НАЙМАЛЬНІК У АДКАЗЕ

Пры арганізацыі пра­цы работнікаў най­маль­нік абавязаны захоў­ваць працоўнае зака­надаўства. Мы пагаворым пра адказнасць за затрымку разліку пры звальненні і выдачы працоўнай кніжкі.
Днём звальнення лічыцца апошні дзень працы.
Разлік – гэта ўсе неаспрэчныя выплаты, што належаць работніку ад наймальніка. Звычайна гэта зарплата за апошні месяц працы і кампенсацыі за нявыкарыстаны водпуск.
Работніку трэба ведаць, што канчатковы разлік павінен быць зроблены не пазней за дзень звальнення, а ў выпадку, калі работнік у гэты дзень не працаваў, — не пазней чым наступны дзень пасля прад’яўлення ім патрабаванняў аб выплаце.
Пры ўзнікненні паміж наймальнікам і работнікам спрэчак аб памеры канчатковага разліку першы абавязаны выплаціць неаспрэчваемую суму. У выпадку, калі па віне наймальніка канчатковы разлік не зроблены да дня звальнення, а калі работнік у гэты дзень не працаваў, да дня, наступнага за днём прад’яўлення работнікам адпаведнага патрабавання, апошні мае права звярнуцца ў камісію па працоўных спрэчках альбо ў суд з патрабаваннем аб спагнанні з наймальніка сярэдняга заробку за кожны дзень затрымкі канчатковага разліку. Калі ж па віне наймальніка не выплачана частка сумы, работнік мае права патрабаваць сярэдні заробак за кожны дзень затрымкі прапарцыянальна нявыплачанай суме. Пра ўсё гэта ён павінен заявіць на працягу трох месяцаў з таго дня, калі наймальнік адмовіў яму ў выплаце канчатковага разліку. Калі ж такі тэрмін прайшоў, работніку можа быць адмоўлена ў задавальненні яго патрабаванняў у сувязі са спыненнем тэрміну іскавай даўнасці, калі наймальнік заявіць аб яго прымяненні. Права на спагнанне сярэдняга заробку за затрымку разліку належыць работніку незалежна ад віду заключанага ім працоўнага дагавора, у тым ліку і таму, хто працуе па сумяшчальніцтву. Не дапускаецца затрымка разліку ні па якіх прычынах. Зарплата ў выпадку затрымкі яе выплаты індэксуецца ў адпаведнасці з індэксам спажывецкіх цэн. Разлік работніку сярэднядзённага заробку, выплачваемага за кожны дзень пратэрміноўкі канчатковага разліку пры звальненні, робіцца зыходзячы з зарплаты, налічанай за два каляндарныя месяцы, што папярэднічалі месяцу звальнення работніка. У выпадку, калі работнік прапрацаваў менш за гэты тэрмін, для вылічэння сярэдняга заробку бярэцца зарплата, налічаная за фактычна адпрацаваныя дні ў перыяд, што папярэднічаў месяцу звальнення работніка. Сярэдні заробак спаганяецца з наймальніка за кожны дзень затрымкі (пратэрміноўкі) разліку без абмежавання якім-небудзь перыядам. Работнікі вызваляюцца ад платы дзяржаўнай пошліны і выдаткаў па індывідуальных працоўных спрэчках.
За затрымку выдачы працоўнай кніжкі па віне наймальніка работніку выплачваецца сярэдні заробак за ўвесь час вымушанага прагулу, дата звальнення пры гэтым змяняецца на дзень выдачы працоўнай кніжкі.
Пры спыненні працоўнага дагавора наймальнік павінен выдаць работніку працоўную кніжку ў дзень звальнення. Прычым яна павінна быць належным чынам аформлена, з усімі запісамі аб працоўнай дзейнасці ў гэтай арганізацыі.
Без працоўнай кніжкі грама­дзянін не мае магчымасці працаўладкавацца да іншага наймальніка на асноўнае месца працы, бо ў такім выпадку гэтая кніжка з’яўляецца адным з абавязковых дакументаў, якія неабходна прад’явіць пры прыёме на работу. Таму за затрымку выдачы працоўнай кніжкі наймальнік нясе адказнасць, калі такое мела месца па яго віне. Іншы раз наймальнік не можа выдаць кніжку работніку ў сувязі з яго адсутнасцю на працы (працяглы прагул і г.д.) альбо яго адмовай атрымаць працоўную кніжку. Аднак заканадаўствам прадугледжаны парадак дзеянняў наймальніка ў такіх выпадках.
Так, калі работнік адсутнічае ў дзень звальнення, то наймальнік павінен у гэты ж дзень накіраваць яму заказное пісьмо з паведамленнем з указаннем пра неабходнасць атрымання працоўнай кніжкі, якая пры гэтым жа не перасылаецца. Пераслаць поштай з дастаўкай па ўказаным адрасе можна толькі ў выпадку, калі работнік згадзіўся на гэта ў пісьмовай форме. А калі ён адмаўляецца сам атрымаць працоўную кніжку, адпаведны факт фіксуецца ў акце з указаннем сведкаў, якія прысутнічаюць пры гэтым.
Наймальнік не нясе адказнасць, калі працоўная кніжка не выдадзена па віне работніка, у прыватнасці, калі, нягледзячы на паведамленне наймальніка, работнік не з’явіўся, каб яе атрымаць, не захацеў, каб перасылалі поштай, а таксама адмаўляецца ад атрымання працоўнай кніжкі.
Працоўныя спрэчкі па заявах работнікаў аб аплаце за час вымушанага прагулу, аб змяненні даты звальнення разглядаюцца непасрэдна судамі.
Аляксей КОЎГАН, загадчык юрыдычнай кансультацыі раёна (па матэрыялах сайта www.rka.by).
НА ЗДЫМКУ: Аляксей Коўган.
Фота Ніны СВІЦЮК.

Опубликовано в «ГЧ» 24.12.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.