Жыццё як імгненне

У дзень свайго 90-годдзя Георгій Мацвеевіч Саўчук гасцей у сваім доме не чакаў. Сціплы вясковец, інвалід Вялікай Айчыннай вайны, быў уражаны, што пра яго памятаюць не толькі самыя блізкія людзі – дзеці і ўнукі, але і прадстаўнікі сацыяльнай службы, раённага савета ветэранаў, мясцовай улады. Ён шчыра дзякаваў за віншаванні, прасіў прабачэння, што не можа, як гэта прынята ў гасціннай хаце, добра сустрэць гасцей. Страціўшы з-за цяжкай хваробы нагу, цяпер Георгій Мацвеевіч амаль што прыкаваны да ложка. Яму, рупліваму чалавеку, жыццё якога прайшло ў напружаным рэчышчы калгаснай працы, гаспадару, які прывык працаваць на зямлі, трымаць сваю гаспадарку, самастойна спраўляцца з хатнімі справамі, з якімі звыкся за 14 гадоў жыцця ўдаўцом, няпроста было змірыцца з непрывычным жыццём, абмежаваным ложкам. Але тое, што нельга змяніць, трэба ўмець прыняць. І Георгій Мацвеевіч, спакойны, разважлівы па характары і вельмі моцны духам чалавек, прыстасаваўся да новых умоў. Цяпер яго галоўныя суразмоўцы тэлевізар да радыё. У хаце цёпленька ад напаленай печы, пад рукою ёсць усё неабходнае. Аб гэтым паклапаціліся дзеці: сын, які жыве, як і бацька, у Хаціславе, і дзве дачкі: адна прыязджае з Брэста, другая — з Маларыты. Увогуле Георгія Мацвеевіча ёсць каму наведаць. У яго сямёра ўнукаў і ўжо 6 праўнукаў.
Хоць дзевяць дзясяткаў жыцця мінулі быццам адно імгненне і, як прызнаецца Георгій Мацвеевіч, многае з задуманага зрабіць яшчэ не паспеў, але яму ёсць што ўспомніць. Самае незабыўнае звязана з вайной. У дзеючую армію яго прызвалі ў жніўні 1944 года. Гэта цяпер мы ведаем, што да канца вайны заставалася ўсяго восем месяцаў. А ў той час, хоць усе спадзяваліся на перамогу, але, калі гэты шчаслівы момант будзе і ці давядзецца яго дачакацца, не ведаў ніхто. Калі б не сапраўднае цуда, не вярнуўся б з фронту дамоў і Георгій Мацвеевіч. У адным з баёў у Польшчы дагнала маладога байца кулямётная чарга. Але выратаваў яго аўтамат, у які трапіла большасць куль. З раненнем доўгі час прабыў юнак у шпіталі. Так вайна пакінула яму назаўжды пра сябе напамін.
Ягорка (так называюць Георгія Саўчука аднавяскоўцы) ніколі не быў раўнадушны да агульнай справы, усё жыццё сумленна працаваў у мясцовай гаспадарцы. Яго ў вёсцы Хаціслаў ведаюць, як добразычлівага, разважлівага, гаспадарлівага, дасціпнага чалавека, які заўжды ўмеў і з жартам сказаць, і ў той жа час ведаў цану свайму слову. А такіх людзей, простых, з генам працавітасці і неабыякавасці, не забываюць і паважаюць.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: загадчыца аддзела інфармацыі, аналізу і прагназавання тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Алена Ківачук і старшыня Хаціслаўскага сельвыканкама Уладзімір Смаль віншуюць Георгія Саўчука з 90-годдзем.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 28.01.2015 г.

Добавить комментарий


http://www.profvest.com

https://steroid-pharm.com

profvest.com/
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!