ПАДВЕДЗЕНЫ ВЫНІКІ, АКРЭСЛЕНЫ ПЕРСПЕКТЫВЫ

Чакаемае выкананне прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна па выніках 2014 г. і яго асноўныя паказчыкі на 2015 год абмеркаваны і прыняты на сумесным пасяджэнні райвыканкама і шостай сесіі раённага Савета дэпутатаў. Старшынстваваў на ім Пётр Губей. Са справаздачай выступіў старшыня райвыканкама Казімір Лапіч.
Ён падкрэсліў, што ў 2014 годзе ўда­лося захаваць і прымножыць станоўчыя тэндэнцыі, закладзеныя ў першыя гады пяцігодкі, росту вытворчасці, заработнай платы, стварэння новых рабочых месцаў і паляпшэння якасці сацыяльных паслуг. Выкананы асноўныя параметры праграмы развіцця на 2011-2015 гг. Амаль у 7 разоў павялічыўся аб’ём вытворчасці прамысловай прадукцыі. Самым значным праектам, рэалізаваным у раёне, Казімір Віктаравіч назваў асваенне хаціслаўскага радовішча мелу, дзе ў 2015 годзе будзе ўведзены яшчэ адзін, чацвёрты ўжо, завод — па вытворчасці вапны. Вынікам завяршэння праекта стане выпуск якаснай прадукцыі для будаўнічай галіны, забеспячэнне зарплатай і рабочымі месцамі больш за 500 чалавек – на сённяшні дзень на “Кварц­МелПраме” працуе ўжо 464 чалавекі. Дзякуючы ўкараненню на ААТ “Маларыцкі кансервавагароднінасушыльны камбінат” праграмы мадэрнізацыі і інавацыйнага развіцця, аб’ём вытворчасці прадукцыі тут вырас у 3,3 раза. Больш чым у 2 разы павялічыўся продаж тавараў за межы Беларусі, што адпавядае пяцігадоваму заданню. Раён забяспечыў станоўчае сальда знешнегандлёвай дзейнасці, якое толькі ў 2014 годзе склала больш за 1 мільён долараў ЗША. У 4 разы павялічаны аб’ём экспарту паслуг. Высокая база мінулых гадоў была створана ў будаўніцтве жылля, дзякуючы чаму, як падкрэсліў кіраўнік раёна, заданне, устаноўленае праграмай развіцця на 2011-2015 гады, будзе выканана, як і будзе дасягнуты прагнозны тэмп росту заработнай платы, створана больш за 900 новых рабочых месцаў, больш за 45 прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнесу.
Што ж датычыцца вынікаў 2014 года, то, як сказаў Казімір Віктаравіч, выкананы прагнозныя паказчыкі і заданні па знешнеэканамічнай дзейнасці, росту аб’ёмаў вытворчасці прамысловай прадукцыі, валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі, уводу жылля, інвестыцыях, дасягнуты эфект па эканоміі паліўна-энергетычных рэсурсаў. Асноўным вытворцам прамысловай прадукцыі стала СЗАТ “КварцМелПрам”, доля якога ў агульным аб’ёме склала 43,7%, а аб’ём вытворчасці больш за 140 мільярдаў рублёў з тэмпам росту ў 2 разы да аб’ёму папярэдняга года. Праблемай застаюцца разлікі будаўнічымі арганізацыямі за пастаўленую прадукцыю і зніжэнне цэн на выпускаемую прадукцыю ў суседніх краінах, у сувязі з чым давялося абмежаваць пастаўкі экспартнай прадукцыі.
На 100 мільярдаў рублёў выпус­ціў прадукцыі кансервава­гародніна­сушыльны камбінат, пятая частка яе адгружана на экспарт, прычым удалося, як адзначыў у дакладзе Казімір Віктаравіч, выйсці і на рынкі краін еўрапейскага саюза. Гэты напрамак, падкрэсліваў дакладчык, трэба інтэнсіўна асвойваць і далей, што дазволіць дыверсіфікаваць продажы за межы краіны. Дзясятая частка вырабленай прадукцыі з’яўляецца інавацыйнай.
Суб’екты гаспадарання раёна павялічылі на трэць пастаўкі прадукцыі на экспарт і забяспечылі больш за 1,2 мільёна долараў ЗША станоўчага сальда знешняга гандлю таварамі. Больш за 75% усяго аб’ёму экспарту забяспечыла кампанія “Раскорм”. У паўтара раза павялічаны экспарт паслуг. У ахове здароўя яны, напрыклад, выраслі на 48%, транспартныя – на 67%. А вось турыстычных аказана на 25% менш да ўзроўню мінулага года.
Плённым быў 2014 год для аграрыяў раёна. Тэмп росту вытворчасці валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі склаў 104,5% пры заданні 103%. У сваім дакладзе кіраўнік раёна называў нямала іншых лічбаў, якія характарызуюць станоўчую ці наадварот недастатковую работу сельгаспрадпрыемстваў. Не будзем абцяжарваць імі чытача, газета пастаянна расказвала пра поспехі лепшых, правалы адстаючых. Каб выконваць задачы, пастаўленыя перад сельгасарганізацыямі, падкрэсліваў Казімір Віктаравіч, асабліва ў жывёлагадоўлі, трэба, каб была дыктатура тэхналогій, да 1 ліпеня 2015 г. неабходна ў кожнай гаспадарцы ўкараніць сучасныя тэхналогіі вырошчвання цялушак і вытворчасці малака. Укараніць праграму ўпраўлення статкам. Неабходна павысіць ролю загадчыкаў МТФ, якія павінны адказваць за выкананне гэтых патрабаванняў.
А вось сітуацыя ў будаўнічай галіне склалася не лепшым чынам. Усяго ў 2014 г. уведзена ў эксплуатацыю 11,8 тыс. кв. метраў жылля. У сельскай мясцовасці значна зніжаны аб’ёмы будаўніцтва жылля. У няпростых умовах давялося працаваць асноўнай будаўнічай арганізацыі — ПМК-20. У сувязі з недастатковым аб’ёмам падрадных работ, асабліва ў першай палове года, прадпрыемства вымушана было шукаць аб’ёмы работ за межамі раёна. На аб’ектах у раёне ход работ стрымліваўся з-за несвоечасовага і нерытмічнага фінансавання. Аднак, як паказвае сусветная практыка, будаўнік – гэта прафесія камандзіровачная. Таму і ПМК-20 трэба “перабудоўвацца”, шукаць работу на іншых тэрыторыях, гаварыў Казімір Лапіч. Як станоўчы факт, Казімір Віктаравіч адзначыў здачу 35-кватэрнага дома ЖБВК з апераджэннем нарматыўнага тэрміну будаўніцтва на 2 месяцы, што дазволіла сэканоміць 1,3 млрд. рублёў. Палепшылі свае жыллёвыя ўмовы 25 шматдзетных сем’яў. Пабудаваны 71 дом індывідуальнымі забудоўшчыкамі. Дзякуючы своечасова прынятым мерам, удалося атрымаць 17,8 мільярда рублёў ільготных крэдытаў для індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва, што на 10,3 мільярда больш, чым было выдзелена раёну папярэдне. Паспяхова вырашаліся ў 2014 годзе пытанні газіфікацыі прыродным газам населеных пунктаў раёна.
2015 – завяршальны год пяцігодкі. Дэпутацкаму корпусу раёна быў прапанаваны праект прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця. Напрыклад, індэкс фізічнага аб’ёму прамысловай прадукцыі 105%, нягледзячы на высокую базу мінулых гадоў, як адзначыў Казімір Віктаравіч, зусім рэальны – з улікам уводу завода па вытворчасці вапны, росту магутнасцей на кансервавагароднінасушыльным камбінаце. Прагнозы па экспарту тавараў 100% і 102% па экспарту паслуг хоць і напружаныя, але выканальныя. Рознічны тавараабарот па ўсіх каналах рэалізацыі даведзены ў памеры 104,5%. І гэтая лічба не ўзята са столі. Добры рэзерв, як сказаў дакладчык, ёсць у райспажыўтаварыстве, таксама прырост павінны даць новыя магазіны, адкрытыя ў 2014 годзе, і тыя, якія плануецца пабудаваць у гэтым.
У аграпрамысловым комплексе трэба забяспечыць тэмп росту валавой прадукцыі – 103%. Галоўная ўвага бу­дзе ўдзелена развіццю валаўтваральнай галіны — жывёлагадоўлі. Аграрыям раёна даводзіцца заданне па атрыманню 67100 тон малака пры надоях на карову 5365 кілаграмаў.
Выкананне прагнозных паказчыкаў, адзначыў кіраўнік раёна, дазволіць павысіць жыццёвы ўзровень жыхароў, забяспечыць узровень зарплаты не ніжэй чым 5,1 мільёна рублёў за кошт росту прадукцыйнасці працы і эфектыўнасці гаспадарчай дзейнасці.
— Калі кожны калектыў будзе працаваць з поўнай аддачай, прафесійна і адказна, пастаўленыя задачы будуць выкананы, — падкрэсліў старшыня райвыканкама.
Бюджэт раёна, як паведаміў начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Уладзімір Еўдакімаў, як і ў папярэднія гады, у 2015-м захавае сацыяльную накіраванасць. Гэта ўлічана пры фарміраванні расходаў яго. Бюджэт сфарміраваны такім чынам, калі ёсць усе падставы сцвярджаць, падкрэсліў Уладзімір Уладзіміравіч, што ўсе арганізацыі, фінансуемыя з яго, будуць функцыянаваць у нармальным рэжыме. Большая частка расходаў будзе накіравана, як заўсёды, у адукацыю і медыцыну.
Дэпутаты райсавета падтрымалі рашэнні сесіі аб устанаўленні і аб пры­сваенні звання “Ганаровы грамадзянін Маларыцкага раёна”. У сувязі з 75-годдзем раёна такое званне вырашана прысвоіць былому старшыні калгаса “Запаветы Леніна” Леаніду Ляонаву за значны асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Маларыцкага раёна і дырэктару Прадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі ў Мінску, алімпійскаму чэмпіёну па цяжкай атлетыцы Леаніду Тараненку – за высокія спартыўныя дасягненні, значны асабісты ўклад у развіццё алімпійскага руху, масавага спорту і спорту высокіх дасягненняў у Рэспубліцы Беларусь, папулярызацыю спорту і здаровага ладу жыцця ў раёне.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: у час пасяджэння сесіі.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 6.01.2015 г.

Добавить комментарий


www.viagra-on.com

www.majbutne.com.ua

https://topobzor.info
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!