Мастацтва — пад Каляднай зоркай

Да 20 студзеня 2015г. у мастацкім музеі, філіяле Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея (Паўднёвая казарма Брэсцкай крэпасці), працягнецца выстава традыцыйнага строю адзення (аўтэнтычнага і зробленага ў наш час) і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Маларыцкага раёна. Падчас яе ўрачыстага адкрыцця да прысутных звярнуўся Андрэй Гарбацэвіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Маларыцкага райвыканкама, які сказаў, што Маларытчына дэманструе тут толькі нязначную частку сваёй багатай самабытнай матэрыяльнай і духоўнай культуры. Каб у гэтым пераканацца, дастаткова паглядзець, што створана рукамі майстроў «мядзведжага кутка»: Сцепаніды Сцепанюк, Валянціны Струнец, Алы Назарук, Святланы Луцык, навучэнцаў і выкладчыкаў Хаціслаўскай школы народнай творчасці: Наталлі Кавальчук, Вольгі Смаль, Галіны Бенясюк, а таксама паслухаць выступленні самадзейных артыстаў – узорнага клуба аматараў фальклору «Вясковая табала» і народнага ансамбля народнай песні і музыкі «Хаціславяне» (Хаціслаўскі СДК). Падчас адкрыцця яны паказалі тэатралізаваны народны абрад «Пад Каляднай зоркай».
Сваімі думкамі пра «маларыцкае народнае мастацтва» падзяліліся таксама дырэктар ЦКС Наталля Галавій, дырэктар раённага Цэнтра народнай творчасці Валянціна Струнец, дырэктар Хаціслаўскага СДК Галіна Хомік.
На здымку: падчас адкрыцця выставы традыцыйнага строю адзення і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Маларыцкага раёна ў мастацкім музеі Брэста.
P.S. Усіх прысутных на адкрыцці выставы чакаў “смачны” сюрпрыз – пачастунак маларыцкім грачанікам.
Мікалай НАВУМЧЫК.

Опубликовано в «ГЧ» 10.01.2015 г. 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.