Каб вера ў цуды не знікала

Студзень, па традыцыі, месяц навагодніх цудаў. Менавіта так і назвалі сваю дабрачынную акцыю, якая пачалася 25 снежня мінулага года і фінішавала 15 студзеня гэтага года, у тэрытарыяльным Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Святочныя сустрэчы, арганізаваныя спецыялістамі Цэнтра з удзелам прадстаўнікоў мясцовай улады, прайшлі ў Олтушскім, Макранскім, Лукаўскім, Чарнянскім, Велікарыцкім і Хаціслаўскім сельскіх Саветах. Дзеці-сіроты і тыя, хто застаўся без апекі бацькоў, хлопчыкі і дзяўчынкі з мнагадзетных, няпоўных і малазабяспечаных сем’яў сустрэліся з галоўнымі навагоднімі персанажамі і з іх рук атрымалі салодкія падарункі, якія дапамаглі сабраць чулыя і шчодрыя спонсары – Віктар Андарак (ПГУП “АВТОнаВЕК”), Наталля Жамойціна (ПГУП “Камфорт і Ко”), Васіль Карабейка (ПГУП “БелВАЛА”, Сяргей Антонаў (ПГУП “Смакландыя”, а таксама індывідуальныя прадпрымальнікі Юрый Сядун (г.Брэст), Васіль Марчук, Віктар Мыслік. Прыемнымі навагоднімі і каляднымі цудамі былі гэтыя падарункі для 80 хлопчыкаў і дзяўчынак.
Апошнім акордам акцыі стала свята, якое было арганізавана тэрытарыяльным цэнтрам сумесна з праваслаўным сястрынствам Свята-Мікалаеўскай царквы. Сёстры міласэрнасці распавялі хлопчыкам і дзяўчынкам аб тым, адкуль пайшло свята Раства Хрыстова. Цікавую інфармацыю пра навагоднія і калядныя традыцыі падрыхтавалі для дзяцей спецыялісты аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі. А юнакі і дзяўчаты з аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў правялі цікавую забаўляльную праграму. І зноў жа свята не абышлося без падарункаў.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час фінальнай сустрэчы акцыі “Навагоднія цуды”.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 24.01.2015 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!