Зімняя казка

Гэтая гісторыя здарылася з адной цудоўнай дзяўчынкай напярэдадні Новага года. Яе звалі Прынцэса. Не, зразумела, сапраўднае імя ў яе таксама было, але гэта зусім не важна, бо нікому ў галаву не прыходзіла называць яе інакш.
Дзяўчынка сур’ёзна рыхтавалася да сустрэчы з Дзедам Марозам: бясконца паўтарала вершы, выбрала некалькі песень, развучыла вясёлы танец. Самае галоўнае – свая беласнежная сукенка. Прынцэса некалькі разоў на дзень наведвала яе ў вялікай люстраной шафе, дзялілася сваімі поспехамі, хвалююча перабірала пяшчотнымі пальчыкамі тонкія карункі. Зусім хутка…
Каб хоць крышачку наблізіць чароўнае імгненне навагодняй сустрэчы, дзяўчынка кожны вечар запальвала блакітную навагоднюю гірлянду і старанна выразала яшчэ адно незвычайнае ўпрыгожанне ў пушыстую кучу мудрагелістых сняжынак. Яны цэлымі гурбамі ляжалі на падаконніку, раз-пораз падглядваючы за сваімі прататыпамі ў заснежанае акно. Чыстай зайздрасцю зайздросцілі сваім калючым сёстрам, што непрыкметна кружаць у бясконцым танцы з матухнай Завірухай, кідаючы ледзь улоўныя цені ў цьмяным святле жоўтага месяца. Папяровыя прыгажуні марылі хоць разок сустрэцца з марозным ветрам, заіскрыцца каштоўным бляскам у сонечных промнях.
— Шкада, але мара гэтая ніколі не здзейсніцца, — толькі ўздыхалі тужлівыя прыгажуні, углядваючыся ў беласнежную далячынь.
Прынцэса вельмі любіла танцаваць, цэлымі днямі яна прыдумвала ўсё новыя і новыя рухі, перад сном, калі ўжо была ў ложку, яшчэ доўга вальсіравала рукамі, а ранкам пераказвала маці незвычайныя малюнкі з чароўных сноў: карагоды, балі… Часта і сваю любімую ляльку Мальвіну яна не забывала браць з сабой у чароўнае падарожжа танцаў. Яны, нібыта матылькі, ляталі па бліскучым паркеце, напаўняючы пакой атмасферай непарушнага шчасця. Мальвіне хацелася хоць разок сустрэцца з сапраўднай Снягуркай, патрымаць яе за руку, дакрануцца да залацістых кос. А Прынцэса ўсё рыхтавалася да чараўніцтва.
— Мае дарагія туфлікі, звонкія абцасікі, не падвядзіце, не спатыкніцеся, — дзяўчынка злёгку падбіла аксамітавую падушачку. — Так вам будзе больш мякка. Адпачывайце!
Туфлікі любілі Прынцэсу. Яна клапатліва і з павагай абувала іх у дні толькі асобых урачыстасцей, беражліва змахвала пыл кавалачкам фланелі і хавала ва ўтульнае месца.
— Добрая гаспадыня, трэба б дапамагчы! – дружна вырашылі туфлікі і замерлі ў чаканні зорнай хвіліны.
Тым часам Прынцэса ўжо рыхтавала ёлачку: не баючыся колкіх галінак, беражліва вешала рознакаляровыя шары, званочкі і салодкія пернікавыя домікі з імбірным водарам. Ёлачка паступова прывыкала да дома і гэтай цудоўнай дзяўчынкі.
— Тут такія асобыя цеплыня і ўтульнасць, — радавалася новай атмасферы зялёная госця, — няхай жа засцеліцца пада мною падлога ад падарункаў чароўнай ноччу, каб на світанні асвяціліся шчасцем бяздонныя вочкі Прынцэсы.
Нарэшце ўсе прыгатаванні былі завершаны, люстэркі апраменьваліся казачным святлом, адлюстроўваючы гэтую цудоўную дзяўчынку. Прынцэса, затаіўшы дыханне, прыслухоўвалася – ужо неяк надта звонка стаў трашчаць снег. Яна падбегла да акна і, злёгку прыадчыніўшы фортку, прашаптала: “Я чакаю цябе!”
Раптам пачуўся моцны стук, дзяўчынка кінулася да ўваходных дзвярэй.
— Прывітанне, Дзядуля Мароз! Прывітанне, мілая Снягурка! Як жа я вас чакала!
Рэзкі скразняк страпянуў горы сняжынак – ледзь утрымліваючы няцвёрдую раўнавагу, яны ляцелі скрозь адчыненае акно насустрач сваёй мары. Казытаў мароз, вышываючы іскрыстыя ўзоры. Кружыліся сняжынкі.
— Праходзьце да ёлачкі, — вяла Прынцэса сваіх доўгачаканых гасцей. – Знаёмцеся, а гэта Мальвіна.
— Якая прыгожая лялечка, — Снягурка беражліва ўзяла ляльку на рукі. – Якія ў яе шаўкавістыя валасы, зусім як сапраўдныя. Прынцэса, беражы сваю лялечку, а яна будзе берагчы ўсе твае тайны.
Прынцэса чытала вершы, спявала песні, вадзіла карагоды са сваімі новымі сябрамі так доўга, што і не прыкмеціла, як настала ноч.
— Прыйшоў час развітвацца, мая дарагая дзяўчынка. Якое ж жаданне загадала ты? Чаго ты хочаш? – Дзед Мароз, прыабняўшы Прынцэсу, пасадзіў яе да сябе на калені. — Папрасі пра тое, што для цябе сапраўды важна.
— Дзядуля, я хачу толькі тое, што ў мяне ўжо ёсць. І няхай усе добрыя жаданні на зямлі здзейсняцца.
— Ты вельмі слаўная і мілая дзяўчынка, і тваю просьбу я абавязкова выканаю! Цяпер спакойнай ночы, Прынцэса! Ранкам, калі на небе згаснуць усе зоркі, ты адчуеш – здзейснілася!

Таццяна Ефлакова.

Опубликовано в «ГЧ» 10.01.2015 г. 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.