Пакаранне для выхавання

На сумесным пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх і каардынацыйнага савета па выкананні Дэкрэта Прэзідэнта РБ № 18 былі разгледжаны пытанні выканання мерапрыемстваў планаў абароны правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх, якія маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне, разгледжаны справы аб адміністрацыйнай адказнасці непаўналетніх, а таксама абмеркаваны ход рэалізацыі пастаноў раённага каардынацыйнага савета па выкананні Дэкрэта Прэзідэнта РБ “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у неспрыяльных сем’ях”.
Як і на кожным з пасяджэнняў камісіі, гора-бацькам давялося трымаць адказ за абыякаваць да лёсу сваіх дзяцей, падлеткам, якія спатыкнуліся і ўчынілі правапарушэнні, – за свае неналежныя паводзіны.

 Пракаціўся…на шэсць мільёнаў
…Школьнік ішоў са школы са сваім аднакласнікам. Не спадабалася яму нешта ў размове, і ён стукнуў сябра нагою. Можна было б спісаць усё на дзіцячыя гульні, калі б не траўма, якую ад удару берцам (такі ваенізаваны від абутку, на жаль, становіцца ў дзяцей усё больш папулярным) атрымаў пацярпелы.
…Юнак не стрымаў свае эмоцыі ў грамадскім месцы, гэта не спадабалася другому маладому чалавеку і, у рэшце рэшт, завязалася бойка.
…Дзяўчына-падлетак уцякае з дому, месяцамі не наведвае школу, а бацькі разводзяць рукамі: маўляў, што мы можам зрабіць, калі яна нікога не слухае.
У кожнай сітуацыі трэба было разабрацца, прыняць рашэнне. А таму камісія, перш чым выносіць пакаранне, уважліва слухала і саміх школьнікаў, і іх бацькоў, і настаўнікаў. Некалькі пратаколаў, якія давялося разглядаць членам камісіі па справах непаўналетніх, датычыліся кіравання падлеткамі транспартнымі сродкамі без дакументаў, якія б дазвалялі гэта рабіць.
У свае 17 гадоў Канстанцін не меў яшчэ права сядаць за руль матацыкла. Але юнака гэта мала хвалявала. Маючы правы вадзіцеля, у якіх не была адкрыта адпаведная катэгорыя на права кіравання матацыклам, ён вырашыў да сваёй дзяўчыны ездзіць “з ветрыкам” на дзядзькавым матацыкле. Калі першы раз яго затрымалі супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі без пасведчання, страхоўкі транспартнага сродку, дакумента аб праходжанні тэхагляду, юнаку давялося заплаціць штраф. Але мінімальныя сумы апошняга не прымусілі яго больш задумацца. І ён зноў сеў за руль матацыкла. Чарговае затрыманне прадугледжвала больш значныя меры пакарання. За тыя ж парушэнні, паколькі яны былі ўчынены юнаком двойчы на працягу года, штраф, які, між іншым, налічваўся па найменшай шкале, склаў 42 (!) базавыя велічыні. Вось такой дарагой аказалася паездка. Хацелася б, каб такі прыклад стаў урокам для іншых. Перш чым сядаць непаўналетняму за руль транспартнага сродку, трэба адкрыць Правілы дарожнага руху, а яшчэ ўзяць калькулятар і падлічыць суму штрафу. Тады, магчыма, адпадзе жаданне пакатацца.
Калі б задумваліся бацькі 16-гадовага Івана пра тое, што давяраць кіраванне транспартным сродкам непаўналетняму сыну – гэта парушэнне, за якое прадугледжана пакаранне, напэўна, не пасадзіў бы бацька сына за руль аўтамабіля. Пад наглядам хлопец праехаў сотню метраў і быў спынены супрацоўнікамі ДАІ. Дзяржаўтаінспектары растлумачылі бацьку, што праводзіць такія “ўрокі” ваджэння недапушчальна, а каб сказанае запомнілася, вадзіцель, які даверыў руль непаўналетняму, заплаціў немалы штраф. Яшчэ пяць базавых велічынь па рашэнні камісіі давядзецца заплаціць непаўналетняму сыну, які хоць і мае вадзіцельскае пасведчанне, але не дасягнуў яшчэ ўзросту, што дазваляе рэалізоўваць сваё права на кіраванне аўтамабілем.
Між іншым, пратаколы, якія складаюцца на падлеткаў, што сядаюць за руль матацыклаў, аўтамабіляў, даводзіцца разглядаць камісіі па справах непаўналетніх часта. І тут не самае галоўнае – пакараць. Вядома, хлопцы з малых гадоў цягнуцца да тэхнікі. Але падобныя паездкі – рызыка для жыцця падлетка. Гэта трэба памятаць у першую чаргу дарослым, бо нярэдка менавіта з іх маўклівага дазволу ўчыняецца правапарушэнне, якое можа прывесці да бяды.

Не жадаеш выхоўваць — працуй і плаці
Ход рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта РБ № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у неспрыяльных сем’ях” знаходзіцца пад пастаянным кантролем раённага каардынацыйнага савета. На чарговым пасяджэнні абмяркоўвалася праводзімая ў раёне работа з абавязанымі асобамі. Былі заслуханы інфармацыі раённага аддзела ўнутраных спраў, раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі.
48 грамадзян, якія не выконвалі належным чынам свае абавязкі па выхаванні дзяцей, цяпер вяртаюць дзяржаве грошы за тое, што іх дзеці былі перададзены на выхаванне ў інтэрнаты, апякунскія ці прыёмныя сем’і. Працэс спагнання сродкаў, як адзначалася ў выступленнях, ідзе марудна. Вернута толькі 49% неабходных грошай. Вядома, у многім тут віна саміх абавязаных асоб, многія з якіх па-ранейшаму дапускаюць прагулы ( у 2014 годзе іх было 662, што, праўда, на 207 прагулаў менш, чым у папярэднім годзе). Але ёсць і аб’ектыўная прычына нізкага працэнту вяртання грошай. Некалькі разоў на працягу года значна павялічвалася сума расходаў на ўтрыманне дзяцей, а заработная плата заставалася амаль на тым жа ўзроўні. У выніку толькі ў 13 абавязаных асоб з 30, якія працуюць, заработная плата дазваляе пагасіць доўг у поўным памеры. 17 абавязаным, каб цалкам разлічвацца з дзяржавай, трэба зарабляць ад 2,5 да 7,1 мільёна рублёў. Каб павялічыць сумы выплат, прымаюцца меры па павелічэнні заработнай платы. Сярод іх і звышурочныя работы, і павелічэнне аб’ёмаў яе. Увага надаецца і адпрацоўцы прагулаў. Высокі працэнт адпрацоўкі ў КУШВП ЖКГ “Маларыцкая ЖКГ” (68%), райспажыўтаварыстве (100%), СВК “Чарняны” (77%). Нізкі — у СВК “Рыта”, “Гвозніца”, “Дарапеевічы”, “Арэхава” і інш.
Работа з абавязанымі асобамі, як адзначаў, гаворачы пра дзейнасць ідэалагічных работнікаў на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна, Сяргей Строк, — гэта сацыяльная нагрузка. Працаваць з такімі людзьмі няпроста. Але ж мы павінны дапамагаць ім заняць правільную жыццёвыю пазіцыю.
Ішла размова на пасяджэнні ў цэлым аб той сітуацыі, якая назіраецца ў раёне ў плане сямейнага дабрабыту. Становішча 95 дзяцей, якія выхоўваюцца ў 42 сем’ях, як гучала ў інфармацыі, з якой выступіла спецыяліст сектара аховы дзяцінства аддзела адукацыі, спорту і турызму Лідзія Пішчык, прызнана сацыяльна-небяспечным. За 11 месяцаў 9 дзяцей былі прызнаны тымі, каму патрэбна дзяржаўная абарона. 21 дзіця выхоўваецца ў апякунскіх сем’ях, 22 – у прыёмных, 5 – у доме сямейнага тыпу. Дзякуючы агульным намаганням розных службаў, удалося вярнуць у біялагічную сям’ю чацвярых дзяцей.
На пасяджэнні каардынацыйнага савета былі абмеркаваны планы далейшай работы па рэалізацыі Дэкрэта № 18. Упор рабіўся на неабходнасць супрацоўніцтва ўсіх зацікаўленых структур і яшчэ больш актыўную работу з абавязанымі асобамі і сем’ямі, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час пасяджэн­ня камісіі па справах непаўна­летніх.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 21.01.2015 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


profvest.com/

www.tsoydesign.com.ua

продвижение сайта по ключевым словам