Як жывецца вам, людзі пажылыя?

На мінулым тыдні ў раёне працавала міжведамасная камісія па праблемах пажылых людзей, ветэранаў і асоб, якія пацярпелі ад наступстваў войн, створаная пры Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь. У склад яе ўвайшлі начальнік упраўлення нагляду і прафілактыкі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Рафальскі, намеснік начальніка ўпраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі РБ Алена Галаўнёва, кансультант упраўлення друкаваных СМІ і знешніх сувязяў Міністэрства інфармацыі РБ Анатоль Шычко, начальнік аддзела камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінскага аблвыканкама Марына Цяжалава.
Спецыялісты правялі маніторынг арганізацыі сацыяльнай падтрымкі пажылых людзей, пазнаёміліся з работай, якая праводзіцца ў раёне па выкананні Комплекснай праграмы развіцця сацыяльнага абслугоўвання на 2011-2015 гады, пацікавіліся ўмовамі жыцця ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.
Члены камісіі сустрэліся з намеснікам старшыні райвыканкама Вадзімам Шпетным, які курыруе пытанні сацыяльнай сферы. Ён пазнаёміў гасцей з раёнам, яго інфраструктурай і акрэсліў накірункі, па якіх праводзіцца работа з ветэранамі і ўвогуле пажылымі людзьмі. Больш падрабязна аб гэтай рабоце, падмацоўваючы словы фотапрэзентацыяй, распавёў старшыня раённага савета ветэранаў Уладзімір Бойка. У тым, што ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, і людзі, якія ўсё жыццё аддалі працы, а цяпер знаходзяцца на заслужаным адпачынку, не застаюцца ў раёне без увагі і клопату, змаглі пераканацца члены камісіі, наведаўшы сям’ю ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Мікалая Пятровіча Наўрося.
— Нас, і асабліва Мікалая Пятровіча, пастаянна запрашаюць на ўсе мерапрыемствы, нашымі справамі цікавіцца старшыня арганізацыі ветэранаў, падтрымлівае, калі трэба, мы ніколі не застаемся ў баку ад падзей, — распавядала жонка ветэрана Яніна Іосіфаўна.
Цікавым, напрацаваным многімі дзесяцігоддзямі вопытам работы па захаванні памяці аб падзеях вайны і клопаце аб ветэранах дзяліліся з членамі камісіі ў калектыве другой гарадской школы. Госці пабывалі з экскурсіяй у музеі “Патрыёт”, пазнаёміліся з праграмамі “Памяць”, “Землякі”, “Маларытазнаўства”, акцыяй “Перамога дзеда – мая перамога”, якія з’яўляюцца асновай работы школы з ветэранамі вайны і працы.
Не менш цікавую інфармацыю аб тым, якую дапамогу і падтрымку атрымліваюць ад калектыва, дзе раней працавалі, ветэраны Маларыцкага кансервавагароднінасушыльнага камбіната, пачулі члены камісіі, наведаўшы прадпрыемства. Пазнаёміўшыся з асноўнымі палажэннямі дзейнасці прафсаюзнай арганізацыі, сярод якіх немалое месца адведзена менавіта рабоце з ветэранамі, госці са сталіцы таксама з цікавасцю праслухалі расказ аб рабоце прадпрыемства, прадэгуставалі прадукцыю камбіната. Знаёмства з горадам працягвалася экскурсіяй у раённы Цэнтр народнай творчасці, дзе народная майстрыха Сцепаніда Сцепанюк правяла для гасцей майстар-клас па ткацтву.
Як арганізавана сацыяльнае абслугоўванне пажылых людзей у сельскай мясцовасці, члены камісіі пераканаліся, калі пабывалі ў Велікарыцкім сельскім Савеце, у прыватнасці, у Велікарыцкай бальніцы сястрынскага догляду. Тут гасцям паказалі камфортныя палаты для ветэранаў, пазнаёмілі з пералікам паслуг, якія ім аказваюць. Пагутарыўшы з “жыхарамі” бальніцы, якія на сацыяльный ложках апынуліся па прычыне сваёй адзіноты (а ўсе 20 ложкаў, на якія разлічана бальніца, у зімовы час пастаянна заняты), члены камісіі пераканаліся, што ў медыцынскай установе створаны добрыя ўмовы для састарэлых людзей, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.
Больш грунтоўная размова аб аказанні сацыяльнай дапамогі адзінокім пажылым людзям і іншым катэгорыям грамадзян адбылася ў тэрытарыяльным Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Члены камісіі азнаёміліся з работай ТЦСАН, аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў, ад старшыні клуба для пажылых людзей “Незгасальны агеньчык” Соф’і Якубчык падрабязна даведаліся пра шматлікія мерапрыемствы, якія ўжо сталі для пажылых маларытчан прывычнымі.
Падводзячы вынікі работы, члены камісіі згадзіліся, што работа па аказанні дапамогі ветэранам, людзям пажылога ўзросту ў раёне арганізавана на належным узроўні.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: камісія пабывала ў сям’і ветэрана ВАВ Мікалая НАЎРОСЯ.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 27.12.2014 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!