцца рэйды з мэтай папярэ­джання супрацьпраўных дзеянняў па высечцы хваёвых дрэў. За незаконную высечку прадугледжана адміністрацыйная адказнасць. Штраф у лясах першай групы можа скласці — ад 750 тысяч да 7,5 мільёна рублёў, у лясах другой групы — да 4,5 мільёна рублёў. Акрамя гэтага, неабходна будзе кампенсаваць шкоду, нанесеную навакольнаму асяроддзю, — адзначыла намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Маларыцкага лясгаса Наталля Касянюк.
Новы год і Каляды ўжо на парозе, таму самы час паклапаціцца аб набыцці галоўнага навагодняга атрыбута. Няхай разам з самай прыгожай навагодняй ёлкай у ваш дом прыйдуць радасць, шчасце і дабрабыт.
Дар’я ЛУЦЫК.
На здымку: «Дык якую ёлку ўсё ж выбраць?»
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 24.12.2014 г.

Добавить комментарий


автоматические системы полива

best-cooler.reviews/

farm-pump-ua.com/
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!