“Вялікі перапынак” для тых, хто любіць казку

…Заслона адкрываецца, і пачынаецца казачнае дзейства. Гледачы-школьнікі захоплена глядзяць на сцэну і не пазнаюць сваіх равеснікаў, якія на час спектакля пераўвасабляюцца ў сваіх герояў. А калі артысты выходзяць на апошні паклон, іх чакаюць дружныя апладысменты. Свайму поспеху рады дзеці, але яшчэ больш радуецца душа ў іх кіраўніка – Зоі Іванаўны Ляшчынскай. Дваццаць гадоў яна працуе з хлопчыкамі і дзяўчынкамі, вучыць іх з малых гадоў любіць і разумець тэатральнае мастацтва. Праз яе калектыў “Вялікі перапынак” прайшло шмат пакаленняў дзяцей. Не, яна не рыхтуе сапраўдных артыстаў, нават не нацэльвае нікога на выбар прафесіі, звязанай з мастацтвам. Яна проста вучыць дзяцей валодаць сабой перад аўдыторыяй, дапамагае выпрацаваць акцёрскую смеласць, што дазваляе дзіцяці раскрыцца, быць заўважаным іншымі.
Калектыў “Вялікі перапынак” складаецца з пяці асобных груп, дзяцей розных узростаў. Самыя малодшыя прывыкаюць да сцэны, а старэйшыя складаюць тэатр гульні і ўмела наладжваюць кантакт з гледачом.
— У калектыў можа прыйсці любое дзіця, незалежна, ёсць у яго здольнасці ці няма. Галоўнае, каб яго цікавіла тэатральнае мастацтва, — заўважае Зоя Іванаўна.
Пры наборы дзяцей, расказвае яна, ніколі не праводзіўся спецыяльны конкурс для выяўлення талентаў. Бо любое дзіця можна задзейнічаць, падабраць яму сваю ролю і яно не застанецца ў цяньку. Не раз пасля спектакля бацькі здзіўляліся: і падумаць не маглі, што іх сціплае, ціхае дзіця можа так іграць на сцэне. А тыя дзеці, якія наведваюць заняткі шмат гадоў, у большасці з’яўляюцца нязменнымі вядучымі школьных мерапрыемстваў, бо яны ўмеюць трымацца на сцэне, смела выконваюць любыя ролі.
Кожны год, працуючы са сваімі юнымі артыстамі ў пяці групах, Зоя Іванаўна разам з дзецьмі рыхтуе пяць асобных пастановак. А кожны новы спектакль – гэта работа над сцэнарыем, які трэба падабраць пад кожнае дзіця, пашыў касцюмаў, стварэнне дэкарацый, год шліфоўкі роляў, надакучлівыя рэпетыцыі. Не кожнае дзіця вытрымлівае такое. На тых, хто стамляецца і прызнаецца, што больш не хоча наведваць заняткі, кіраўнік не злуецца. Зоя Іванаўна разумее, што тэатральнае мастацтва не можа падабацца кожнаму. Падтрымлівае яна і тых дзяцей, хто не спыняецца толькі на адным тэатральным гуртку, а займаецца яшчэ танцамі, музыкай. Гэта дапамагае развіццю дзіцяці, у выніку на сцэне яно адчувае сябе яшчэ лепш.
І на сцэне Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, і на раённай сцэне калектыў “Вялікі перапынак” выступае нярэдка. Дзецям і дарослым добра знаёмыя пастаноўкі “У школу зайчыкі спяшаліся”, “У краіне нявывучаных урокаў”, “Прыгоды Нязнайкі і яго сяброў у зялёным горадзе”. Юныя артысты з “Вялікага перапынку” былі ўдзельнікамі і дыпламантамі конкурсу “Тэатральны прыстанак”. Абласное журы калектыў зацікавіў нестандартным накірункам – тэатрам гульні.
Кожная пастаноўка “Вялікага перапынку” цікавая і відовішчная. І ўсё таму, што ў Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі працуе калектыў, які ўяўляе сабой творчую майстэрню. Да кожнай казкі рыхтуюцца свае дэкарацыі, шыюцца касцюмы. Адчуўшы атмасферу згуртаванасці, стараюцца і дзеці. У выніку выступленні калектыву ўспрымаюцца на “ўра”. А гэта надае яшчэ большае жаданне ствараць.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: Зоя Ляшчынская разам з юнымі тэатраламі пасля выступлення.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 21.01.2015 г.

Добавить комментарий


unc-mps.com.ua

www.best-cooler.reviews/icemule-coolers-best-coolers-for-best-trips/
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!