Залацінка Надзеі

8 ліпеня 1974 года ЦК КПСС і Савет Міністраў СССР прынялі пастанову «Аб будаўніцтве Байкала-Амурскай магістралі», а 17-ы з’езд ВЛКСМ абвясціў БАМ ударнай камсамольскай новабудоўляй. Пачалася актыўная прапагандысцкая кампанія па асваенні Сібіры. Дакацілася яна і да Маларытчыны.
— Мне адразу захацелася па­ехаць на БАМ, як толькі пра гэта даведалася, — успамінае Надзея Лушчык. — Я з цікавасцю не раз разглядала геаграфічныя карты, а ў думках пастаянна злучала лініяй Байкал і Амур. На цаліну не трапіла, дык вырашыла: Байкала-Амурскую магістраль буду абавязкова будаваць. У рэшце рэшт, так і адбылося.
Надзея Данілаўна нарадзілася і вырасла ў в.Гвозніца. Тут скончыла 8 класаў. Марыла стаць настаўнікам матэматыкі. Для ажыццяўлення задуманага давялося яшчэ 2 гады вучыцца ў в. Збураж, каб атрымаць атэстат сталасці.
— Вельмі любіла ў школе матэматыку. Бачыла сябе толькі настаўнікам. Аднак нечакана змяніліся абставіны, у выніку чаго давялося змяніць свае дзіцячыя мары. Неспакойна было ад гэтага на душы. Я ўсё ж такі вырашыла даказаць і сабе, і іншым, што ў мяне ёсць трывалыя веды, і ў ВНУ змагу паступіць сама. Таму дакументы падала ў Брэсцкі інжынерна-будаўнічы інстытут на спецыяльнасць «Сельскагаспадарчае будаўніцтва», дзе конкурс быў 7,3 чалавека на месца.
Надзею Лушчык размеркавалі ў г. Слаўгарад Магілёўскай вобласці, дзе ёй прапанавалі пасаду майстра. Першы аб’ект, які ўзводзіўся пад яе кіраўніцтвам, запомніўся назаўжды.
— Гэта быў тыповы кароўнік з чырвоным кутком і пячным ацяпленнем, — кажа Надзея Данілаўна. — Я, малады спецыяліст, вельмі перажывала за аб’ект, які будаваўся. Уклаліся ў графік. Нарэшце, настаў дзень прыёмкі. Прыехалі людзі з раёна. Унутры ўсё было добра зроблена, якасна. Тое ж самае – і знадворку. Хвалілі мяне, брыгаду. Праходзячы ля чырвонага кутка, я міжволі зірнула на дах і жахнулася: коміна не было. Па нейкіх прычынах яго забылі вывесці наверх. Аб гэтым я сказала прарабу. Яму таксама стала не па сабе. Прараб, каб я ненарокам не нарабіла якой бяды, адразу пасадзіў у машыну і адвёз у кантору. Аб’ект прынялі. Калі камісія паехала, прымаецца рашэнне сабраць брыгаду і неадкладна «дарабіць» комін. Добра, што мы абдумаліся, бо назаўтра прыехаў высокі начальнік з раёна, каб асабіста праверыць наяўнасць коміна ў печцы ў чырвоным кутку. У гэтым калгасе я яшчэ працавала 2 гады. А затым…
На Слаўгарадскі райкам прый­шло 2 пуцёўкі для накіравання на будаўніцтва БАМа. Пра гэта неяк выпадкова даведалася Надзея Лушчык. Яна з лепшай сяброўкай Людай Сашнянінай пайшла на прыём у райкам, каб папрасіцца паехаць у Сібір.
— Жадаючых было многа, — гаворыць На­дзея Данілаўна. — Нас чакаў строгі адбор. Аднак мне і сяброўцы пашанцавала. Ад радасці былі на сёмым небе. Мы ж паедзем на будаўніцтва БАМа!
Здавалася, што ўсё ішло належным чынам. Збор у Магілёўскім абкаме камсамола, затым — у цэнтральным камітэце ў Мінску. Аднак камсамольскую пуцёўку Надзеі Лушчык не выдалі. Ёй адмовілі. «Такія спецыялісты, як вы, патрэбны ў Беларусі. Работы ў нас дастаткова», — такі быў дзяўчыне вынесены канчатковы вердыкт.
— Я не ведала, што далей рабіць. Вяртацца назад? Але ж мяне ў дальнюю дарогу збіралі практычна ўсім горадам. Купілі нават самае неабходнае: новыя валёнкі, цёплую фуфайку, рукавіцы… Параіўшыся з сяброўкай, вырашыла: усё ж такі паеду на БАМ… «зайцам», калі не даюць згоды зверху. Білет купіла на свае грошы, села ў вагон да моладзі, якая ехала з Магілёва. У Маскве таксама не знайшла належнай падтрымкі, якую чакала ад чыноўнікаў. Аднак на БАМ усё ж такі рызыкнула паехаць, хоць і за свой кошт. Гэта было неадольнае жаданне, якое нішто не магло спыніць. Я ж упартая была. Не супакоюся, пакуль свайго не дасягну. Сябе суцяшала думкаю, што з Сібіры ў Беларусь ужо не вернуць. Аднак перакананай у гэтым не была.
Да Урала пра Надзею Лушчык ніхто і не ўспамінаў. Быццам бы і не было дзяўчыны ў цягніку. Але нечакана яе выклікалі ў штабны вагон.
— Са мной доўга тады размаўляў Мікалай Сцяпанавіч Бондараў, камісар камсамольскага атрада. Ён паабяцаў, што ўсё будзе добра, і ўручыў камсамольскую пуцёўку.
Прыехалі на цягніку на чыгуначную станцыю «Скаварадзіно», што ў Амурскай вобласці, адкуль на аўтобусах — у г. Тында, а пасля – на станцыю «Залацінка» (Якуцкая вобласць, побач з самай халоднай 60-й паралеллю). Нас ўсюды сустракалі з хлебам-соллю. У Беларусі ўжо было па-вясноваму цёпла, а тут яшчэ ляжаў глыбокі снег. Вакол стаяла глухая непраходная тайга з хвоямі і лістоўніцамі.
— Залацінка так названа ў гонар аднайменнага пасёлка эвенкаў-аленяводаў, які знаходзіцца за 4 кіламетры ад станцыі, — гаворыць Надзея Лушчык. — Зараз пасёлак называецца Іенгра, а «Залацінка» перайшла да новай чыгуначнай станцыі Малога БАМа. Дзень нараджэння новай Залацінкі — 2 красавіка 1975 г., калі тут высадзіўся першы Беларускі ўдарны камсамольска-маладзёжны атрад імя Героя Савецкага Саюза Мікалая Кедышкі ў колькасці 125 чалавек будаўніча-мантажнага цягніка-578. У яго ліку была і я.
2-3 месяцы камсамольцы жылі ў вагончыках, дзе былі створаны ўсе неабходныя ўмовы. На­дзею Лушчык назначылі на пасаду майстра. Сярод брыгад было разгорнута сацыялістычнае спаборніцтва за права забіць першы калок на новым аб’екце, пакласці першую цагліну.
За год працы кедышкаўцы пабудавалі: інтэрнат, сталовую, кантору, амбулаторыю, яслі-сад, магазіны, сховішчы, склады аддзелаў рабочага забеспячэння, хлебапякарню, Дом быту, склад выбуховых рэчываў… Лесарубы з брыгады рабілі прасекі для трасы чыгуначнай і аўтамабільнай дарогі да станцыі «Беркакіт»
Станцыю «Залацінка» лічылі адной з самых прыгожых на Малым БАМе. Пабудавалі яе на стромкім ўсходнім схіле даліны ручая Халаднікан, насупраць часовага пасёлка будаўнікоў.
— Працяглая зіма з маразамі да 40-45 градусаў, кароткае лета з 30-40-градуснай гарачынёй, снежныя завеі, вечная мерзлата, горныя хрыбты, балоты, непраходная тайга – да ўсяго гэтага я прывыкла і ўсё пераносіла лёгка.
У 1982 г. станцыя і пасёлак Залацінка былі здадзены ў пастаянную эксплуатацыю, таму беларускія камсамольцы пераехалі на станцыю «Чара» (Чыцінская вобласць).
— Надзея Данілаўна, БАМу Вы аддалі больш за 13 гадоў свайго жыцця. Што Вас там утрымлівала?
— Мяне, інжынера вытвор­ча-тэхнічнага аддзела, вабіла рамантыка першаадкрыцця і першапраходніцтва. Захопліваў сваёй прыгажосцю гэты суровы край. Там я знайшла сапраўдных сяброў, там была любімая работа. Гэты край стаў для мяне другой радзімай. На БАМе было цікава: спаборніцтвы, мастацкая самадзейнасць. Сумаваць не было калі. Гады, пражытыя на БАМе, не прайшлі бясследна. Яны, напэўна, загартавалі характар. Нават і цяпер, калі бывае на душы неспакойна, дастаю з шафы альбом з бамаўскімі фотаздымкамі і ў які раз іх зноў пераглядаю. Залацінка назаўжды стала залатой старонкай майго жыцця.
— На Маларытчыну Вы вярнуліся ў ліпені 1988 г. Чаму? На БАМе, дзе так Вам падабалася, планавалі ж працаваць доўга?
— Жыццё непрадказальнае. Марым пра адно, а атрымліваецца часта зусім іншае. Я ведала, нават была ўпэўнена ў тым, што ў родны край вярнуся некалі абавязкова. Аднак не думала, што так хутка. 13 гадоў праляцелі для мяне як адно імгненне. Як кажуць, не паспела нават і азірнуцца. Калі памёр мой бацька, то на пахаванне, на жаль, спазнілася. Мама вельмі перажывала з-за таго, што яна засталася практычна адна. Яна не настойвала, не гаварыла, каб я вярнулася дамоў назаўсёды. Але па яе вачах, выразу твару я здагадалася і ўсё добра разумела. Мама хацела, каб я была побач з ёю.
Яшчэ на год Надзея Лушчык вяртаецца на працу ў г. Тайшэт (Іркуцкая вобласць). Такі тэрмін неабходна было «вытрымаць» да заканчэння працоўнага дагавора. А потым, нягледзячы на тое, што яе ніяк не хацелі адпускаць з БАМа, вяртаецца ўсё ж такі ў родную Гвозніцу. Тут жанчыне давялося многае пачынаць спачатку. На БАМе было ўсё, на Маларытчыне – практычна нічога. Але на новым месцы стала працаваць адказна. Інакш ужо і не магла…
За сваю шматгадовую і добрасумленную працу Надзея Лушчык узнагароджана медалём «За будаўніцтва БАМа» (1980 г.), медалём «30 гадоў БАМу» (2004 г.), знакам «Ганаровы транспартны будаўнік» (2005 г.), Пісьмом падзякі віцэ-прэзідэнта Рэспублікі Саха (Якуція) (2005 г.), а таксама граматамі, у тым ліку – Ганаровай граматай ЦК ЛКСМБ у лістападзе 1977 г.
* * *
— Я часта ўспамінаю БАМ, — кажа Надзея Данілаўна. — І так хочацца там пабываць зноў.
У сакавіку 2005 года мара Надзеі Лушчык збылася. Яна прыехала на БАМ па запрашэнні ўрада Рэспублікі Саха (Якуція). Шаснаццаць чалавек з першага беларускага атрада разам завіталі ў Залацінку, каб успомніць сваю маладосць. Герояў 70-х, як і шмат гадоў таму, зноў сустракалі на станцыі з хлебам-соллю. Яны стаялі на той самай пляцоўцы, дзе калісьці знаходзіліся часовыя будынкі, і лёгка пазнавалі старыя мясціны, якія прыкметна змяніліся, ахвотна ўспаміналі, дзе і што тады размяшчалася. Былыя бамаўцы падарожнічалі да Алдана (Якуція) па новай, незнаёмай чыгунцы, пачатак якой яны паклалі яшчэ ў сярэдзіне 70-х гадоў мінулага стагоддзя самаадданай працай сваіх рук. У Надзеі Данілаўны, як і ў кожнага з бамаўцаў, была ўпэўненасць, што частка яе жыцця пражыта недарэмна. А гэта, безумоўна, самая ганаровая і лепшая з усіх узнагарод.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымках: маларытчанка Надзея Лушчык часта разглядае альбом з фотаздымкамі, зробленымі на БАМе; імгненні сібірскага жыцця.
Фота аўтара і з архіва Надзеі Лушчык.

Опубликовано в «ГЧ» 31.12.2014 г. 

Добавить комментарий


читать далее sledoc.com.ua

dopingman.com.ua

https://13.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!