Свае людзі. Сірыец

Бацька Карыма вельмі хацеў, каб ён паехаў вучыцца ў Беларусь. Бо шмат ведаў пра нашу краіну ад свайго сябра, які набываў прафесію інжынера-аўтамеханіка ў Наваполацку. Праўда, калі Карым закончыў 12 класаў, бацькі ўжо не было, памёр, але гэта не азначала, што сваё далейшае жыццё ён можа планаваць, як хоча. На сямейным савеце было вырашана, што Карым не можа не выканаць жаданне бацькі. Так малады сірыец аказваецца ў беларускім Наваполацку, затым – у Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі на падрыхтоўчым факультэце, дзе вывучаў рускую мову.
Авалодванне замежнай мовай Карыму давалася лёгка. Праз паўгода ён мог амаль на роўных зносіцца са сваімі рускамоўнымі сябрамі. Поспехі былі настолькі відавочныя, што Карыма залічылі ў лік лепшых студэнтаў. І разам з іншымі таленавітымі маладымі людзьмі ён быў запрошаны на сустрэчу з беларускім Прэзідэнтам. Але, на жаль, сустрэча не адбылася, бо ў той дзень якраз здарылася трагедыя ў Мінскім метро.
Вучыўся ў акадэміі Карым з задавальненнем, тым больш, што на эканамічным факультэце па спецыяльнасці сусветная эканоміка і міжнародныя эканамічныя адносіны, якую выбраў малады сірыец, выкладаліся цікавыя прадметы. У вольны час Карым стараўся знаёміцца з нашай краінай. З кожным днём, з пазнаннем нечага новага Беларусь прываблівала іншаземца ўсё больш і больш, і ўсё больш і больш ён не чуў душы ў нашых беларусах.
— Я ніколі ў адносінах да сябе з боку беларусаў не адчуваў грэблівасці, — прызнаецца Карым, — ніхто ніколі мяне як іншаземца не ўшчамляў у маіх правах. Я адчуваў сябе на чужыне, як дома.
Правучыўшыся 4,5 года, Карым бярэ невялікі акадэ­мічны водпуск і едзе ў Сірыю. Не, ён не засумаваў па сваёй радзіме, па родных. Яму зноў захацелася параіцца з імі наконт будучага: вучыцца далей, ці вярнуцца дамоў (пасля заканчэння падрыхтоўчага факультэта ён меў дыплом, які даваў права выкладаць рускую мову ў сябе ў Сірыі). І зноў на сямейным савеце прымаецца рашэнне, што Карым павінен закончыць вучобу ў акадэміі і паступаць у аспірантуру.
— Акадэмію я закончыў, — расказвае Карым, — а вось у аспірантуру не паступіў. Абставіны складваліся інакш.
У той жа акадэміі, на тым жа факультэце па той жа спецыяльнасці і на тым жа чацвёртым курсе ў той жа групе, дзе працягваў вучобу Карым, вучылася яна, маларытчанка Святлана. І хоць у іх групе палова студэнтаў былі дзяўчаты, найбольш сімпатый Карым аддаваў менавіта ёй, Святлане. Яны сталі добрымі сябрамі.
— І доўга чакала Святлана Вашай прапановы рукі і сэрца?
— Два гады мы сябравалі. Разумелі, што спадарожніка жыцця выбіраеш не на адзін дзень, а навекі. І толькі сэрца можа падказаць, шчырыя твае пачуцці ці не, — расказваў Карым. – Святлана паехала па размеркаванні працаваць у свой Маларыцкі раён, а я застаўся ў Горках. Вельмі сумаваў без яе, хаця мы зносіліся кожны дзень. Маёй душы не хапала добрай, шчырай, чулай і светлай Святланінай душы. Неяк сабраўся і паехаў у Маларыту рабіць прапанову.
— А не баяліся, што бацькі не дадуць Святлане благаславенне, Вы ж – мусульманін, яна – праваслаўная, вы – сірыец, яна – беларуска?
— Я чамусьці быў упэўнены, што гэта не стане пера­шкодай для таго, каб мы са Святланай былі разам. І я не памыліўся. Яе бацькі сустрэлі і прынялі мяне так, як свайго сына. Мне яны вельмі і вельмі спадабаліся.
— А Вашы родныя не былі супраць такога шлюбу?
— Мама сказала: “Гэта твой выбар, і я не магу пярэчыць”. 7 гадоў таму назад мы ездзілі ў Сірыю. Былі там роўна месяц, і за гэты час у нашай сям’і палюбілі Святлану, як родную дачку.
— А вяселле дзе гуля­лі?
— У Маларыце. Дарэчы, на нашым вяселлі было шмат маіх сяброў-іншаземцаў, а таксама шэйх Салах. Ён прыязджаў, каб благаславіць мяне як мусульманіна на шлюб.
— Карым, 16 гадоў Вы жывяце ў Беларусі, да клімату нашага ўжо, напэўна, прызвычаіліся?
— Спачатку з уздрыгам чакаў кожную зіму, вельмі баяўся снегу, маразоў, часта хварэў. Цяпер усё нармальна, амаль не хварэю.
— Кухня наша беларуская Вам падабаецца?
— Яна ў вас багатая, каларыйная, але вельмі аднастайная, таму надта адрозніваецца ад нашай. Я не ўжываю свініну, але мне вельмі падабаюцца вашы першыя стравы: супы, баршчы, люблю вашы грыбы, рыбу, што водзіцца ў вадаёмах, сажалках, азёрах, хаця сам не рыбак. Па маёй просьбе Святлана нярэдка гатуе кебаб – гэта наш сірыйскі шашлык з фаршу, запечаны на шампурах, плоў з ялавічыны.
— А самі ўмеце гатаваць?
— Іншы раз, пад настрой.
— Чаму Карым аддае перавагу ў вольны час?
— Яго не надта шмат, асабліва летам, восенню, вясною, бо маем свой дом, участак, абслугоўванне якога мой мужчынскі абавязак. З задавальненнем дапамагаю Святланіным бацькам упраўляцца на дачы. Да ўсяго 2 гады таму назад адкрыў свой уласны магазін па продажу мэблі. Ну, а ў вольны час люблю пагля­дзець наш сірыйскі фільм ці серыял, паслухаць навіны, цікава ўсё ж, што адбываецца на радзіме.
— Наш горад невялікі, тут большасць ведаюць адзін аднаго, усё пра адзін аднаго. Упэўнена, што да Вашай персоны нашы людзі праяўляюць павышаны інтарэс: вы ж не карэнны жыхар, а іншаземец. І, напэўна, не раз лавілі на сабе дапытлівы позірк незнаёмых вам прахожых. У гэтым плане дыскамфорту не адчуваеце?
— У самым пачатку нешта такое было. Але ў Маларыце мы жывем 10 гадоў, таму я прывык ужо. Хаця і цяпер кожнаму, нават калі мяне і не ведае, хочацца як з іншаземцам павітацца са мной і абавязкова паціснуць руку, аб нечым спытаць.
— Карым, двое Вашых сыноў носяць імёны Аўрам і Мірам. У гонар каго Вы іх так назвалі?
— Калі выбіралі імёны сваім дзецям, мы са Святланай шукалі кампраміс, каб ніхто ні на каго не крыўдаваў. Імя Аўрам ёсць у праваслаўным календары, у нас гэта Ібрагім. Так звалі майго бацьку. Мірам – сугучна з вашым Міронам.
— Чым Вам сімпатычная наша рэспубліка?
— Беларусь вельмі прывабная краіна. У кожным, нават невялікім рэгіёне знойдзецца 2-3 азярцы, дзе можна адпачыць. Мне даводзілася бываць у Расіі, мае сябры жывуць у заходніх краінах. Шмат расказваюць пра іх, у тым ліку і негатыўнага. Параўноўваючы жыццё ў гэтых краінах з жыццём у Беларусі, спыняешся на думцы, што вашу краіну нельга прамяняць ні на якія іншыя. У ёй камфортна кожнаму, у тым ліку і іншаземцу. Яшчэ вельмі прыемна, што ваш прэзідэнт удзя­ляе так шмат увагі вёскам, малым рэгіёнам. Тут ёсць усё для годнага жыцця. Быў прыемна здзіўлены, што многія сацыяльна-значныя паслугі, многія даброты дзяржава прадастаўляе грамадзянам бясплатна, да прыкладу, медыцынскае абслугоўванне і інш. Ніхто не перашка­джае тут і ў арганізацыі сваёй справы, развіцці бізнесу. У Беларусі можна спакойна жыць, атрымліваць асалоду ад прыгажосці прыроды, багацця лясных дароў, гасціннасці, дабрадушнасці, чуласці вашых людзей. Скажу шчыра: цяпер для мяне Беларусь стала раднейшай, чым Сірыя.
— Што здзівіла і здзіў­ляе Вас у нашай рэчаіс­насці?
— Што ў вас вельмі жывучая традыцыя адзначаць любую значную ці не зусім падзею, любое свята абавязкова са спіртным. У нас так не прынята. Некалькі здзівіла, што ў вас людзі старэйшага пакалення не заўсёды знаходзяць агульную мову з маладымі. У нас шанаваць старэйшых, дапамагаць ім, быць уважлівымі і чулымі ў адносінах да іх – закон. Ніхто ніколі не мае права адмовіць старэйшым у іх просьбе.
НА ЗДЫМКУ: сям’я Святланы і Карыма КХАЛІЛ.
Фота Надзеі ЯЦУРА.

Опубликовано в «ГЧ» 4.02.2015 г.

Добавить комментарий


chemtest.com.ua/

shtory.ua

http://medicaments-24.net
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!