Споўнілася 450 гадоў з часу першага ўпамінання вёскі Лукава ў пісьмовых крыніцах

Ля Лукаўскага возера, якое мае ледавіковае паходжанне, яшчэ з глыбокай старажытнасці сяліліся і жылі людзі. Назва вёскі, верагодна, паходзіць ад формы возера, якое мае выгіб, луку. Археолаг Уладзімір Ісаенка ў 1964 годзе адкрыў і даследаваў на паўднёвым беразе возера каля мыса, дзе знаходзяцца старыя вясковыя могілкі, месца пасялення, якое адносіцца да позняга неаліту і датуецца трэцім тысячагоддзем да нашай эры. Там былі зной­дзены крамянёвыя прылады працы і рэшткі ляпнога глінянага посуду. Гэтыя знаходкі захоўваюцца ў інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук. У 80-я гады мінулага стагоддзя на гэтым месцы ўстаноўлены археалагічны знак.
У наваколлі Лукава мясцовыя жыхары і сёння пры правядзенні сельскагаспадарчых работ знаходзяць старажытныя каменныя прылады працы. Некаторыя з іх папоўнілі экспазіцыю школьнага музея. Цікава, што дзве крамянёвыя сякеры з гэтай калекцыі былі знойдзены восенню 2008 года, калі вяскоўцы капалі бульбу ў полі, прычым адлегласць паміж знаходкамі не перавышала 200 метраў. Гэта дае падставу сцвярджаць, што ў старажытнасці ў нашай мясцовасці людзі актыўна займаліся гаспадарчай дзейнасцю.
Паводле пісьмовых крыніц сяло Лукае Ляхаўскага войтаўства Палескай воласці Берасцейскага староства Вялікага Княства Літоўскага ўпершыню ўпамінаецца ў акце замены фальваркаў у 1564 г. У 1566 г. у сяле было 23 двары, у якіх пражывалі 53 сям’і. Паводле рэвізіі Берасцейскай эканоміі 1668 г. сяло мела 25 валок зямлі, у тым ліку дзве належалі ўніяцкай царкве, налічвала 22 аселыя гаспадаркі. У 1682 годзе яно знаходзілася ў складзе Рудскага войтаўства Палескага ключа (воласці) і складала ўжо 33 аселыя гаспадаркі. Лукава (Лукае, Лукі) упамінаецца ў дакументах і інвентарах 1717, 1724, 1742, 1786 гг. у апісанні “грунтаў” у 1792 г. Звесткі аб населеным пункце ёсць і ў іншых пісьмовых крыніцах.
Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 г.) — у складзе Расійскай імперыі. 20.11.1795 г. расійская імператрыца Кацярына ІІ падарыла сяло (256 душ мужчынскага і 244 жаночага полу) статс-даме графіні Скаўронскай. У той час сяло ўваходзіла ў Брэсцкі павет Слонімскай, з 1797 г. Літоўскай, а з 1801 г. – Гродзенскай губерніі (Велікарыцкая воласць). У 1860-я гады адносілася да казённага маёнтка Руда, 336 рэвізскіх (мужчынскіх) душ. Акрамя сельскай гаспадаркі, значная частка сялян займалася рыбным промыслам.
У 1874 г. у сяле было адкрыта народнае вучылішча (пачатковая школа). Такім чынам, 2014 г. з’яўляецца юбілейным і для Лукаўскай школы – 140 гадоў.
6 мая 1875 г. у другой палове дня ў выніку вялікага пажару згарэлі 47 сялянскіх двароў з усёй маёмасцю і жывёлай, царкоўныя пабудовы і будынак народнага вучылішча (гэта практычна ўсё сяло). Таксама ў час пажару згарэў 4-гадовы хлопчык, а дзве жанчыны атрымалі цяжкія апёкі. Матэрыяльны ўрон склаў 14 тысяч 834 рублі. Пра гэтую трагедыю стала вядома з рапарту Брэсцкага павятовага спраўніка гродзенскаму губернатару ад 11 мая 1875 г., які захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным архіве (Гродна).
У рапарце ад 18 снежня 1890 г. Брэсцкі павятовы спраўнік дакладваў гродзенскаму губернатару, што за нявыплату сялянамі вёскі Лукава нядоімкі выкупных плацяжоў за зямлю ў суме 778 рублёў 46 капеек Вялікарыцкім валасным праўленнем было прынята рашэнне апісаць і прымусова адабраць у кошт нядоімкі хатнюю жывёлу, якая належала сялянам. У гэты дзень павятовы спраўнік з міравым пасрэднікам, прадстаўнікамі валаснога праўлення і некалькімі паліцэйскімі прыехалі ў Лукава. Жывёла была адабрана ў 12 жыхароў, але калі яе праганялі, у канцы вёскі жывёлу адбілі сяляне. У рапарце паведамляецца, што селянін Іван Марук збіў з ног соцкага з Велікарыты Восіпа Свіцюка.
У 1905 г. у Лукаве налічвалася 108 двароў з насельніцтвам 829 чалавек.
У 1921-1939 гг. Лукава ў складзе Велікарыцкай гміны Брэсцкага павета Палескага ваяводства Польшчы. У 1921 г. налічвалася 93 двары, 489 жыхароў. Дзейнічалі польская аднакласная школа, пажарная вахта. У 1935 г. быў пабудаваны новы будынак школы з кватэрай для настаўніка.
З верасня 1939 г. вёска (912 жыхароў) у складзе БССР. 12.10.1940 г. – цэнтр Лукаўскага сельсавета, працавала пачатковая школа.
У гады Вялікай Айчыннай вайны ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі загінула 26 лукаўцаў, а яшчэ 15 чалавек сталі ахвярамі фашысцкага тэрору. У кабінеце гісторыі і школьным музеі прадстаўлена шмат матэрыялаў на тэму Вялікай Айчыннай вайны: сабраны і сістэматызаваны звесткі па ўсіх удзельніках вайны з Лукаўскага сельсавета (іх было 115), дакументы (чырвонаармейскія кніжкі, ваенныя білеты, пасведчанні інвалідаў і ўдзельнікаў ВАВ, даведкі аб раненнях, пасведчанні на баявыя ўзнагароды, падзякі за вызваленне або ўзяцце асобных гарадоў), пісьмы з фронту. Асобнай экспазіцыяй прадстаўлены 12 падзяк удзельніку вайны Васілю Іванавічу Стасюку.
Закончылася вайна, пачалося мірнае жыццё.
У 1949 г. у Лукаве быў створаны калгас “Чырвоны партызан”, якому, дарэчы, летась споўнілася 65 гадоў. У наступным годзе з’явіліся калгасы ў іншых вёсках сельсавета: Высокае (калгас імя Горкага), Грушка (калгас імя Будзённага), Забалацце (калгас імя Свярдлова), якія ў 1951 годзе ўвайшлі ў аб’яднаны калгас “Чырвоны партызан”. Старшынёй яго стаў Іван Мікітавіч Круглік. Пасля старшынямі калгаса былі Фелікс Адамавіч Садоўскі (1954-1958 г.г.), Мікалай Міхайлавіч Белякоў (1958-1979 гг.), Іван Сцяпанавіч Міхальчук (1979-1980 гг.), Мікалай Фёдаравіч Бардыга (1980-1982 гг.), Валерый Сцяпанавіч Бялкоў (1982-1997 гг.). Са студзеня 1997 г. на пасадзе старшыні калгаса, а цяпер СВК, — Сяргей Яфімавіч Сцепанюк. Між іншым, 14 ліпеня 1957 года ў вёсцы Лукава адбыўся першы з’езд калгаснікаў раёна.
У сярэдзіне 1950-ых гадоў цэнтр вёскі ўпрыгожыў новы вялікі будынак сельскага клуба. У ім размяшчаліся бібліятэка з прасторнай чытальнай залай, праўленне калгаса “Чырвоны партызан”. З гэтага часу ў Лукава нярэдка прыязджалі з канцэртамі дзеячы культуры: пісьменнікі, артысты, творчыя калектывы. Так, у лютым 1958 г. на сустрэчу з жыхарамі вёскі прыехалі беларускія пісьменнікі Сяр­гей Грахоўскі, Сцяпан Май­хровіч, Мікалай Вішнеўскі, Аляксандр Авечкін. А ў жніўні 1967 г. Лукава наведала вядомая кінаактрыса Нона Мардзюкова.
Але неяк ноччу ў лютым 1969 года ў час пажару будынак сельскага клуба поўнасцю згарэў, і культурнае жыццё ў вёсцы часова заціхла.
Актывізацыя культурнай дзейнасці пачалася ў 1987 г., калі ў Лукаве было праведзена першае свята вёскі, у якім прынялі ўдзел жыхары ўсіх шасці вёсак сельсавета. Кожны населены пункт падрыхтаваў выставы народнай творчасці, кулінарнага мастацтва. Быў праведзены конкурс фальклорных калектываў, падрыхтавана вялікая праграма мастацкай самадзейнасці і спартыўных мерапрыемстваў. З гэтага часу святы вёскі праводзяцца кожны год.
Пасля рэканструкцыі будынка былога кафэ ў 2008 г. у поўнай меры аднавіў сваю дзейнасць сельскі Дом культуры.
Пасля вайны зноў стала працаваць пачатковая школа. Але заняткі праводзіліся ў прыстасаваным памяшканні, таму што незадоўга да вызвалення ад фашысцкай акупацыі будынак былой польскай школы быў спалены. У пачатку 1950 г. школа ператворана ў сямігодку. Дырэктарам быў назначаны Леанід Мяфодзьевіч Крышпіновіч. У 1954 го­дзе яго змяняе Еўдакія Фёдараўна Кузьмянкова. Першы выпуск сямігодкі адбыўся ў 1955 г. З 1957 г. дырэктар школы — Генадзь Яфімавіч Казлоў. Затым школа стала васьмігадовай. Заняткі па прычыне недахопу памяшканняў для класаў праводзіліся ў дзве змены.
У 1961 г. у Лукаве ўзведзены новы цагляны будынак школы. З 1966 г. яна становіцца сярэдняй. Першы яе выпуск адбыўся ў 1968 годзе. З 1972 па 1985 гг. дырэктарам школы працаваў Барыс Конанавіч Краўчук. Затым дырэктарамі былі Надзея Міхайлаўна Кужко (1986 г.) і Сямён Сямёнавіч Кар­дзялюк (1986-1997 гг.). Са жніўня 1997 г. на пасадзе дырэктара Лукаўскай сярэдняй школы — Тамара Мікалаеўна Сцепанюк. З 2008 г. школа размяшчаецца ў новым прыгожым будынку, вучэбныя кабінеты ў якім аснашчаны новай мэбляй і сучасным вучэбным абсталяваннем. Ёсць цудоўныя спартыўная і актавая залы, сталовая.
Лукава сёння – аграгарадок, які адпавядае асноўным патрабаванням да такога тыпу населеных пунктаў. Сучасная школа, дзіцячы сад, Дом культуры, урачэбная амбулаторыя, іншыя аб’екты сацыяльнай сферы, прыродны газ, водаправод, асфальтаваныя вуліцы — усё гэта створана для таго, каб у вяскоўцаў былі годныя ўмовы жыцця і працы. Па стану на 11 снежня 2014 г. у аграгарадку налічваецца 271 гаспадарка, дзе пражывае 691 чалавек.
Хочацца пазнаёміць чытачоў яшчэ з адным цікавым фактам. Напэўна, мала хто ведае, што пасля вайны Лукава некалькі разоў наведаў праслаўлены военачальнік Маршал Савецкага Саюза Канстанцін Канстанцінавіч Ракасоўскі. Аказваецца, ён быў яшчэ і заўзятым рыбаком. А прыязджаў ён да жыхара Лукава Іосіфа Зосімавіча Максімука, з якім быў добра знаёмы. Не раз разам з імі ездзіў на рыбалку і Антон Мікалаевіч Сцепанюк.
Мікалай БАЛІЦЭВІЧ, настаўнік гісторыі Лукаўскай сярэдняй школы.

Опубликовано в «ГЧ» 28.01.2015 г. 

Добавить комментарий


avto-poliv.com.ua

www.profvest.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!