Каб добра і шчасліва ехалася

Субяседнік: Леанід Галюк, дарожны майстар Брэсцкага дыстанцыйнага пуці №6 Беларускай чыгункі.
Штрыхі да партрэта. Леанід Іванавіч родам з в.Добрасава. Пасля заканчэння 8-мі класаў Макранскай СШ паступіў у Брэсцкі чыгуначны тэхнікум. Набыць тут сярэдне-спецыяльную адукацыю марыў хлопец ужо з другога класа. Ён, як і бацька Іван Антонавіч, хацеў працаваць толькі на чыгунцы. Падабаліся цягнікі, прывабліваў стук колаў, быў у захапленні ад формы праваднікоў. Пасля службы ў радах СА вярнуўся на малую радзіму. 23 ліпеня 1984г. уладкаваўся на працу брыгадзірам на прыпыначным пункце “Мельнікі”. У снежні 1999 г. пайшоў на павышэнне. Як добрасумленнага працаўніка яго назначылі дарожным майстрам. Дарэчы, у Леаніда Галюка ў працоўнай кніжцы зроблены толькі адзін запіс аб прыёме на работу.
— Нават калі б можна было вярнуць час назад,-пераканаўча кажа мой суразмоўца, — усё роўна стаў бы чыгуначнікам. Адназначна.
Бліцпытанні. Застаць Леаніда Іванавіча ў яго службовым кабінеце аказалася праблематычным.
— Праца ў нас і сапраўды не кабінетная, — заўважае дарожны майстар. — “Гаспадарка” вялікая. Мы абслугоўваем 30 км чыгуначных шляхоў ад дзяржаўнай мяжы з Украінаю да станцыі “Закруцін”, 17 стрэлачных пераводаў у Маларыце, 4 – у Хаціславе… У штаце дзесятага акалодка дыстанцыйнага пуці №6 налічваецца 20 чалавек (тры рабочыя аддзяленні).
— Асноўнае ў вашай працы – гэта…
— Утрыманне ўсіх элементаў пуці ў стане, які робіць бяспечным, планавым і бесперабойным рух цягнікоў з  хуткасцямі, што ўстаноўлены; своечасовае выкананне папераджальных работ  і  прадухіленне прычын, што выклікаюць няспраўнасці пуці, землянога палатна; захаванне бяспечнага руху цягнікоў і транспартных сродкаў на пераездах; устаноўка пуцявых, сігнальных знакаў і догляд за імі… Але ўсё ж такі галоўны наш абавязак – захаванне бяспекі руху цягнікоў і перавозкі пасажыраў і грузаў. Адказнасць сур’ёзная, бо гэта ў першую чаргу жыццё людзей. Мы імкнемся выяўляць недахопы і хутка іх ліквідаваць. Пратэр­міна­ваныя дэфекты не павінны быць. Цягнікі рухаюцца ж па графіку і чакаць не будуць нас. Для іх галоўнае – якасны шлях у любы час. У нас строгі за гэтым кантроль. Акрамя таго, кожны кіламетр чыгункі абавязкова правяраем раз на тыдзень, згодна з зацверджаным графікам. Гэта працаёмкая работа. А яшчэ 2 разы на месяц ездзіць вагонашляхавымяральнік. Першы раз як рабочы (знаходзяцца і ліквідуюцца недахопы), другі раз як кантрольны (правяраецца якасць зробленага). Асабліва хочацца адзначыць манцёраў пуці Мікалая Струнца, Пятра Галавія, Юрыя Ханчука, брыгадзіраў Васіля Галавія, Юрыя Гадакчана, Валянціна Шышука і іншых. Усе стараюцца, бо ад нама­ганняў кожнага залежыць канчатковы вынік. Зараз нашых 30 км чыгункі знаходзяц­ца ў добрым і выдатным стане, да здавальняючага імкнемся не апускацца.
— Колькі ў суткі праз станцыю “Маларыта” праходзіць цягнікоў?
— На сённяшні дзень – 18: 9 цягнікоў – у адным накірунку і 9 – у другім. З пачатку 2010г. назіраецца павелічэнне грузанапружанасці рухомага саставу. І гэта добры знак.
— Леанід Іванавіч, нягле­дзячы на жорсткі самакантроль, напэўна, бываюць з праверкамі і рэвізоры з Брэста?
— Вядома ж. Лічу, што гэта нармальны працэс, таму што чыгунка – важны стратэгічны аб’ект на дадзены момант па многіх паказчыках. Для лёгкага і бяспечнага руху цягніка неабходна дакладнасць да міліметра. Таму стану чыгункі надаецца пільная ўвага на ўсіх узроўнях. Два разы на год, вясною і восенню, адбываецца квартальны агляд шляхоў, будынкаў, іншых збудаванняў пад кіраўніцтвам Анатоля Сівака, начальніка Беларускай чыгункі, ці яго намеснікаў. Дрэнна і абы-як працаваць мы проста не можам. Імідж не дазваляе.
— А якія рамонтныя работы плануюцца ў бліжэйшы час?
— Хутка пачнецца рэканструкцыя пераезду на 447-м км (канец вул. Леніна-пачатак вул.Кобрынская). Тут будзем замяняць пакрыццё на гумавае. На другім пераездзе (канец вул. Чырвонаармейскай – пачатак вул. Энгельса) заменім плітку.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Леанід Галюк, дарожны майстар, за працай.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


https://tmtravel.com.ua

avtomaticheskij-poliv.kiev.ua/

наркологический центр киев