«Лепшае месца на свеце — родны край»

За свае 15 гадоў я пабывала ў розных краінах. Бачыла там шмат дзіўнага і незвычайнага, захаплялася помнікамі і славутасцямі, пранікалася духам не адной еўрапейскай сталіцы. І нечакана – Мінск. Сталіца маёй радзімы, наша сэрца, душа, адзін з прыгажэйшых гарадоў Еўропы! Я была ў захапленні нават ад адной думкі, што буду ў Мінску. Цяпер з поўнай упэўненасцю магу сказаць, што з’ездзіла ў сталіцу не дарэмна. Нейкае незвычайнае пачуццё ўзрастала і перапаўняла мяне, калі аўтобус набліжаўся да Мінска. Гэта цяжка перадаць словамі.
Мінск сустрэў нас не надта ветліва. Імжа, вецер і шэрае неба наўрад ці можна назваць добрай гасціннасцю. Але гэта зусім не сапсавала настрой і не зменшыла радасць прадчування будучай экскурсіі. Бо наперадзе нас чакалі Авальная зала, сустрэча з дэпутатамі і шмат іншых, не менш цікавых рэчаў.
Першае, што нам трэба было пераадолець на шляху да нашай мэты, — прайсці цераз металашукальнікі і прад’явіць пашпарты. Напэўна, менавіта тады я па-сапраўднаму зразумела, у якім важным месцы пабываю. Затым нас прапусцілі ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Як толькі ўвайшла туды, пачуцці ўласнай годнасці і самапавагі перапаўнялі мяне. Захацелася выпраміць плечы і ўзняць галаву, а пасля расказваць усім, што я пабывала там, куды нават дэпутаты, вяршыцелі лёсу нашай дзяржавы, адны з самых паважаных і важных людзей Беларусі, праходзяць па пропусках. А мяне, простую школьніцу, прапусцілі сюды без адзінага пярэчання! Думаю, гэтым варта ганарыцца. І гэтае пачуццё гордасці не пакідала мяне да самага канца паездкі.
Пасля таго, як мы ўвайшлі ў будынак парламента краіны, нас чакала невялікая аглядная экскурсія. Спачатку расказалі пра сам будынак, яго абстаноўку, паказалі экспазіцыю, прысвечаную 15-годдзю Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, а таксама экспанаты (ордэны, важныя дакументы), фотаздымкі дэпутатаў чатырох мінулых скліканняў (гэтыя фотаздымкі — своеасаблівая традыцыя), якія робяць перад завяршэннем перыяду іх работы. Мы пачулі шмат новага пра дзейнасць народных абраннікаў, убачылі дзіўныя па прыгажосці падарункі ад паслоў краін усяго свету (не кожны дзень убачыш сапраўдную кітайскую вазу ці статуэтку з Камбоджы) і шмат іншага. А гэта ж даніна павагі нашай краіне дзяржавамі ўсяго свету!
Затым мы наведалі Авальную залу. Правялі нас туды прама ў час работы сесіі. Мы бачылі, як ішло абмеркаванне законаў, што прымаліся, як праходзіла галасаванне. Неверагоднае адчуванне, калі тое, што ты бачыў толькі па тэлевізары, адкрываецца прама перад табой. Нібыта сон раптам стаў явай.
Пасля аб’яўлення пра перапынак у рабоце склікання мы, нарэшце, пазнаёміліся з дэпутатам ад нашай акругі Уладзімірам Іванавічам Пузырэўскім. А ён, у сваю чаргу, паказаў нам Авальную залу паблізу, а не з вышыні партэра. Не толькі ўбачыць уласнымі вачыма дэпутатаў, павітацца з імі і пачуць адказ на сваё сарамлівае і няўпэўненае “Добры дзень!”, але і пасядзець у іх крэслах, “пабыць” імі – хіба гэта не мара любога школьніка, які паважае сябе? Я нават пасядзела ў крэсле Прэзідэнта, якое належала яму ў той час, калі ён быў дэпутатам! Здорава!
Далей была працяглая фотасесія ў Авальнай зале, за трыбунай, перад ёй, у крэсле, стоячы з дэпутатам і без яго… Кульмінацыяй нашага знаходжання ў Палаце прадстаўнікоў стала размова з самім Уладзімірам Іванавічам Пузырэўскім. Магчыма, нам не ўдалося задаць важныя і глабальныя пытанні: хваляванне і сарамлівасць сыгралі з намі злы жарт. Але мы даведаліся шмат новага пра самога дэпутата, яго жыццё і шлях ад простага піларамшчыка да складальніка законаў краіны.
Напэўна, гэта і было адным з галоўнейшых урокаў маёй паездкі. Няма нічога немагчымага. Калі ты будзеш ставіць перад сабою мэту і ісці да яе, то ўсё задуманае ажыццёвіцца. Не трэба баяцца стукаць у зачыненыя дзверы, не трэба спыняцца перад перашкодамі. Толькі наперад! Вось чаму навучыла мяне сустрэча з Уладзімірам Іванавічам Пузырэўскім.
У час экскурсіі мы часта чулі звароты накшталт “Малады дэпутат!” (у час фатаграфавання) альбо “А, можа, ты калі-небудзь станеш…”.
І сапраўды, магчыма, праз некалькі гадоў я буду глядзець на свайго аднакласніка, які сядзіць у крэсле дэпутата, і думаць пра іронію лёсу. Хто ведае? Але пра тое, што ў гэтым жыцці можна дабіцца ўсяго ўпартай працай, я ўжо зразумела. Галоўнае, што ў маёй краіне створаны ўсе ўмовы для дасягнення пастаўленай жыццёвай мэты!
Вярнуўшыся дамоў з Мінска, я некалькі разоў уважліва перагледзела зробленыя фотаздымкі і злавіла сябе на думцы, што ні адна краіна, дзе я пабывала, не прадаставіла мне, звычайнай школьніцы з правінцыяльнага гарадка, магчымасць пабываць у парламенце краіны. На Радзіме, дзякуючы выдатнай вучобе і прыкладным паводзінам, такая магчымасць мне дадзена.
Гэтая экскурсія пакінула незабыўнае ўражанне, нават змяніла некаторыя мае погляды. Я ўспомніла ўрокі беларускай літаратуры і словы нашага класіка Ф. Багушэвіча: “Не буду мяняцца хоць бы і на замкі, — калок свой мілейшы, як чужыя клямкі”. Бо ён жа мае рацыю. Мы захапляемся чужым, але не прыкмячаем свайго. Але толькі ў родным краі чалавек можа атрымаць усё: і гонар, і павагу, і славу.
Адна экскурсія ў Мінск… А менавіта ж яна змяніла мяне. Дзякуючы ёй, па-сапраўднаму і шчыра я стала ганарыцца сваёй краінай, сінявокай Беларуссю, краінай пад белымі крыламі, жытнёва-бульбяным і валошкавым краем!
Усё ж лепшае месца на свеце – родны край!
Ангеліна ЯРМАШУК, вучаніца 10 “А” класа раённай гімназіі.

Опубликовано в «ГЧ» 10.01.2015 г. 

Добавить комментарий


https://velotime.com.ua

читать далее 13.ua

steroid-pharm.com/decabol.html
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!