Работнікі сацыяльнай службы раёна падвялі вынікі работы за 2014 год

— Задачы, якія стаяць перад намі, вельмі трапна сфармуляваў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, які падкрэсліў, што самае важнае – гэта клопат аб людзях і справядлівасць, — адзначыла, пачынаючы сваю справаздачу, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Федчык.
За 2014 год ў межах кампетэнцыі работнікі ўпраўлення праводзілі кантроль за захаваннем заканадаўства аб аплаце працы. Сярэднямесячная заработная плата за мінулы год склала 4505,9 тыс. рублёў. У параўнанні з 2013 годам яна павялічылася на 21,8%. Прагнозныя паказчыкі ў цэлым па раёне выкананы на 101,4%. Але сярэдняя заработная плата застаецца адной з самых нізкіх у вобласці.
Значная ўвага ў выступ­ленні была нададзена заключэнню калектыўных дагавораў. Прыводзіліся станоўчыя прыклады таго, як дзейнічаюць на справе асноўныя палажэнні “сацыяльнага пакета” ў такіх арганізацыях, як Маларыцкі кансервавагароднінасу­шыльны камбінат, райспа­жыўтаварыства, ДзЛГУ “Маларыцкі лясгас”, КУШВП ЖКГ “Маларыцкая ЖКГ”, РММ, у аддзеле адукацыі, спорту і турызму і Маларыцкай ЦРБ. Спецыялісты ўпраўлення, падкрэслівала Ірына Федчык, праводзяць пастаянны аналіз выканання палажэнняў пагадненняў і калектыўных дагавораў. У полі зроку ўпраўлення знаходзіцца і пытанне прымянення кантрактнай формы найму. Па кантракту на 1 студзеня г.г. у раёне працуе 2331 работнік арганізацый камунальнай ўласнасці. Перавалодваюць кантракты тэрмінам дзеяння 3-5 гадоў. Пры заключэнні кантрактаў з работнікамі прадугле­джаны меры матэрыяльнага стымулявання. Але апошнія, як канстатавалася ў выступленні, прымяняюцца не ў поўным аб’ёме. Так, магчымасць скарыстацца дадатковым заахвочвальным водпускам працягласцю 5 дзён з захаваннем заработнай платы ёсць толькі ў 32% работнікаў з агульнай колькасці тых, хто працуе па кантрактах.
Упраўленне праводзі­ла работу па выкананні мерапрыемстваў праграм дэмаграфічнай бяспекі, штоквартальна вёўся мані­торынг асноўных дэма­графічных паказчыкаў. Ва ўзаемадзеянні з кіраў­нікамі арганізацый і прад­прыемстваў арганізоўвалася работа па папярэджанні вытворчага траўматызму і гібелі людзей на вытворчасці. Праводзіўся штогадовы агляд-конкурс на лепшую арганізацыю работы па ахове працы, пераможцай якога стаў філіял КУП “Брэст­аблдарбуд” Маларыцкае ДРБУ-179. На мерапрыемствы па тэхнічнаму пераабсталяванню і мадэрнізацыі вытворчасці выкарыстана 17 млрд. 643 млн. рублёў, на паляпшэнне ўмоў працы работнікаў, зніжэнне шкодных фактараў – 4 млрд. 547 млн. рублёў. Работа, што праводзілася, дазволіла выключыць выпадкі смяротнага траўміравання работнікаў. Усяго за 2014 год ў раёне зарэгістравана 7 няшчасных выпадкаў на вытворчасці (за аналагічны перыяд 2013 года – 6).
Былі акрэслены ў справа­здачы і пытанні пенсійнага забеспячэння. У лютым, жніўні і лістападзе 2014 года, як напомніла Ірына Мікалаеўна, праводзіліся пераразлікі працоўных пенсій, чатыры разы былі зроблены пераразлікі мінімальных працоўных і сацыяльных пенсій, надбавак, павышэння і даплаты да пенсій ў сувязі з павелічэннем бюджэту пражытачнага мінімуму. Гэта немалы аб’ём работы, улічваючы, што на ўліку знаходзіцца 7255 атрымальнікаў пенсій і 322 атрымальнікі дапамог. У 2014 годзе было назначана 419 пенсій, з іх 312 – па ўзросту.
Аб тым, як праводзілася ў раёне работа па адраснай сацыяльнай падтрымцы малазабяспечаных грамадзян, распавяла, дапоўніўшы справаздачу, начальнік аддзела адраснай дапамогі, быту і сям’і Наталля Іолап. На пытаннях занятасці насельніцтва спынілася начальнік аддзела занятасці Таццяна Хатынюк. Са справаздачай на выніковым сходзе выступіў і дырэктар тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Мікалай Мішчанка. У цэнтры ўвагі спецыялістаў сацыяльнай службы 21 катэгорыя грамадзян. Сацыяльным абслугоўваннем было ахоплена 59 населеных пунктаў. Інфармацыю дапоўнілі, спыніўшыся падрабязна на рабоце аддзялення сацыяльнага абслугоўвання дома і аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў, Людміла Алесік і Ала Родзіна.
Аб супрацоўніцтве ў рабоце з ветэранамі вайны і працы распавёў старшыня раённага савета ветэранаў Уладзімір Бойка. На агульнай рабоце ў захаванні бяспекі пажылых грамадзян спыніліся ў сваіх выступленнях началь­нік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Мікалай Дубач і першы намеснік начальніка раённага аддзела ўнутраных спраў Эдуард Паўлаў.
Удзел у выніковым сходзе прынялі намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Шпетны і прадстаўнік Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Святлана Бароўская. Яны выканалі прыемную місію ўзнагароджання лепшых работнікаў сацыяльнай службы раёна. Ганаровая грамата Камітэта была ўручана загадчыцы аддзялення сацыяльнага абслугоўвання дома Людміле Алесік, Падзяку атрымала галоўны спецыяліст аддзела занятасці Марына Кот. Граматай выканаўчага камітэта ўзнагароджана начальнік аддзела адраснай дапамогі, быту і сям’і Наталля Іолап, Пісьмо падзякі атрымала загадчыца аддзялення прыёму інфармацыі, аналізу і прагназавання Алена Ківачук, Падзякай ад раённага Савета дэпутатаў была заахвочана начальнік аддзела занятасці Таццяна Хатынюк. Заслужаныя ўзнагароды атрымалі і многія іншыя спецыялісты і сацыяльныя работнікі.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: граматы атрымліваюць лепшыя работнікі сацыяльнай службы.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 4.02.2015 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!