“Тое, што мы маем, створана рукамі продкаў. Тое, што будзе ў нашых дзяцей, — залежыць ад нас”

15 снежня Маларыцкі раён адзначыў сваё 75-годдзе. Пра мінулае і сённяшняе рэгіёна – размова ў інтэрв’ю са старшынёй райвыканкама Казімірам Лапічам.
— Казімір Віктаравіч, больш за 30 гадоў Вы жывяце і працуеце ў Маларыцкім раёне і амаль 14 гадоў – на пасадзе старшыні райвыканкама. Цікава было б параўнаць асноўныя сацыяльна-эканамічныя паказчыкі раёна 30-гадовай даўніны, напрыклад, і сённяшнія.
— Так, сапраўды, нейкія пазіцыі цікава супаставіць, хаця некаторыя лічбы было б не зусім правільна параўноўваць, бо нас раздзяляе вялікі прамежак часу. Напрыклад, у 1985 годзе ў раёне пражывала 30 тысяч чалавек, а цяпер — 24736. Тады больш чым палова жыхароў былі вяскоўцамі – 20 тысяч. Цяпер колькасць сельскіх і гарадскіх жыхароў амаль выраўнялася. Пачынаў працаваць я ў сельскай гаспадарцы. Калі гаварыць пра паказчыкі ў ёй, то скажу, што прадуктыўнасць кароў была тады 2800 кілаграмаў, цяпер 5300 кг, прыбаўленні ў вазе ў 2 разы павялічыліся. 30 гадоў назад вытворчасць малака ў раёне была 31 тысяча тон, у 2014 годзе яна склала ўжо 63 тысячы тоны. І ўсё таму, што падвоілі вытворчасць кармоў – летась толькі травяністых кармоў у раёне атрымана 26 цэнтнераў кармавых адзінак на адну ўмоўную галаву жывёлы.
— Якія дасягненні ў сацыяльна-эканамічнай сферы раёна для Вас, як для кіраўніка, могуць быць нагодай для гордасці?
— Наш раён аграрны, ёсць і прамысловыя прадпрыемствы. Скажам, кансервавагароднінасушыльны камбінат. І ў мінулыя гады ў рэспубліцы ён займаў перадавыя пазіцыі ў сваёй сістэме. А пачынаючы з 2010 года гэтае прадпрыемства мы поўнасцю мадэрнізавалі, тут укаранёна сучасная тэхналагічная вытворчасць. Выключана з вытворчасці незапатрабаваная на рынку прадукцыя – сушаная бульба, вытворчасць якой была затратнай. Сёння асноўныя тавары, што камбінат выпускае, – гэта дзіцячае харчаванне, некаторыя віды “дарослай” прадукцыі. Камбінат удалося не толькі ўтрымаць на тых эканамічных пазіцыях, але і тут зроблены значны крок наперад. Цяпер камбінат выпускае 40% дзіцячага кансерваванага харчавання ў рэспубліцы, якое адпавядае ўсім патрабаванням якасці. Прадпрыемства штогод дадае ў аб’ёмах выпускаемай прадукцыі 10-15%. Калі ж гаварыць у цэлым, то за апошнія 4 гады ў 7 разоў павялічыўся аб’ём вытворчасці прамысловай прадукцыі. Але ж на гэтым раён не спыняецца. У стадыі рэалізацыі новы праект – устаноўка лініі па разліву дзіцячага харчавання ў гібкую тару. Гэта дазволіць нарасціць аб’ём вытворчасці прамысловай прадукцыі. У наступным годзе новы праект будзе рэалізаваны. Камбінат працуе рэнтабельна, развіваецца добрымі тэмпамі, тут няма праблем з кадрамі.
Другі праект, што рэалізоўваецца ў раёне, — гэта асваенне хаціслаўскага радовішча мелу. Рэалізацыя яго пачыналася яшчэ ў савецкія гады, але ў сувязі з развалам Саюза была спынена. Нам удалося знайсці добрага інвестара, які за кароткі перыяд часу пабудаваў сучасны завод па выпуску будаўнічых матэрыялаў. Гэта, з уводам сёлета яшчэ аднаго завода – па выпуску вапны – будзе сучаснейшае прадпрыемства на прасторах нашай краіны. Таму, вядома ж, мы гэтым ганарымся.
— Казімір Віктаравіч, амаль 14 гадоў назад Вы ўзначалілі раён. Часу прайшло нямала. За гэты перыяд, як бачым, вельмі змянілася аблічча нашых вёсак і райцэнтра, умовы жыцця і быту лю­дзей. І яны сталі іншымі. Якія з задач тады, у 2001 годзе, для Вас былі першачарговымі і выключна важнымі? Чаго ўдалося дасягнуць, а што пакуль не зроблена і чаму? Наколькі задачы 14-гадовай даўніны адрозніваюцца ад сённяшніх?
— Вядома ж, калі параўноўваць гэтыя гады, можна сцвярджаць, што адбыліся істотныя змяненні ва ўсіх сферах нашага жыцця. Калі браць нашу галоўную галіну – аграрную, то і ў той час працавалі людзі старанна, дабіваліся нядрэнных вынікаў. Але параўноўваць з цяперашнім перыядам, мабыць, было б няправільна. Умовы тады былі іншыя. Той, хто працаваў у гэтай сферы тады і працуе цяпер, увачавідкі бачыць, якія адбыліся змяненні. Асноўная стаяла тады задача – павысіць эфектыўнасць сельгасвытворчасці. А гэта магчыма было толькі за кошт абнаўлення гаспадарак высокапрадукцыйнай тэхнікай – на той момант, на жаль, у нас яе не выпускалі. А літаральна за апошнія 10 гадоў нашы гаспадаркі аснасціліся энерганасычанымі машынамі і трактарамі. Другой важнай задачай лічыў укараненне новых тэхналогій у раслінаводстве і жывёлагадоўлі, без чаго немагчыма было павышаць урадлівасць зямель. Рэзкія перамены адбыліся ў апошнія гады, калі пачала рэалізоўвацца Праграма адраджэння і развіцця сяла. Яна закранула кожную нашу гаспадарку.
Тэхнічна ўдалося абнавіцца ўсім ім, ва ўсіх з’явіліся фермы з сучаснымі тэхналогіямі ўтрымання статка – сёння больш за 70% жывёлы знаходзіцца на бяспрывязным утрыманні. У канцы мінулага года ўведзены 2 новыя фермы – у СВК “Макраны” і “Рыта”, у стадыі завяршэння будаўніцтва — ферма ў СВК “Дарапеевічы”. Дзякуючы гэтаму змяніліся ўмовы працы, павысілася прадуктыўнасць статка і палепшылася якасць прадукцыі, знята праблема недахопу даярак і г.д. А якія ўмовы вытворчасці малака на сучаснай высокатэхналагічнай ферме ў СУП “Савушкіна”, дзе дояць ад каровы больш за 19 кг у суткі і прадаюць “экстра” класам! Тут наладжана сучасная прамысловая вытворчасць малака. Калі давялося ўзначаліць раён, першаступеннай задачай для мяне было вырашыць пытанні стварэння трывалай кармавой базы, таму што ў гаспадарках хранічна не хапала кармоў. Таму адразу гэтая праблема была ўзята пад кантроль. Сказаць, што яна цяпер поўнасцю вырашана, было б неаб’ектыўна. Аднак па аб’ёмах вытворчасці травяністых кармоў раён дастаткова забяспечаны. Па гэтых пазіцыях займаем першыя і прызавыя месцы як у вобласці, так і ў рэспубліцы. Не вырашыўшы гэтую задачу, усе астатнія былі б абсалютна неэфектыўныя. Цяпер раён знаходзіцца на пятым месцы ў вобласці па прадуктыўнасці кароў – мы доім больш за 5 тысяч кілаграмаў. Незадаволенасць застаецца якасцю структуры кармоў. Мы павінны яе ўдасканальваць і балансаваць па спажыўнасці.
Шмат было зроблена згодна з Праграмай адраджэння вёскі і ў сацыяльнай сферы. Наведзены парадак на цэнтральных сядзібах – заасфальтаваны цэнтральныя вуліцы, пракладзены інжынерныя сеткі, водаправод, амаль у кожную цэнтральную вёску падведзены газ, акрамя Гвозніцы і Радзежа. Раён па газіфікацыі займае перадавыя пазіцыі ў вобласці. Дзякуючы гэтай Праграме, вырашаны пытанні забеспячэння жыллём у сельскай мясцовасці, у поўным аб’ёме задавальнялі заяўкі кіраўнікоў гаспадарак на будаўніцтва дамоў. Так, у нашым маленькім раёне ў адзін год будавалі 75 індывідуальных домікаў.
Што яшчэ не ўдалося зрабіць? Хацелася б, каб у кожнай гаспадарцы была пабудавана новая ферма па тыпу такіх, якія ёсць у СВК “Макраны” і “Рыта”. Мы б тады знялі ўсе праблемы ў жывёлагадоўлі на бліжэйшую перспектыву. Гэта дазволіла б нам павялічыць шчыльнасць жывёлы. Мы сёння пераканаліся: там, дзе высокая шчыльнасць (не менш чым 1 галава БРЖ на 1 га), там і зямля “працуе”.
Мы павінны імкнуцца да таго, каб наша зямля не бяднела. Гэтая задача заўсёды актуальная, а цяпер, калі мы нарошчваем аб’ёмы вытворчасці, асабліва.
— Як у апошнія гады на Маларытчыне рэалізуецца інвес­тыцыйная палітыка, якія цікавыя інвестпраекты, магчыма, будуць рэалізаваны ў бліжэйшай перспектыве?
— Асноўны інвестпраект, які рэалізуецца, гэта асваенне, як я ўжо сказаў, Хаціслаўс­кага радовішча. Тут будзе створана больш за 500 рабочых месцаў, з добрай заработнай платай, выпускам якасных будматэрыялаў. Вядома, хацелася б прыцягнуць замежныя інвестыцыі, сёння гэта актуальна. Але, на жаль, нягледзячы на ўсе льготы, якія прадастаўляе дзяржава, вялікага жадання інвестараў уваходзіць у малыя райцэнтры пакуль няма. Мы можам прапанаваць цікавы інвестпраект па асваенню залежаў сапрапеляў, якіх у раёне,па ацэнках спецыялістаў, ёсць больш за 15 мільёнаў тон. Хаця намеры супрацоўнічаць у інвестараў з Германіі былі, але дагавор пакуль прыпынены.
— Якія якасці ў кіраўніку Вы цэніце больш за ўсё?
— Больш значнай задачы, чым стварэнне адказнага кіруючага корпуса для кіраўніка раёна быць не можа. Вядома, кожны час патрабуе свайго кіраўніка. Аднак лічу, што кіраўнік пры любых абставінах павінен умець кіраваць вытворчасцю ці арганізацыяй самастойна. Яму трэба давяраць столькі, наколькі ён гатовы прыняць правільнае рашэнне, а не штодзённа апякаць і кантраляваць яго. У кіраўніка павінны быць максімум самастойнасці і максімум аддачы. Для гэтага трэба ўмець працаваць з людзьмі, быць максімальна адказным. Бо ўсе задачы рэалізуюцца пры ўдзеле людзей.
— У апошнія гады ў раёне пабудавана нямала жылля і іншых аб’ектаў. На адной з нарад з урадам Прэзідэнт паставіў задачу сканцэнтравацца толькі на вельмі важных аб’ектах. Якія прыярытэты ў будаўніцтве ў гэтым годзе будуць у раёне, на ўзвядзенне якіх аб’ектаў будуць накіраваны намаганні? Ці будзе будавацца сацыяльнае жыллё?
— Каб развівацца і жыць, трэба будаваць. Такога прынцыпу я заўжды прытрымліваўся і прытрымліваюся. Мы ўсе гэтыя гады прымалі меры, каб будаваць. Мы нямала пабудавалі на сяле, задавальнялі попыт на жыллё ў горадзе: хто жадаў, той будаваў. У нас была самая вялікая ў вобласці будаўнічая арганізацыя. Па праграме абласных дажынак у горадзе пабудаваны цудоўныя спартыўны цэнтр і гасцініца. Пракладзены каналізацыйныя сеткі, аптымізаваны крыніцы цяпла ў горадзе: засталася 1 цэнтральная газавая кацельня і пабудавана новая эфектыўная кацельня, якая працуе на цвёрдых відах паліва, дзякуючы чаму гараджане атрымліваюць штодзённа гарачую ваду ў свае кватэры.
Сёння сітуацыя ў будаўніцтве змянілася. Аднак мы разумеем, што жыллё – гэта асноўная даброта быту, таму пры ўсіх цяжкасцях мы працягваем яго будаваць, няхай не ў тых аб’ёмах, якія былі дагэтуль, але ўсё ж. Сёлета плануем увесці ў эксплуатацыю 40-кватэрны жылы дом па вул. Паўднёвай і зрабіць задзел на будаўніцтва такога ж дома побач. Сёння ў раёне каля 400 індывідуальных забудоўшчыкаў. Некалькі сацыяльных кватэр будзе пабудавана і ў 2015 годзе.
— Гэты год у фінансава-эканаміч­ным плане прагназуецца нялёгкім. Але жыццё працягваецца. Якія напрацоўкі павінны дапамагчы раёну спраўляцца з цяжкасцямі?
— Лёгка ніколі не бывае, асабліва для аграрных рэгіёнаў. Калі ж быць шчырым, то скажу: у нас зроблены такі задзел, што мы любы крызіс пераадолеем без значных выдаткаў. Мы шмат зрабілі ў мінулыя гады, каб стабільна развівацца, нават у нялёгкіх фінансавых умовах. Галоўнае для нас, каб спадарожнічала надвор’е. Бо ад яго мы не застрахаваны. У прамысловасці таксама не бачу праблем. Нягледзячы на тое, што раён за 4 апошнія гады ў 7 разоў павялічыў аб’ёмы выпуску прадукцыі, і сёлета гатовы выканаць прагнозныя паказчыкі, даведзеныя ў прамысловасці. Таму, спадзяюся, што год для нас будзе ўдалым.
— Мы – напярэдадні 75-гадовага юбілею. Гэты адрэзак часу, зразумела ж, быў напоўнены рознымі падзеямі. У раёна багатая і цікавая гісторыя. Якія самыя цёплыя моманты за час работы на Маларытчыне Вы захоўваеце ў сваёй памяці?
— Больш важнай задачы, чым стварыць самыя аптымальныя ўмовы для паляпшэння якасці жыцця жыхароў раёна, я не бачыў на гэтай пасадзе. Кожны здадзены новы дом, кожны пуск газу ў той ці іншай вёсцы, кожная новая заасфальтаваная дарога – гэта самыя цёплыя моманты ў памяці. Ганаруся абноўленым абліччам нашага горада і вёсак, культурай быту жыхароў, якая вырасла. Але ж чалавек так уладкаваны, што яму заўжды хочацца большага і лепшага, бо няма мяжы, каб задаволіць свае бытавыя і вытворчыя патрэбы. Стараўся рэалізаваць свае планы на пасадзе кіраўніка. Марыў, каб у кожнай гаспадарцы была сучасная ферма – і мары ажыццявіліся. Але на гэтым не спынімся. Будзем і надалей працягваць рэканструкцыю жывёлагадоўчых будынкаў, будаваць сучасныя сховішчы для кармоў. Змяніліся нашы сацыяльныя аб’екты, асабліва школы. Гэта не можа не радаваць. Ці раённая бальніца, у аддзяленнях якой з’явіліся ліфты, адсутнасць якіх раней дастаўляла шмат нязручнасцей.
— Якое будучае раёна Вы бачыце, ці ёсць у Вас як у кіраўніка яго запаветная мара?
— Наш раён, на жаль, згодна з адной навуковай інфармацыяй, якую мы нядаўна атрымалі, уваходзіць у спіс тых рэгіёнаў, дзе займацца сельскай гаспадаркай даволі затратна. Але гэта не сведчыць пра тое, што на гэтай зямлі мы не будзем займацца сельскай гаспадаркай. Калі гаварыць пра перспектыву, то нам трэба думаць, як аптымальна выкарыстоўваць нашы небагатыя землі, каб атрымліваць эфектыўны вынік. А самая запаветная мара – каб людзі на гэтай зямлі ва ўсе часы жылі шчасліва, пад мірным небам, каб захавалі ўсё каштоўнае, што было створана продкамі, і прымножылі яго.
— Казімір Віктаравіч, што б Вы хацелі пажадаць жыхарам раёна напярэдадні юбілею?
— Хацеў бы падзякаваць, па-першае, ветэранам вайны і працы, тым, хто працягвае іх справу, усім кіраўнікам за добрасумленную і самаадданую працу на карысць нашага рэгіёна, для яго развіцця. Вялікі вам за гэта дзякуй. Жадаю ўсім жыхарам здароўя, дабра, міру, каб наш раён і надалей эфектыўна развіваўся ва ўсіх сферах жыцця.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: Казімір ЛАПІЧ.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 14.01.2015 г.

Добавить комментарий


velotime.com.ua/category/velosipedy-giant/

https://best-mining.com.ua

ковролин цена
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!