Адна мара на дваіх

У Вольгі і Валянціны ёсць адна даўняя мара на дваіх. Ім хочацца, каб уся іх вялікая сям’я сабралася разам.
— Мы — жыхары Маларыты. Гэты цудоўны горад лічым другой сваёй радзімай. Цяпер цяжка сказаць, дзе б мы жылі, калі б не апынуліся ў Маларыце. Дзякуй лёсу, што ўсё сталася так, як склалася, а не інакш, — так пачалася размова з Вольгай Махнавец і Валянцінай Самуйлік. Жанчыны — сёстры-блізняты. Яны ва ўсім роўныя, аднолькавыя, падобныя. За адным выключэннем: Валянціна Уладзіміраўна на некалькі хвілін старэйшая за Вольгу Уладзіміраўну. Сёстры практычна ўвесь час ра­зам. Праўда, у іх жыцці быў перыяд, калі давялося жыць у розных месцах, нават — краінах.
— Так склаліся абставіны, — расказвае Вольга Ула­дзіміраўна. — Аднак доўга паасобку я і сястра не маглі быць. Увесь час узнікала жаданне ўбачыць Валянціну, пачуць яе голас. Гэтага нельга было пазбавіцца, ніякія сродкі не дапамагалі. Здавалася, што нейкая сіла пастаянна прыцягвала нас. Хацелася ўсё кінуць і бегчы насустрач.
— Тое ж самае адчувала і я, знаходзячыся за сотні кіламетраў ад сястры, — гаворыць Валянціна Уладзіміраўна. — Цяжка было знайсці заспакаенне. На душы была нейкая трывога ад таго, што побач няма дарагога чалавека. Неадольная сіла як бы хацела, каб мы жылі разам. У рэшце рэшт, так і атрымалася.
Дзяцінства Валянціны і Вольгі прайшло ў Казахстане, за 60 кіламетраў ад дзяржаўнай мяжы СССР з Кітаем. Там, у невялічкім раённым цэнтры Маканчы, яны ўбачылі свет, вучыліся, падрасталі. Быццам бы са звычайнай сям’і, якая амаль нічым не адрознівалася ад іншых. Можна сказаць, як усе. Бадай, адзінае, што яе вылучала, дык гэта любоў да музыкі.
— Мы — з музычнай сям’і, дзе ўсе самавучкі,- расказвае Вольга Махнавец. — Амаль кожны ўмеў іграць на нейкім інструменце. Успамінаецца, як захапляла нас з сястрой ігра дзеда Андрэя на цымбалах, а дзядзькі Аляксея, які закончыў Маскоўскую кансерваторыю, — на баяне. Ды і бацька выдатна валодаў многімі струннымі інструментамі. А ў нашай маці, Ганны Рыгораўны, цудоўны голас. Як заспявае, здаецца, што слухаў бы яе і слухаў.
— Таму мы яшчэ ў пачатковых класах казалі, што станем, калі вырасцем, толькі артысткамі, — усміхаецца Валянціна Самуйлік. — З музыкай і сцэнай увесь час ішлі па жыцці. Вучыліся ў музычнай школе, адначасова наведвалі танцавальны гурток пры мясцовым ДК. Любое раённае мерапрыемства ці конкурс, агляд, фестываль без нас нельга было ўявіць.
Сёстры вырашылі, што пасля заканчэння школы паедуць паступаць у Ленінградскі інстытут культуры, каб набыць прафесію харэографа. Гэта была самая запаветная і адзіная мара і Вольгі, і Валянціны. Аднак сваё апошняе слова сказаў бацька.
— На жаль, яно нас не ўзрадавала, — успамінае Вольга Махнавец. — Бацька нас адпускаць вучыцца ў Ленінград не захацеў. Свой выбар ён абгрунтаваў так: і далёка, і горад вялікі, і адны сярод чужых. Небяспечна.
Рашэнне бацькі сёстры аспрэчваць не адважыліся. Аднак усё ж такі «ар­тыст­­камі» стаць не пе­ра­думалі. Неадольнае жа­­данне звязаць жыццё з культурай прывяло іх ва Усць-Каменагорскае культасветвучылішча Усходне-Казахстанскай вобласці на спецыяль­насць «Рэжысёр тэатралі­заваных прадстаўленняў». З першых дзён вучобы сёстры зразумелі, што гэта тое, да чаго імкнуліся. Пасля заканчэння ўстановы адукацыі Валянціна стала працаваць мастацкім кіраўніком у адным з раённых цэнтраў Казахстана, а Вольга – рэжысёрам.
— Я сястры, як старэйшай, заўсёды ўступала больш высокую і адказную пасаду, — гаворыць Вольга Уладзіміраўна. — У мяне ніколі крыўды на гэты конт не было.
Настаў 1985 год. Працаваць было цяжка. Так склалася палітычная сітуацыя ў краіне. Сёстры доўга прымаюць рашэнне: пераехаць ці не на жыхарства ў Беларусь.
— Зрывацца з наседжаных месцаў заўсёды нялёгка, — кажа Валянціна Самуйлік. — Аднак абставіны прымусілі накіравацца ў Пінскі раён, дзе жыў наш дзядзька Іван. І толькі надзейнае плячо сястры дапамагло выстаяць, перамагчы нягоды, усе неўладкаванасці. Не адразу атрымлівалася тое, чаго хацелася. Заспакаенне знаходзілі ў працы. Я ўладкавалася на пасаду дырэктара мясцовага ДК, а Вольга там жа стала мастацкім кіраўніком. Ва ўсім падтрымлівалі аднавяскоўцы.
У Пінскім раёне сёстры сустрэлі добрых хлопцаў, якія пазней сталі іх спадарожнікамі жыцця. Нягледзячы на сваю падобнасць, – як лічылі сёстры, — усё ж такі жаніха кожная выбірала на свой густ. Першай замуж выйшла Вольга. Яе Віктар толькі што закончыў тэхнікум і атрымаў накіраванне на першае месца працы ў Жыткавічы. Гэта разлучыла сясцёр. Валянціна некаторы час заставалася адна. Яна сумавала, што не было побач Вольгі, дарадцы, надзейнага сябра. Сувязь не перарывалася. Сёстры пастаянна адна адной давалі парады, падтрымлівалі, раілі па тэлефоне. Валянціна выходзіць замуж за Леаніда. Ён быў ваенным. Леаніда накіроўваюць спачатку на службу ў Германію, а затым – у Ташкент. Валянціну і Вольгу ўжо разлучылі сотні кіламетраў. Для іх гэта стала самым вялікім выпрабаваннем.
— Звыкнуцца, што сястра далёка, было неймаверна цяжка, — гаворыць Валянціна. — Наставалі моманты, калі здавалася, што нанесена незагойная рана, якая ніколі не загоіцца, не зацягнецца. Але час — добры доктар, ён лечыць.
— Мне часта снілася сястра, — успамінае Вольга. — Практычна ўсе сны заканчваліся адным і тым жа: мы ўдвух, узяўшыся за рукі, як у маленстве, бяжым удалячынь па беразе возера Алаколь. Свеціць ранішняе сонца, вакол шумяць дрэвы. Я расплюшчваю вочы. А сястры побач няма. Не раз нават заплаквала ад гэтага. У пісьмах мы выказвалі жаданне адна адной жыць калі і не побач, дык хоць бы за кіламетраў 50.
Хутка мужа Валянціны служыць накіравалі ў Брэст. І калі паўстала пытанне выбару месца жыхарства, сям’я спынілася на Маларыце. Вольга тады яшчэ працавала ў Жыткавічах. Там яна стварыла дзіцячы лялечны тэатр «Чудесники», які не раз пацвярджаў званне ўзорнага… Усяго быццам бы хапала ў жыцці, акрамя аднаго – сястры.
— Валянціна пастаянна клікала да сябе, — гаворыць Вольга Уладзіміраўна. — Яна з такім замілаваннем расказвала пра Маларыту, яе ваколіцы, людзей. Нават калі і не хацеў бы, то пасля слоў сястры абавязкова палюбіў бы гэты горад. Тым больш, што не верыць Валянціне я не магла: у нас жа амаль аднолькавыя перакананні, погляды на жыццё, на навакольны свет, на ўсё, што адбываецца побач. Што падабаецца сястры, тое, як правіла, і мне. Я нават уяўляла, як мне будзе добра ў Маларыце, і цешыла сябе хуткай сустрэчай з горадам, які мне пакуль зусім быў невядомы.
Маларыта Вольгу Ула­дзіміраўну не расчаравала. Гэта якраз было тое месца, якога прагнула яе душа, шукала сэрца. Толькі ў Маларыце жанчына зразумела, што калі ёсць сапраўднае шчасце на зямлі, то яно, напэўна, знаходзіцца недзе тут. Прыкладна так гаворыць і Валянціна Уладзіміраўна. Яна знайшла сябе менавіта тут. Пра гэта гаворыць і такі факт, напрыклад, што ў Маларыце ўжо амаль 15 гадоў яна кіруе дзіцячым тэатрам «Каламбур». Калектыў за гэты час ужо 5 разоў пацвярджаў званне «Узорны»…
Самуйлікі і Махнаўцы сябруюць сем’ямі. У Вольгі Уладзіміраўны двое дзяцей (Раман, Марына), у Валянціны Уладзіміраўны – трое (Марына, Дар’я, Дзмітрый). Яны паміж сабою таксама сябруюць.
У Вольгі і Валянціны ёсць і адна даўняя мара на дваіх.
— Нам так хочацца, каб уся наша вялікая сям’я сабралася разам, — прызнаецца Вольга Махнавец. — У Казахстане, там, дзе прайшло наша з сястрой маленства. Не ведаю, ці ажыццявіцца гэта калі-небудзь. Лёс параскідаў радню па 4 краінах. Наша мама і сястра Інга цяпер жывуць у Краснадарску, брат Сяргей – у Нарыльску, большая частка сваякоў – у Сяміпалацінску. Мы з сястрой марым звазіць сваіх дзяцей на нашу малую радзіму. Хочацца, каб яны, як і мы ў дзяцінстве, хоць раз прайшліся па беразе ўнікальнага і дарагога нашаму сэрцу возера Алаколь.
…Вольга Махнавец і Валянціна Самуйлік разам дзеляць горычы паражэнняў і радасці перамог, шчыра падтрымліваюць адна адну, іх сем’і. Яны з аптымізмам глядзяць у будучыню і перакананы, што ўсё добрае, светлае і радаснае ў гэтым жыцці — ці амаль усё ў ім — залежыць ад таго, што побач ёсць такая сястра, за якой, як за сцяной.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Вольга Махнавец і Валянціна Самуй­лік, сёстры-блізня­ты.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 27.12.2014 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!