Ардэнаносны інжынер

Ён у 15 гадоў закончыў сярэднюю школу, у няпоўныя 20 – узяў шлюб з каханай дзяўчынай, а ў 30 – атрымаў сваю першую высокую дзяржаўную ўзнагароду

Адбылася гэтая значная падзея ў жыцці Уладзіміра Кашко ў 1971 годзе. Тады праца тагачаснага галоўнага інжынера калгаса “Запаветы Леніна” была адзначана ордэнам “Знак Пашаны”. Дагэтуль, праўда, яго ўжо двойчы (у 1960 і 1968 гадах) уганароўвалі Граматай Вярхоўнага Савета БССР і Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. А яшчэ ў скарбонцы спецыяліста на той час быў юбілейны медаль “За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У.І.Леніна”.
Вядома ж, гэтыя ўзнагароды таксама важныя, ды толькі ордэны ўручаюць за асобыя заслугі перад Айчынай. А яны ў 70-я гады мінулага стагоддзя былі як у калгаса, так і ў яго працаўнікоў. У тым ліку і ў кіраўнікоў вытворчых падраздзяленняў. Бо менавіта дзякуючы новым тэхналогіям, якія па прапановах галоўнага інжынера і галоўнага агранома ўкараняліся ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі, гаспадарка змагла атрымліваць важкія ўраджаі сельгаскультур і высокія надоі малака. Больш таго, калгас “Запаветы Леніна” тады з’яўляўся для многіх яшчэ і школай перадавога вопыту, пераймаць які ехалі з усіх куткоў Беларусі.
Хоць, як прызнаўся падчас нядаўняй сустрэчы Уладзімір Аляксеевіч, тэхналогіі гэтыя за мяжой, ды і ў перадавых сельгас­прадпрыемствах нашай краіны тады ўжо і не былі такімі новымі. І асабіста ён нічога новага не прыдумваў. Проста, нешта ўбачыў у перадачы”Сельский час”, якая ў нядзелю трансліравалася па ўсесаюзным тэлебачанні, нешта прачытаў у спецыялізаваных часопісах. А пасля, хоць, магчыма, і прымітыўным спосабам, спрабаваў гэта ўкараніць у калгасе, каб аблегчыць нялёгкую працу земляробаў, зрабіць яе высокапрадукцыйнай. Добра, што і кіраўнік гаспадаркі быў не супраць новаўвядзенняў і заўсёды ішоў насустрач калгасным умельцам і рацыяналізатарам.
Менавіта пасля таго, як Уладзімір Кашко ўбачыў работу тэхнікі на вялікіх плошчах (у калгасе такія з’явіліся пасля праведзенай меліярацыі), па яго ініцыятыве ў гаспадарцы была зроблена і апрабавана ў рабоце счэпка з трох сеялак. Вынік пераўзышоў усе чаканні: адзін механізатар за дзень выконваў такі аб’ём работ, як раней тры – засяваў да 50 гектараў плошчы. Пасля паспяховых выпрабаванняў такія счэпкі былі зроблены для ўсіх трох брыгад і даволі эфектыўна выкарыстоўваліся. Гэтак жа працавалі і з каткамі. Пазней ужо на заводах сталі вырабляць шыроказахопныя глебаапрацоўчыя агрэгаты. А тады ў калгасе “Запаветы Леніна” працавалі счэпкі, зробленыя па прапанове Уладзіміра Кашко. Гэтае новаўвядзенне дазволіла мясцовым земляробам хутка і якасна выконваць увесь цыкл палявых работ, што ў сваю чаргу адразу павялічыла ўрадлівасць раллі…
Размаўляючы з Уладзімірам Аляксеевічам пра яго карані, работу ў калгасе “Запаветы Леніна” і пра сённяшні дзень, лаўлю сябе на думцы, што ўсё ў яго жыцці адбывалася не як у большасці лю­дзей, а значна раней. І народная мудрасць: “Малады, ды ранні” — пра яго. Наконт дня нара­джэння гаварыць не буду. А вось у школу Валодзя Кашко з вёскі Заполле, што на Пружаншчыне, пайшоў не ў 7 гадоў, а ў 5. Акурат пасля вызвалення Брэстчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Ну не мог ён заставацца дома, калі яго сябры, дзеці ваеннай пары, часам намнога старэйшыя, селі за школьныя парты. Яны ж і гадаваліся разам, і гулялі. Значыць, і ў школу павінны ісці разам, меркаваў малы.
Хлапчуку, які так хацеў вучыцца, у Запольскай пачатковай школе пайшлі насустрач. Праўда, з умовай: калі першакласнік не будзе паспяваць за іншымі дзецьмі ў асваенні школьнай праграмы, яго адлічаць. Не адлічылі, бо вучыўся Валодзя нават лепш, чым яго старэйшыя сябры.
Сярэднюю адукацыю хлопец атрымаў у школе ў Ружанах. І ў 15 гадоў паступіў у Жыровіцкі тэхнікум механізацыі сельскай гаспадаркі суседняй Гродзеншчыны. А ў 18 гадоў Уладзімір Кашко ўжо стаў дыпламаваным механікам і па размеркаванні быў накіраваны на работу ў Брэсцкую вобласць.
У абласным упраўленні сельскай гаспадаркі маладым спецыялістам (разам з ім на Брэстчыну прыехалі яшчэ два выпускнікі тэхнікума) прапанавалі працу ў Маларыце і Давыд-Гарадку, што на Століншчыне. Калі ўбачыў на карце, дзе знаходзяцца гэтыя гарады, і як да іх можна дабрацца, выбар быў адназначны: Маларыта — і да бацькоў бліжэй, і транспартныя зносіны тут лепшыя. Так 17 сакавіка 1959 года Уладзімір Кашко прыехаў у Хаціслаў.
Што запомнілася з той далёкай пары? Шлях у невядомую дагэтуль вёску. Дарогі ў прывычным разуменні да Хаціслава тады яшчэ не было, таму дабірацца да месца пры­значэння маладому спецыялісту давялося ляснымі сцяжынамі ў карчах і калдобінах. Сумна выглядалі і вуліцы населенага пункта, па якіх не тое што праехаць, прайсці без гумовых ботаў часам было немагчыма. Не лепшымі былі і першыя ўражанні ад знаёмства з калгасам. Матэрыяльна-тэхнічнай базы ніякай, за выключэннем кузні, 6 трактароў: 5 МТЗ-2 і МТЗ-5 без кабіны, 1 гусенічнага ДТ-54 ды 6 бартавых аўтамабіляў ГАЗ-51, якія “кватаравалі” на падворках вяскоўцаў, дзе і рамантаваліся. Ды і жылля маладому спецыялісту гаспадарка не магла выдзеліць – сам старшыня туліўся на здымнай кватэры.
— Не захацелася збегчы ад убачанага? — цікаўлюся ва Уладзіміра Аляксеевіча.
— Мае бацькі Аляксей Ільіч і Вера Рыгораўна – патомныя сяляне. Самі з маленства звыклыя да працы, гэтаму ж вучылі і нас з братам і сястрой. Таму калі я адпраўляўся ў калгас “Запаветы Леніна”, яны настаўлялі мяне на працу. Як бы цяжка ні было. І я не мог іх падвесці, — адказвае былы галоўны інжынер.
І Уладзімір не падвёў сваіх бацькоў. З юначым запалам брыгадзір трактарнай брыгады (менавіта на такую пасаду першапачаткова быў прызначаны выпускнік тэхнікума) прыняўся за работу. Круціўся, як вавёрка ў коле. То ў поле да трактароў ехаў, каб пракантраляваць работу механізатараў, то па запчасткі на базу, якія ў той час былі вялікай праблемай для гаспадаркі, то ў Маларыту ў сельгастэхніку, каб зварыць паламаную дэталь, бо свайго зварачнага апарата ў калгасе не было. І паўсюль неабходна было знайсці падыход да тых, з кім даводзілася працаваць, каб цябе паслухалі, выручылі і дапамаглі. А што рабіць, калі ў калгасе ніякай рамонтнай базы? Калі ж здаралася вялікая паломка, то “лятучку” са зваркай з сельгастэхнікі выклікалі непасрэдна ў гаспадарку.
Крыху лягчэй стала, калі побач з кузняй пабудавалі старую майстэрню, дзе можна было не толькі рамантаваць тэхніку ў цяпле (тут устанавілі кацёл для абагрэву памяшкання), але і памыцца ў душы пасля работы, а яшчэ разжыліся такарным станком: за ім Уладзімір Кашко ездзіў на завод аж на Чарнігаўшчыну. Але аўчынка варта была вырабу, бо, дзякуючы набытаму абсталяванню, многія дэталі да сельгасмашын выраблялі ўжо ўласнымі сіламі, а палепшаныя ўмовы працы дазволілі павысіць яе прадукцыйнасць. І хоць тэхнікі для выканання палявых работ катастрафічна не хапала, механізатары калгаса “Запаветы Леніна” заўжды ўкладваліся ў аптымальныя тэрміны правя­дзення асноўных сельгаскампаній. А ўсё таму, што працавалі трактарысты ў дзве змены: суткі адзін, суткі другі. А ў час перазменкі абавязкова праводзілі тэхдогляд трактароў. Без гэтага выезд у поле не дазваляўся. Вядома, што такая дзвюхзменка была парушэннем працоўнага заканадаўства, ды толькі ніхто на гэта тады не звяртаў увагі.
Адначасова з развіццём гаспадаркі адбываліся змяненні і ў жыцці маладога спецыяліста. Асабліва багатым на прыемныя падзеі выдаўся 1960 год. Па-першае, яго прынялі кандыдатам у члены КПСС, што па тым часе было ганарова. А па-другое, і гэта, бадай, самая галоўная і шчаслівая падзея ў жыцці Уладзіміра Кашко: ён пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай. Дзяўчына з прыгожым імем Таццяна прыехала ў Хаціслаў у госці і адразу ж пакарыла сэрца хлопца. І ён, доўга не думаючы, прапанаваў нядаўняй дзесяцікласніцы з Віцебшчыны свае руку і сэрца. А паколькі пачуццё, як высветлілася, было ўзаемным, дык у тым жа 60 годзе маладыя, якім не было яшчэ і па 20, узялі шлюб. І, што важна, ніколі аб гэтым не пашкадавалі. Яны нібыта дапоўнілі адзін аднаго. Жылі і жывуць душа ў душу. Працавалі ў калгасе, хоць жонка ў хуткім часе пасля вяселля і прапанавала яму пераехаць на Віцебшчыну, ён не пагадзіўся, выхоўвалі дваіх сыноў, побач з домам, дзе кватаравалі, будавалі ўласны. Таццяна, каб не адставаць ад мужа, завочна закончыла Столінскі сельскагаспадарчы тэхнікум і да выхаду на пенсію працавала ў калгасе інспектарам па кадрах. А Уладзімір, хоць і меў у той час сярэднеспецыяльную адукацыю (астатнія спецыялісты былі практыкамі), у 1962 годзе без адрыву ад вытворчасці паступіў у Беларускі інстытут механізацыі. Закончыў яго адначасова з завяршэннем будаўніцтва ўласнага дома і стаў сапраўдным высакакласным інжынерам.
Што гэта не проста словы, паказаў час. Акрамя счэпкі сеяльных агрэгатаў і каткоў з падачы Уладзіміра Кашко шасцірадковая бульбасаджалка на 2 апорных колах была пераабсталявана на 4 колы. Гэта адчувальна палепшыла яе праходнасць на нізкіх участках. Варта сказаць, што мадэрнізацыя тады вялася не толькі ў падначаленай галоўнаму інжынеру галіне. Навінкі навукі і тэхнікі ўкараняліся ў жывёлагадоўлі, на збожжатаку.
— Работа інжынера мне заўсёды падабалася, — гаворыць Уладзімір Аляксеевіч, які ўжо сёмы год на заслужаным адпачынку. – І не толькі таму, што бачыў яе плады. Праца была творчая. І гэта, бадай, галоўнае. Кожны спецыяліст мог раскрыцца, самазацвердзіцца. Кожны быў гаспадаром у сваёй галіне і спаўна адказваў за яе работу.
У бытнасць Уладзіміра Кашко галоўным інжы­нерам у калгасе была таксама ўкаранёна сістэма тэхабслугоўвання сельгасмашын, якая функцыянуе ў гаспадарцы і сёння. Тэхдогляд трактароў па графіку майстрамі-наладчыкамі не дазваляе “дабіваць” іх да ручкі і працягвае ім жыццё і тэрмін эксплуатацыі. Тады ж было створана бюро па рацыяналізацыі, куды з рацпрапановамі прыходзілі як спецыялісты, так і радавыя працаўнікі. За ўкаранёныя ідэі рацыяналізатары атрымлівалі грашовыя прэміі.
У той жа час не без удзелу Уладзіміра Кашко на базе калгаса “Запаветы Леніна” быў створаны і некалькі гадоў функцыянаваў філіял Маларыцкага СПТВ-11, дзе вяскоўцы набывалі прафесію механізатара. Тэарэтычныя заняткі праходзілі пасля заканчэння працоўнага дня ў вучэбным класе, які быў абсталяваны ў адміністрацыйным будынку гаспадаркі, а практычныя — на мехдвары. Неабходнай літаратурай і плакатамі філіял забяспечвала вучылішча, ну а ў ролі выкладчыкаў выступалі старшыня калгаса, галоўны аграном і, вядома ж, галоўны інжынер. Такім чынам гаспадарка не толькі забяспечыла сябе кадрамі механізатараў, але каля 100 чалавек мела яшчэ і ў рэзерве…
Другую высокую дзяржаўную ўзнагароду — ордэн “Працоўнага Чырвонага Сцяга” галоўны інжынер калгаса “Запаветы Леніна” атрымаў у 1975 годзе. А ў 1978-м, ужо “тытулаваным” спецыялістам, узначаліў калгас “Новы шлях”. І хто ведае, калі б не сямейныя абставіны (сыны Уладзімір і Аляксандр тады наадрэз адмовіліся пераязджаць з Хаціслава ў Ляхаўцы, і ў 1982 годзе колішні першы сакратар РК КПБ Лявонцій Іўчын даў “дабро”, каб Уладзімір Кашко вярнуўся назад у калгас “Запаветы Леніна”), магчыма, і лёс калгаса “Новы шлях” быў бы не такі сумны…
Надзея ЯЦУРА.
НА ЗДЫМКУ: Уладзімір КАШКО: “Я адчуваў гонар за тое, што ў дасягненнях гаспадаркі ёсць і мая праца…”
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 4.02.2015 г.

Добавить комментарий


читайте здесь teplostar.kiev.ua

link best-cooler.reviews

Наш классный веб портал на тематику ковер из вискозы www.kover-samolet.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!