Маларыцкі раён адзначыў сваё 75-годдзе

Урачыстыя мерапрыемствы прайшлі ў гарадскім Доме культуры, які пад сваім дахам сабраў чатыры сотні чалавек з розных куточкаў раёна і вобласці. Яны сталі сведкамі насычанай святочнай канцэртнай праграмы.
Да прысутных з прывітаннем звярнуўся старшыня райвыканкама Казімір Лапіч. Ён падкрэсліў, што за гэтыя сем з паловай дзесяцігоддзяў раён прайшоў доўгі гістарычны шлях, гераічна адстаяўшы сваю зямлю ў Вялікай Айчыннай вайне, даказаўшы сваё права на свабоду, мір, стваральную працу, працяг пакаленняў.
— Нам ёсць чым ганарыцца, каго ўслаўляць, памятаць і шанаваць, — гаварыў, звяртаючыся да прысутных і гасцей, кіраўнік раёна. – Людзі – галоўны гонар нашай Маларытчыны. Дзякуй усім працаўнікам раёна, ветэранам працы, тым, хто пераняў ад іх эстафету.
Працягам гэтай падзякі і пры­знання было ўрачыстае ўзнага­роджанне за добрасумленную працу, прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна і ў сувязі з яго 75-годдзем. Юбілей быў шчодрым на ўзнагароды. Граматамі Брэсцкага аблвыканкама і абласнога Савета дэпутатаў узнагароджаны дырэктар ДзУ “Збуражскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа” Іван Наўрось, урач-педыятр раённай бальніцы Тамара Гардзяюк, загадчыца фермы СВК “Рыта” Ніна Літвінюк, старшыні СВК “Чарняны” і “Чырвоны партызан” Міхаіл Перкавец і Сяргей Сцепанюк. Пісьмы падзякі абласнога Савета дэпутатаў атрымалі дырэктар СШ №2 г. Маларыты Любоў Куц і ўрач-хірург райбальніцы Віталь Федарук. Віншуючы жыхароў раёна з юбілеем і ўручаючы па даручэнню абласных улад гэтыя ўзнагароды, старшыня Камітэта дзяржкантролю Брэсцкай вобласці Дзмітрый Баско назваў маларыцкую зямлю багатай на знакамітых людзей, сказаў, што тут жывуць і працуюць людзі, якія ўсім сэрцам хварэюць за нашу краіну.
— Аднак дасягнутага заўжды мала, — адзначыў ён і пажадаў раёну станоўчага перспектыўнага руху наперад.
…Вядучая запрашае на сцэну начальніка маларыцкай ПМК-8 Віктара Хамічука, намесніка старшыні райспажыўтаварыства Міраславу Ляшкевіч, галоўнага бухгалтара ААТ “Маларыцкі кансервавагароднінасушыльны камбінат” Галіну Гардзееву, настаўніка гісторыі Лукаўскай СШ Мікалая Баліцэвіча… У ліку ўзнагароджваемых таксама станочнік-плітачнік маларыцкай ПМК-20 Сяргей Таргонскі, трактарысты-машыністы СВК “Чырвоны партызан”, “Чарняны” і “Макраны” Мікалай Баліцэвіч, Павел Кулічык і Уладзімір Алесіюк, дырэктар унітарнага вытворчага прадпрыемства “Дзіона” Любоў Жалтоўская, медыцынская сястра Велікарыцкай бальніцы сястрынскага догляду Галіна Палішчук, вадзіцель СВК “Дарапеевічы” Аляксандр Улезла. У іх добрасумленнай працы, за якую яны ўзнагароджаны Граматамі райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў, – любоў да сваёй маленькай радзімы, праяўленне шчырага клопату пра яе, пры­мнажэнне яе багацця, памяць пра гераічнае мінулае.
“…Мы будзем жыць, пакуль ствараем”, – пісаў паэт і меў рацыю. Самым дарагім заўжды будзе тое, куды ўкладзена твая праца. І ў тым, што сёння раён ператварыўся ў сучасны развіты сацыяльна-эканамічны рэгіён, вялікі ўклад унеслі сваёй працай 85 ардэнаносцаў, якія стваралі ў мінулыя гады, эстафету якіх працягваюць іх наследнікі, што народжаны, каб ствараць сёння, каб жыць у гармоніі з прыродай, з людзьмі, з самімі сабою. Такія думкі былі ў галаве, калі глядзела на людзей, што ўзнімаліся на сцэну за ўзнагародамі. Бо ніякага іншага шчасця, як жыць на роднай зямлі, з землякамі і для землякоў, не трэба.
Урачыстым момантам афіцыйнай часткі мерапрыемства быў выхад на сцэну двух ганаровых грама­дзян Маларыцкага раёна — такое высокае званне ім было прысвоена на апошняй сесіі раённага Савета – былога старшыні калгаса “Запаветы Леніна” Леаніда Ляонава, тройчы ардэнаносца, заслужанага работніка сельскай гаспадаркі, які 48 гадоў ўзначальваў хаціслаўскі калгас; і алімпійскага чэмпіёна па цяжкай атлетыцы, ураджэнца Маларыты Леаніда Тараненкі, які праславіў нашу Беларусь і сваю маленькую радзіму ў сусветным спорце. Без перабольшвання, гэта асобы, з моцнымі і загартаванымі характарамі і натурамі, якія ўла­дарылі, стваралі на сваіх нівах, дабіваючыся пастаўленых мэт.
Афіцыйную частку працягва­лі канцэртныя выхады культра­ботнікаў раёна. У фае Дома культуры былі разгорнуты выставы “Раён у старых здымках” , арганізаванай маларытчанінам Валерыем Савасціёнкам, пра­дукцыі прамысловых прад­прыемстваў – ААТ “Маларыцкі кансервавагароднінасушыльны камбінат”, хлебазавода, СЗАТ “КварцМелПрам”, ля якіх збіраліся жыхары раёна і госці святочнага мерапрыемства. Для многіх сустрэча з горадам была праз гады. Данііл Кліменцьевіч і Ніна Уладзіміраўна Панько, якія працавалі ў сістэме аграпрамысловага комплексу раёна ў 80-90-я гады, былі шчыра крануты запрашэннем на святкаванне юбілею і яшчэ больш уражаны тымі змяненнямі, якія адбыліся ў абліччы Маларыты з таго часу, як пераехалі ў іншы раён, а прайшло ўжо 15 гадоў.
— Нам вельмі прыемна пабыць разам з былымі калегамі, успомніць гады сваёй работы ў раёне і, вядома ж, палюбавацца горадам, – прызнаваліся яны. – Ён толькі памаладзеў!
…За спіной раёна – 75. Па сярэдняй працягласці – адно чалавечае жыццё. Аднак час не ведае прыпынкаў, час ідзе наперад. Новая хроніка Маларытчыны пішацца новымі пакаленнямі “тут і цяпер”. Пішацца, раскрываючы сутнасць вечнага руху прыроды і чалавека з мінулага ў будучае. Маларытчына – край настальгіі і радасці, паэтычнага натхнення і нялёгкай вясковай працы, якая, аднак, нярэдка бывае аддзячана. Маларытчына, нібы лодка на рацэ па імені Час, пераплывае з адной жыццёвай вяхі ў другую, пакідаючы ўсім, хто тут нарадзіўся, жыў ці проста пабываў, — імгненні рэдкага душэўнага спакою і радасці, якія заўжды застануцца ў самым сэрцы.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКАХ: у час святкавання 75-гадовага юбілею Маларыцкага раёна.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 21.01.2015 г.

Добавить комментарий


www.avtomaticheskij-poliv.net.ua

масло мобил1

adulttorrent.org
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!