У Маларыцкім лясгасе новы дырэктар: Аляксандр Зялёнка

Анкета «ГЧ»
Прафесійны багаж.
Аляксандр Уладзіміравіч нарадзіўся ў в.Шлях-Пушча Бярозаўскага раёна. Сярэднюю адукацыю набыў у Боркаўскай СШ. Адначасова вучыўся ў Беларускай малой лясной завочнай акадэміі. Пасля яе заканчэння атрымаў дыплом з рэкамендацыяй для далейшага набыцця адукацыі па лясных спецыяльнасцях. У 1986г. паступіў у Беларускі тэхналагічны інстытут імя С.Кірава. Аднак вучоба была перарвана службай у радах Савецкай Арміі. У 1993 г. закончыў ВНУ па спецыяльнасці «Лясная і садова-паркавая гаспадарка» з прысваеннем кваліфікацыі «Інжынер лясной гаспадаркі». На першае месца працы паехаў у Кобрынскі лясгас майстрам лесу. Затым Аляксандр Зялёнка быў назначаны на пасаду начальніка цэха дрэваапрацоўкі, а затым — інжынера па лесанарыхтоўках і перапрацоўцы драўніны. З 2003 г. Аляксандр Уладзіміравіч працуе ў Маларыцкім лясгасе. Спачатку на пасадзе галоўнага інжынера, у 2008-2009 гадах – на пасадах начальніка вытворчасці ТАА «Дызайн», галоўнага механіка. З 2012 года да назначэння на пасаду дырэктара быў галоўным інжынерам у Маларыцкім лясгасе.

Галоўныя якасці любога кіраўніка.
— У адносінах з людзьмі для мяне галоўны прынцып – заставацца чалавекам у любых абставінах, — кажа Аляксандр Зялёнка. — У людзях цаню прыстойнасць, адказнасць за даручаную справу, уменне трымаць сваё слова. Што да калектыву, то неабходна паважаць кожнага, хто працуе ў ім. Усе разам мы — адна каманда аднадумцаў, у якой заўсёды адзін аднаму прыйдзем на дапамогу, падтрымаем. Павінна быць каманда, на якую можна спадзявацца ў любой справе, у любой сітуацыі. Гэта ў многім вызначае паспяховую і выніковую работу ўсяго прадпрыемства.

Думкі пасля паўтара месяца работы на новай пасадзе.
— Ганаруся, што даверылі кіраваць Маларыцкім лясгасам, — гаворыць Аляксандр Зялёнка. — Таму адчуваю адказнасць за кожнага, хто працуе тут. Думаю над тым, як павялічыць работнікам заработную плату, частку сродкаў накіраваць на будаўніцтва, рамонт і абнаўленне некаторых аб’ектаў, наогул, на павышэнне эфектыўнасці работы. Яшчэ адзін клопат — паляўнічая гаспадарка. Адна з асноўных задач тут — ахова і павелічэнне пагалоўя дзікіх жывёл.
Дырэктар лясгаса адзна­чыў, што ён зацікаўлены ў набыцці новай тэхнікі. Яна не толькі садзейнічае павышэнню прадукцыйнасці і эфектыўнасці працы, але і паляпшае яе ўмовы. Зусім не дробязным з’яўляецца і наяўнасць адпаведных сродкаў аховы і спец­адзен­ня.
— Пад пастаяннай увагай – лесааднаўленне, ахова ляснога фонду. Лес трэба берагчы, даглядаць, любіць, ахоўваць ад пажараў і хвароб, аднаўляць, каб плошчы не змяншаліся, са­чыць за парадкам і чыс­цінёй, клапаціц­ца пра лясных звяроў і птушак, арганізоўваць па­ляўнічую гаспа­дарку, — кажа Аляксандр Зялёнка. — Усё разам пералічанае і ёсць тое, што таксама знаходзіцца ў цэнтры маёй увагі.
Хочацца яшчэ дадаць, што прадпрыемства вялікае, калектыў згуртаваны, мае свае традыцыі, звычаі. Гэта неабходна захаваць. У лясгасе праводзіцца шмат мерапрыемстваў, якія збліжаюць, аб’ядноўваюць людзей. Гэты накірунак дзейнасці будзе і надалей развівацца. Хочацца адзначыць, што ў нас стабільныя кадры.
Прадпрыемства жыве сённяшнім днём, плануе працу на будучае і ў сваім імкненні да прагрэсу базуецца на вечным, лясным «падмурку». Мы штодзень ствараем будучыню. Усведамленне таго, што плён нашых рук калісьці парадуе нашчадкаў, натхняе на прадуктыўную працу.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Аляксандр Зялёнка, дырэктар Маларыцкага лясгаса.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 24.01.2015 г.

Добавить комментарий


https://monaliza.kiev.ua

delvac 5w-40

Авана 100
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!