Цуды іх — зямныя, прафесійныя

Калі гучыць слова «выратавальнік», мы ўяўляем партрэт падцягнутага, рашучага, адважнага байца, здольнага, ратуючы жыццё чалавека, абмінуць любыя перашкоды, нават адолець агонь. Той, хто выбірае гэтую прафесію, не можа не валодаць самымі лепшымі якасцямі. З кагорты смелых, вытрыманых і Дзяніс Пантыкін, які, між іншым, па выніках спаборніцтваў, што праводзіліся летась сярод байцоў падраздзяленняў райаддзела па надзвычайных сітуацыях, быў прызнаны лепшым выратавальнікам.  
Рыхтуючы дакументы ў ваенную акадэмію, Дзяніс нават не думаў, што праз некалькі месяцаў ён будзе асвойваць прафесію выратавальніка-пажарнага ў Салігорскім горна-хімічным каледжы. Калі стала вядома, што ў групу курсантаў, якія залічаны на вучобу ў акадэмію, ён не трапіў, юнак, які быў у выдатнай фізічнай форме і меў высокі бал атэстата, доўга не думаючы, падаў дакументы ў каледж на аддзяленне папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый. І без праблем паступіў. З кожным днём практычныя заняткі ў каледжы ўсё больш зацікаўлівалі Дзяніса, упэўнівалі ў тым, што ён, хоць і выпадкова, але выбраў тую справу, якая была даспадобы.
Па размеркаванні Дзяніса Пантыкіна накіравалі на яго радзіму, у Ляхавіцкі раён, дзе ў райаддзеле ён узначаліў пажарны аварыйна-выратавальны пост. Першыя трывожныя выезды хоць і былі сапраўдным выпрабаваннем ведаў і навыкаў, не расчаравалі. Больш таго, Дзяніс вырашыў працягваць навучанне і паступіў на завочнае аддзяленне ў Гомельскі інжынерны інстытут Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Ішоў час. Малады баец уліўся ў калектыў, змог праявіць сябе, заставалася толькі стварыць надзейны тыл. Але дзяўчына, якую ён пакахаў, была з Маларыцкага раёна. Пераканаўшыся, што ў аддзеле па надзвычайных сітуацыях знойдзецца для яго работа, Дзяніс і пераехаў у 2011 годзе на Маларытчыну. Тут спачатку быў назначаны камандзірам аддзялення пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 14 у вёсцы Арэхава, а з верасня 2014 года — камандзірам аддзялення аварыйна-выратавальнага паста № 13 у вёсцы Макраны. Што такое работа выратавальніка на пэўным участку? Гэта не толькі выезды на пажары ці аварыі на дарогах, якія, на шчасце, здараюцца не так часта. Гэта паўсядзённая, падзеленая на пэўныя часавыя адрэзкі, падрыхтоўка. З ранку да вечара – заняткі, самаўдасканаленне ведаў, кантроль за поўным парадкам і баявой гатоўнасцю абсталявання і пажарнай машыны, фізічная падрыхтоўка, бо кожны выратавальнік павінен быць гатовым вытрымаць у любой, самай складанай сітуацыі. А калі паступае сігнал – камандзір аддзялення і вадзіцель за некалькі хвілін, у адпрацаваным тысячы разоў парадку, падрыхтаваны ўжо да выезду. І пакуль машына імчыць да месца здарэння, абмяркоўваецца сітуацыя, прадумваюцца варыянты дзеяння. А калі выратавальнікі на месцы, застаецца ацаніць рэальную сітуацыю і прыняць рашэнне. Выязджаць на пажары Дзянісу Пантыкіну за пяць гадоў службы даводзілася шмат разоў. І не толькі змагацца з агнём, але і выносіць з яго людзей. Адзін з такіх выпадкаў быў у вёсцы Арэхава.
Калі прыехалі на пажар, вырата­вальнікі даведаліся, што ў доме застаўся гаспадар. Адшукаць яго ў задымленым пакоі, куды кінуліся выратавальнікі, было няпроста. Але, абследуючы метр за метрам дом, Дзяніс усё ж знайшоў на падлозе чалавека. Мужчына, дзякуючы прафесія­налізму выра­тавальнікаў, застаўся жы­вы. У такія моманты, прызнаецца Дзяніс, па-сапраўднаму адчуваеш важнасць той справы, якой служыш.
Бываюць, праўда, і ін­шыя эмо­цыі. Успа­мінае Дзяніс, як аднойчы, яшчэ напачатку яго прафесійнай дзейнасці, пад’ехаўшы да палаючага дома, даведаўся, што ў адным з пакояў застаўся чалавек. Тут жа разбіў шкло ў акне, каб хутчэй патрапіць у дом, за лічаныя хвіліны адшукаў пажылога чалавека, які ўжо быў без прытомнасці, вынес яго на вуліцу і пачаў аказваць першую дапамогу. Але колькі ні стараўся, так і не змог выратаваць жыццё. І хоць разумеў, што ў гэтай сітуацыі ад яго нічога не залежыла, яшчэ некалькі тыдняў заставаўся пад уплывам думак. Так, выратавальнікі здольны зрабіць многае, але яны, хоць і называюць іх нярэдка “анёламі”, простыя людзі. І цуды іх — зямныя, прафесійныя.
Тым, хто з боку назірае за работай выратавальнікаў, можа здацца, што ўсё яны робяць вельмі лёгка. За секунды падымаюцца на вышыню, адважна ўваходзяць у агонь. Як удаецца такое звычайным людзям? У гэтым, лічыць Дзяніс, дапамагае загартоўка. Так, пажарным, якія ўваходзяць у ахоплены агнём дом, таксама бывае страшна, бо прадугадаць, што будзе праз некалькі хвілін, вельмі цяжка. Але на тое яны і ёсць прафесіяналы, якія ўмеюць правільна ацаніць рызыку, імгненна зарыентавацца і прыняць правільнае рашэнне. А спраўляцца з нагрузкамі дапамагаюць штодзённыя трэніроўкі, адпрацоўкі паласы перашкод, калі вучэнні праводзяцца ва ўмовах, набліжаных да рэальнасці. Дзянісу, перакананы ён, выпрацаваць вытрымку дапамог яшчэ і гіравы спорт, якім займаецца малады чалавек яшчэ з часу вучобы ў каледжы.
— Калі ты з апошніх сіл трымаеш у руцэ гіру і ведаеш, што як бы там ні было цяжка, табе трэба пратрымацца яшчэ пэўны час, вучышся цярплівасці, — заўважае Дзяніс.
Займаецца спортам выратавальнік і цяпер. У райаддзеле для такіх заняткаў створана добрая база. Ёсць і прыклад для пераймання – яго калега Аляксандр Сезік, які штогод выходзіць пераможцам спаборніцтваў. Паказаў добры вынік летась і сам Дзяніс. У абласных спаборніцтвах па гіравым спорце ён заняў першае месца і атрымаў магчымасць выступаць на рэспубліканскіх спаборніцтвах, дзе ў сваёй вагавой катэгорыі быў трэцім. Цяпер у вольны час рыхтуецца Дзяніс да новых спаборніцтваў.
Сярод выратавальнікаў, работа якіх, здавалася б, вельмі напружаная, далёкая ад рамантыкі, нямала людзей творчых. Усё, напэўна, таму, што нярэдка ім даводзіцца бачыць бяду, адгукацца на яе, ісці на рызыку, каб выратаваць жыццё іншага. Гонар за сваю справу натхняе. Вось і Дзяніс нярэдка ў вольную хвіліну на белым аркушы выводзіць радкі вершаў:
Одев с утра “боёвку”, начну рабочий свой день.
И много для счастья не надо, главное — работа не в лень…
І далей у радках яго верша – шчырае прызнанне ў тым, што праца выратавальніка, гэта не проста прафесія, а прызванне дапамагаць людзям:
…И много для счастья не надо, лишь слышать: «Спасибо, браток»,
Махнул головою несмело, и к горлу подходит комок…
Але для шчасця, як лічыць Дзяніс, яшчэ вельмі важна, каб ты ведаў, што дома ў цябе надзейны тыл. Ён спяшаецца з работы дамоў, дзе яго чакаюць жонка і маленькая дачушка. Пакуль яна яшчэ зусім малышка, але, калі вырасце, абавязкова будзе ганарыцца, што яе тата – выратавальнік.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: камандзір аддзялення пажарнага аварыйна-выратавальнага паста №13 Дзяніс Пантыкін.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 17.01.2015 г.

Добавить комментарий


https://monaliza.kiev.ua

https://topobzor.info

www.sledoc.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!